Нявестка с пасагам... Кахальным

ГЭТАЙ гісторыі ўжо шмат год. Яе мне расказалі мае аднагодкі, унукі Ганны Уладзіміраўны і Вацлава Іванавіча, якія жывуць у Гродзенскім раёне. А я слухала — і нават не верылася, што каханне можа быць настолькі моцным, каб перамагчы столькі перашкод...

Бацькі Ганны паставілі ўмову: хай бярэ дачку ў жонкі, калі не — за краты.

ГЭТАЙ гісторыі ўжо шмат год. Яе мне расказалі мае аднагодкі, унукі Ганны Уладзіміраўны і Вацлава Іванавіча, якія жывуць у Гродзенскім раёне. А я слухала — і нават не верылася, што каханне можа быць настолькі моцным, каб перамагчы столькі перашкод...

Ганна расла ў небагатай сям’і. Апроч яе бацькі паднялі на ногі яшчэ чатырох дзяцей. Гаспадарка зусім невялікая, малы кавалачак зямлі. Як жа тут выйсці на капейку? Перабіваліся з травы на крупу.

Затое сям’ю Вацлава лічылі заможнай. У хлявах — многа скаціны: і каровы, і авечкі, і свінні. Надзел зямлі. Ды і ў начальства ў пашане. Толькі разжывайся!..

Зразумела, бацькі Вацлаву і нявесту шукалі з добрым пасагам. Але так сталася, што закахаўся хлопец у Ганначку, а астатніх дзяўчат як і не бачыў. Што ні казалі бацькі сыну, як ні ўпрошвалі — усё дарэмна. Ужо хацеў браць шлюб з Ганнаю, але без бацькоўскага дазволу жаніцца нават і не думаў — парадкі тады былі такія...

Летняю парою ўся моладзь вёскі хадзіла ў калгас на працу. Ганну запісалі ў брыгаду, а Вацлаў сеў за трактар. Бачылі адзін аднаго кожны дзень, але ад таго толькі суму больш на сэрцы: не быць ім разам, добра ведалі маладыя. Ды ў полі не да размоў — працаваць трэба. Перакінуцца позіркамі — і зноў за работу.

Аднойчы, падчас абедняй спякоты, Ганна вырашыла падысці да Вацлава, запытацца, як справы. Маленькая, як перапёлачка, дзяўчына па жыце падышла да трактара, у якім сядзеў хлопец. Толькі Вацлаў зусім яе не заўважыў і якраз у гэты час пачаў заводзіць сваю машыну... Загуў рухавік, хлопец рушыў уперад... І нават адразу не сцяміў, што яго каханая апынулася пад коламі магутнай машыны.

...Калі ўрач паглядзеў на яе нагу, сказаў, што дапаможа выратавацца ад гангрэны толькі адно: ампутацыя. Нягожа, канешне, дзяўчыне ў шаснаццаць год застацца бязногай, але што зробіш, трэба ратаваць жыццё. Так Ганна стала калекай.

Потым быў суд. Судзіліся не каханы і каханая: яны адзін адному ўсё даравалі, не трымалі крыўды. Судзіліся бацькі. Ганніны маці і бацька паставілі ўмову: няхай бярэ Вацлаў у жонкі іх дачку, тады ніякіх іншых патрабаванняў да яго не будзе. Калі не — за краты.

І Вацлаў з радасцю жаніўся б на Ганначцы, ды зноў тая ж гісторыя: яго сям’я не згаджалася ніяк. “Адседзіць шэсць год у турме, вернецца і зноў добра зажыве, знойдзе сабе спрытную, удалую дзяўчыну! Такога жаніха, як наш сын, яшчэ пашукаць, любая за яго пойдзе,” — кінула яго маці ў твар нялюбай нявестцы.

Доўга дзяўчына плакала. Шкада было Вацлава. Шэсць год за кратамі... Як ён гэта перажыве, як яна гэта перажыве? Але нічога не зробіш, так жыццё пакіравала.

...Не сказаць, што час за кратамі праляцеў для хлопца як адна хвіліна: турэмны хлеб ніколі смачным не бывае. Шмат чаго перажыў Вацлаў, шмат нацярпеўся. Калі ж выйшаў на волю, даведаўся, што і тут, на волі, не лягчэй. Памерлі яго бацькі, адышлі ў той свет адзін за адным. Спачатку тата цяжка захварэў, некалькі месяцаў толькі і ляжаў у ложку, цяжка пакутаваў да самай смерці. А праз паўгода ў маці ад плачу, ад нерваў не вытрымала сэрца. Брат Вацлава ажаніўся, узяў сабе добрую дзяўчыну, ужо гадаваў дзетак. А Ганначка так і была адна... Толькі Вацлаў прыйшоў у вёску, і адразу да сваёй дзяўчыны — сватацца. Прай- шло столькі год, перажылі столькі цяжкасцяў, а ён пра яе так і не забыўся. Адна Ганна перад вачыма ўвесь гэты час была.

А яна адразу нават не паверыла: няўжо сапраўды прыйшоў, няўжо кахаў і дагэтуль кахае? Не паверыла, чакаючы ўсе гады, хоць і думала пра яго дзень у дзень.

...Такі вось лёс напаткаў Ганну Уладзіміраўну і Вацлава Іванавіча. І вяселле ў іх было, і дзеткі нарадзіліся здаровыя, і гаспадаркай сваёй разжыліся. Зараз вясёлыя ўнукі радуюцца за бабулю з дзядулем і расказваюць гэтую цудоўную гісторыю кахання. І спадзяюцца, што іх таксама чакаюць такія моцныя і светлыя пачуцці.

Ольга КОМИНЧ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter