Не верится, что коронавирус забрал талантливого поэта и преподавателя Николая Шабовича

Няўжо настане час?


І хлопчык светла-русы напіша сумны сказ: «Памерлі беларусы…»? Беларусы жывуць, а краіна страціла аўтара гэтых радкоў — паэта і выкладчыка Міколу Шабовіча

Аўтар дзевяці паэтычных зборнікаў і сотні вершаў, выкладчык беларускай мовы ў БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мікола Шабовіч днямі адышоў у іншы свет. Ён часта друкаваўся ў нашым «Беларускім ручніку», і на пачатку лістапада я патэлефанавала, каб парадаваць чарговай публікацыяй (трэба сказаць, ён вельмі цешыўся, калі мы друкавалі ягоныя вершы), і даведалася пра сумную навіну: Мікола Віктаравіч у бальніцы на кіслароднай падтрымцы. Прасіў памаліцца за яго… Так і зрабіла, але да апошняга не верыла, што каронавірус звядзе на той свет аптымістычнага, усмешлівага, таленавітага беларускага паэта.

Любіў Мікола Віктаравіч не толькі студэнтаў, але, такое адчуванне, усіх навокал. «Дарагі дружа Дзіма» — так заўсёды звяртаўся да свайго лепшага сябра, вучня, паэта Дзмітрыя Пятровіча, якога таксама забраў з жыцця каронавірус. «Прывітанне, мамуля!» — штовечар тэлефанаваў матулі ў родную вёску Бадзені, вылучаючы хвілінку нават у самы заняты час (яна таксама памерла). Мікола Віктаравіч горка перажываў страту самых дарагіх людзей. Ён любіў сваю сям'ю, сыноў, быў лепшым у свеце дзедам. Меў многа сяброў сярод пісьменнікаў, кампазітары складалі музыку на яго вершы, у выніку напісана больш за 200 песень. Мікола Віктаравіч і сам, бывала, пісаў музыку на свае вершы альбо рабіў гэта ў суаўтарстве з таварышам Дзмітрыем Пятровічам.

Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Бадзені на Мядзельшчыне ў 1959 годзе ў сялянскай сям'і:

Хто б я быў без цябе, мой бадзенеўскі кут,

Дзе б знайшоў для душы выратоўныя лекі?

Дзякуй Богу, што я нарадзіўся вось тут

І што гэтай зямлі я адданы навекі.

Пасля заканчэння філфака БДПУ выкладаў родную мову і літаратуру ў Шыпкоўскай школе на Вілейшчыне. Атрымаўшы дыплом аспіранта, перайшоў выкладаць у альма-матар. Па сумяшчальніцтве чатыры гады загадваў літаратурна-драматычнай часткай Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне. Да сваёй творчасці быў вельмі патрабавальным, вершы з-пад пяра (адпаведна і кнігі) выходзілі лёгка. Станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх і між­народных прэмій, але не гэта грэла душу, а перш за ўсё грамадзянская адказнасць. Слухайце самі:

А я радзіме верш ці нарадзіў, 

Які б за мной радзіма паўтарыла,

Які б у спёку свежа халадзіў,

А ў сцюжу грэў пяшчотна-цеплакрыла?..

А я радзіме верш ці нарадзіў…

Нарадзілі, Мікола Віктаравіч, і вельмі многа. Шчырых, пранікнёных вершаў, якія абагацяць школьную праграму і дзякуючы якім ніколі светла-русы хлопчык не напіша сумны сказ, а Беларусь не памрэ як нацыя. Іншая справа, што мы страцілі слаўнага чалавека. 

Памятаю, выкладчыку падабалася фраза, якую я недзе вычытала. Калі Бог забірае да сябе лепшых людзей, якія маглі б яшчэ доўга жыць, значыць, яны ўжо заслужылі Царства Нябеснае, ім выслана дарога ў рай. Так што калі на тым свеце ёсць іншае жыццё, то Мікола Шабовіч заслугоўвае найлепшых яго праяў. Пэўна, буду мець рацыю, калі скажу, што ён ніколі нікога не пакрыўдзіў. Ніколі не сварыўся з калегамі па пяры, толькі прысвячаў ім вершы ды сяброўскія пародыі. Не бачыла, каб некалі злаваўся ці лаяўся. Заўсёды толькі ўсміхаўся і падбадзёрваў іншых. Вечная памяць, дарагі Настаўнік. Хай будзе светлай Ваша дарога да зор!

Дарагі Выкладчык, не сумуйце.

На нябёсах нельга сумаваць.

Як заўсёды, лепш тэлефануйце

І спытайце зноўку: «Як чуваць?»

Назавіце маладой сяброўкай,

Вашу ўсмешку чую скрозь сусвет.

Чую па аблоках Вашы крокі,

Кажа Бог, Вы лепшы там Паэт.

Дарагі Выкладчык, не сумуйце.

Будзе тут парадак — на зямлі.

Вы хоць зрэдку мне тэлефануйце,

Раскажыце, чым Вы там жылі?

Ці чыталі на нябёсах вершы?

Ці спявалі слаўны «Табадай»?

Кажа Бог, што Вы Паэт там першы.

Гучным вершам праслаўлялі рай.

Дарагі Выкладчык, не сумуйце...


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter