Нямецкія фермеры прыедуць у Глыбокае

РАЗАМ з глыбачанамі святкавала Дзень Перамогі дэлегацыя педагогаў з Германіі, з горада Хільдбургхаўзена (Цюрынгія), якая прыехала па запрашэнні аддзела адукацыі райвыканкама.

Раней нашы педагогі пабывалі ў Германіі. Нямецкія сябры азнаёміліся з памятнымі мясцінамі горада і раёна, усклалі кветкі і вянкі да абеліскаў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны таксама наведалі могілкі суайчыннікаў ля вёскі Харашкі, дзе перазахаваны астанкі салдат вермахта, знойдзеных падчас рэканструкцыі гарадскога стадыёна.

На святочным мітынгу ў Глыбокім выступае намеснік дырэктара прафесійнай гімназіі Хільдбургхаўзена Карын ЗЕГЕР

На святочным мітынгу ў Глыбокім выступае намеснік дырэктара
прафесійнай гімназіі Хільдбургхаўзена Карын ЗЕГЕР

Кіраўнік дэлегацыі Карын Зэгер паведала, што супрацоўнічаць з глыбачанамі ў галіне сельскай гаспадаркі пажадалі нямецкія фермеры. Хутка яны наведаюцца ў Глыбокае на чале са старшынёй кааператыву Міллерам, каб абмяркаваць гэтае пытанне з мясцовай уладай.

А святкаванне Дня Перамогі пачалося 8 мая, калі да помнікаў і абеліскаў у сельскай мясцовасці (а іх больш трох дзясяткаў) былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Асаблівая ўвага — ветэранам. Іх засталося ўсяго 67. Кожнага павіншавалі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, уручылі падарункі.

Увага да ветэранаў —  паўсядзённая. Ні адзін не абыдзены. Так, Васілю Дайлідзёнку з вёскі Гваздова замянілі дах на хаце, Леаніду Новіку з Кухтаў адрамантавалі печы, Генадзю Кузаўкову з Глыбокага падвялі вадаправод. Апошняму ў дом, акрамя таго, будзе пададзены прыродны газ, а Антону Хверанцу з Псуі — вада. Толькі гэта пацягне з бюджэту 130 мільёнаў рублёў. Усім бясплатна або па сімвалічнай цане апрацоўваюць агароды.

Словы падзякі ветэранам за іх актыўную жыццёвую пазіцыю выказаў на мітынгу старшыня райвыканкама Алег Морхат. Ён таксама падзякаваў хлебаробам раёна, якія да 1 мая закончылі сяўбу зерневых, а да 9 — усіх яравых. Падарункам жыхарам горада да свята стала адкрыццё фантана на возеры Кагальнае з начной падсветкай.

Віцебшчыну называюць партызанскім краем. К канцу 1943 года звыш 60 працэнтаў яе тэрыторыі знаходзілася пад кантролем партызанскіх брыгад. На тэрыторыі вобласці знаходзіцца больш за 2,5 тысячы мемарыяльных комплексаў, месц баявой і воінскай славы, захаванняў воінаў і партызан. У гэтыя святочныя дні на кожным з іх аддавалі даніну памяці загінуўшым за Перамогу.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter