Няўрымслівы купяціцкі народ

СЯЛО Купяцічы ў Пінскім раёне мае ўзрост куды большы, чым «Белорусская нива». Наша газета распавядала аб ім неаднойчы, у тым ліку і ў сваіх першых нумарах. Сёння Купяцічы — даволі вялікі і сучасны населены пункт. І хоць у ім пакуль няма аграгарадка, тым не менш перамены тут адбываюцца грандыёзныя. Гэта звязана, прынамсі, з тым, што Купяцічы размешчаны ў самым цэнтры ААТ «Пачапава», якое ўваходзіць у склад буйнога аграхолдынга «Мачулішчы».

Вёска Купяцічы на Піншчыне адлічвае дзявятае стагоддзе.

СЯЛО Купяцічы ў Пінскім раёне мае ўзрост куды большы, чым «Белорусская нива». Наша газета распавядала аб ім неаднойчы, у тым ліку і ў сваіх першых нумарах. Сёння Купяцічы — даволі вялікі і сучасны населены пункт. І хоць у ім пакуль няма аграгарадка, тым не менш перамены тут адбываюцца грандыёзныя. Гэта звязана, прынамсі, з тым, што Купяцічы размешчаны ў самым цэнтры ААТ «Пачапава», якое ўваходзіць у склад буйнога аграхолдынга «Мачулішчы».

 Гаспадарка, якой кіруе Юрый Хвасцюк, перажывае другое нараджэнне. Тут рэканструіруюцца і будуюцца новыя малочнатаварныя фермы, закладваецца сад з кропельным арашэннем. Пачаў працаваць дрэваапрацоўчы цэх, які будзе вырабляць тару для прадукцыі садаводаў. Аднаўляецца рыбаводства, дзе асвойваюцца новыя тэхналогіі, будуюцца аб’екты сацыяльнай сферы, у тым ліку сучасны гасцінічны комплекс, развіваецца аграэкатурызм. Турыстам у Купяцічах і сапраўды ёсць што прапанаваць. Само сяло ў царкоўных паданнях упершыню згадваецца ў 1182 годзе — у сувязі з набыццём дзяўчынкай Ганнай цудатворнага крыжа з выявай Багародзіцы, якая стала для праваслаўнага насельніцтва іконай Божай Маці Купяціцкай. Пазней на гэтым месцы пабудавалі Свята-Мікалаеўскую царкву, а ў 20-х гадах ХVІІ стагоддзя пры храме заснавалі Свята-Багародзіцкі манастыр. У 1817 годзе ён быў зачынены, але Цудатворную ікону Купяціцкай Божай Маці яшчэ раней пераправілі ў Сафійскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры. Сёння ў купяціцкай Свята-Мікалаеўскай царкве, пабудаванай у 1894 годзе, знаходзіцца яе копія.

Звязаны гэтыя мясціны і з імем двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, былога старшыні ордэна Леніна калгаса «Аснежыцкі» Уладзіміра Антонавіча Ралько. Купяцічы суседнічаюць з Аснежыцамі, і лад, што панаваў ва ўзорнай на той час гаспадарцы, яны таксама на сабе адчулі.

Увогуле, мясцовы люд вельмі працавіты і няўрымслівы. Тут заўсёды на высокім узроўні было садаводства і развядзенне рыбы, што актыўна развіваюцца і цяпер. Добры штуршок гэтым справам даў былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Дваранінавіч, які, перад тым як пайсці на вышэйшыя пасады, вельмі паспяхова кіраваў мясцовым сельгаспрадпрыемствам «Дружба народов».

Перамены ў Купяцічах працягваюцца, і ў гэтага сяла, гісторыя якога адлічвае дзявятае стагоддзе, несумненна, цікавае і шматабяцальнае будучае.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter