Нябесныя караблі

Архітэктура вучыць бачыць і цаніць прыгажосць вакол сябе, а значыць, робіць нас крыху больш шчаслівымі У хуткім часе ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына пачнецца закладка падмурку новага касцёла. Храм вышынёй у два дзевяціпавярховыя дамы ўзніме ў нябёсы свае вострыя шпілі на пагорку, што з’яўляецца адной з самых высокіх кропак сталіцы. Пакуль што вернікі збіраюцца тут у маленькай каплічцы. Але, як плануецца, ужо ў 2011 годзе тут будзе вялікі комплекс з нядзельнай школай і іншымі пабудовамі. Зараз усё гэта ўвасоблена толькі ў эскізах архітэктара Валянціна Катэрлі, зацверджаных прадстаўнікамі каталіцкай епархіі і гарадскімі ўладамі. Беларускі архітэктар з нязвыклым для Беларусі італьянскім прозвішчам Катэрлі праектуе касцёлы. Абрысы не аднаго каталіцкага храма, ужо ўвасобленыя ў камені, некалі намеціў на планшэце яго аловак.

Генуэзскія карані беларускага майстра
Пяць стагоддзяў таму міланская герцагіня Бона Сфорца ў выніку шлюбу з каралём Сігізмундам I стала каралевай Рэчы Паспалітай і княгіняй Вялікага княства Літоўскага. Тады, пад апякунствам каралевы Боны, і пачалося актыўнае распаўсюджванне ў княстве Літоўскім італьянскай навукі, мастацтва і архітэктуры. З тых далёкіх часоў на працягу стагоддзяў італьянскія архітэктары будавалі на беларускіх землях велічныя палацы і храмы, што захапляюць і сёння. Так павялося: імёны дойлідаў рэдка запамінаюць тыя, хто любуецца іх творамі. Але, напэўна, амаль кожнаму ў Беларусі пададуцца хаця б цьмяна, хаця б крыху знаёмымі прозвішча Джавані Марыя Бернардоні, які праектаваў Нясвіжскі палац (удзячныя нашчадкі нават устанавілі помнік італьянскаму дойліду ў парку ля палаца), альбо Джузэпэ Сака і Карла Спампані, па праекце якіх быў пабудаваны палац Храптовічаў на Навагрудчыне...
...Па сямейным паданні, род Катэрлі бярэ пачатак з Генуі. Валянцін Катэрлі працягвае старажытную архітэктурную дынастыю.
— На жаль, ніякіх дакументаў аб гісторыі сям’і ў сямейных архівах не захавалася, — расказвае суразмоўца. — Ведаю толькі, што мае продкі прыехалі некалі на беларускую зямлю па запрашэнні ўлад і што бацька майго дзеда праектаваў і будаваў першыя на Беларусі чыгуначныя пуці... Ёсць людзі, што ўмеюць тонка адчуваць прыгажосць прыроды. А вось у нашай сям’і заўсёды ўмелі бачыць прыгажосць гарадскога пейзажу, гармонію архітэктурнага вобліку, паэзію ў камені. Таму, як расказвала мне мая цётка, прадзед абраў месцам жыхарства Гомель — напэўна, самы прыгожы з беларускіх гарадоў, які зачароўвае і мяне.
Нябесны карабель
Кажуць, шчаслівы чалавек той, хто знайшоў свой лёс. Але часта атрымліваецца наадварот — лёс сам знаходзіць чалавека. Свой лёс Валянцін Катэрлі напаткаў каля двух дзесяцігоддзяў таму. Да таго скончыў акадэмію мастацтваў з дыпломам мастака па інтэр’ерах, займаўся праектаваннем гандлёвых устаноў і аб’ектаў харчавання. У 90-я выконваў вялікі заказ на Гродзеншчыне — афармляў школу, праўленне калгаса, іншыя аб’екты. Там і заўважыў майстра ксёндз з мястэчка Новы Двор. Запрасіў да сябе на гарбату і... прапанаваў зрабіць праект касцёла, што планавалася пабудаваць у Вастрыно.
— Я доўга адмаўляўся, — распавядае архітэктар. — Прызнаюся: спужаўся адказнасці. Касцёл будуецца не на год і не на дзесяцігоддзі — на стагоддзі...
Сёння з-пад алоўка Валянціна Катэрлі выйшлі ўжо дзевяць праектаў храмаў. Большасць — каталіцкія, хоць ёсць і пратэстанцкія. Шэраг з іх ужо знайшлі ўвасабленне ў камені — у тым жа Вастрыно, у Наваельні...
— Храм — гэта зварот дойліда да Бога. Маёй душы ў найбольшай ступені сугучны велічнасць і ўзвышаны воблік гатычнага і нэагатычнага стыляў. Хоць даспадобы мне і барока, і традыцыйны для пратэстанцкіх храмаў мадэрн... Ведаеце, калі святары заказваюць дойліду праект культавай пабудовы, яны ўказваюць, якой павінна быць умяшчальнасць будынка. Ну часам яшчэ вызначаць, у якім архітэктурным стылі ім хацелася б бачыць храм. А далей... Якім будзе касцёл, якой вышыні будуць яго шпілі, які выгляд прыме на гэты раз мой “карабель” (мне падаецца, храм заўсёды падобны да карабля з паднятымі парусамі) —  усё гэта дыктуе навакольны пейзаж і мая фантазія.
Што найбольш складанае ў рабоце дойліда, які будуе храмы?
Калі ў майстра і заказчыка не супадае бачанне пабудовы, упэўнены Валянцін Катэрлі.
— Часцей за ўсё такое непаразуменне — з-за матэрыяльнага пытання. Мне, напрыклад, заўсёды балюча, калі з-за эканоміі прыходзіцца памяншаць, напрыклад, вышыню шпіляў. Зразумела, будаўніцтва касцёла патрабуе вялізных сум. Наш час, на жаль, небагаты на мецэнатаў, што фундуюць касцёлы... Але што было б, калі б некалі вырашылі зэканоміць на саборы Парыжскай Багамацеры або на Кёльнскім касцёле, або на тым жа касцёле ў Гервятах, на мой погляд, самым прыгожым  у Беларусі? Хто быў бы ў пройгрышы? Нашчадкі. Сённяшнія і будучыя пакаленні жыхароў планеты Зямля.
Паэзія ў камені
Касцёл у стылі нэаготыка ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына будзе выглядаць сучасным і ў той жа час вытанчаным, стане сапраўдным упрыгожваннем мікрараёна, упэўнены дойлід. Не так проста ўпісаць будынак касцёла ў воблік сучаснага мікрараёна. Раней жылыя дамы былі прысадзістыя, ціснуліся да зямлі, а касцёл жа вышэй за іх у шмат разоў, нібы імкнуўся ў нябёсы. Сёння з яго вышынёй паспрачаюцца дзесяці-дванаццаці-, а то і шаснаццаціпавярховыя дамы. Але ландшафт пляцоўкі ў Кунцаўшчыне — сапраўдны падарунак архітэктару. Пагорак нібы ўзнімае храм на нябачных далонях. Касцёл будзе бачны здалёк — і з вуліцы Адзінцова, і з магістралі на Ракаў. Да халадоў будаўнікі паспелі толькі выкапаць катлаван пад падмурак. Работы адновяцца з надыходам цяпла.
— Тое, што ў кожнага храма павінен быць уласны, пазнавальны воблік, не трэба нікому даказваць, — гаворыць архітэктар. — Але, лічу, творца павінен закласці непаўторны воблік у кожны свой аб’ект. Іншы раз проста балюча глядзець на пазбаўленыя “твару” і ўсялякай індывідуальнасці будынкі. Вельмі радуе, што сёння вуліцы беларускіх гарадоў ужо не забудоўваюцца такімі дамамі. Мне даспадобы, напрыклад, новы кінатэатр “Беларусь”, што пабудаваны ў Мінску.  Таленавітыя архітэктары прыходзяць у жыллёвае будаўніцтва, у падмурак якога ў апошнія гады па ўсёй краіне закладваюцца эстэтыка і камфорт. Бо родны дом — хіба ж не своеасаблівы храм, дзе жыве любоў, дзе нараджаецца будучыня?..
...Сёння дойлід працуе над новым эскізам. На гэты раз яго “карабель да нябёсаў” прышвартуецца ў старажытным Кобрыне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter