Новы дзень старажытнага Навагрудка

Горад з амаль што тысячагадовай гісторыяй вабіць гістарычнай спадчынай і развівае прамысловы патэнцыялКаб ацаніць па-інтэлігенцку сціплую прыгажосць Навагрудка, дастаткова нават адной вандроўкі па яго вузкіх прыязных вулачках-рэчках. Спадчына вялікіх князёў, мастакоў, паэтаў ды іншых выбітных асоб і сёння падпітвае развіццё гэтага краю. Не меншыя і прамысловыя традыцыі.

Сыр — усяму галава
Сыр, як сведчаць гісторыкі, на Навагрудчыне пачалі варыць яшчэ ў 70-х гадах XIX стагоддзя. Як бы мы сказалі сёння, у той час змянілася кан’юнктура рынку, і некаторыя гаспадары прамянялі земляробства на перапрацоўку малака.
Можа, і маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што ўся чалавечая гісторыя развіваецца па спіралі. Бо больш чым праз стагоддзе ўсё паўтарылася. ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат” набыло новую лінію і ўзялося за вытворчасць новых сартоў сыру. І гэта дазволіла вывесці прадпрыемства, якое апынулася ў цяжкім становішчы, на рэнтабельную работу.
У мінулым значную частку малочнай прадукцыі з навагрудскай зямлі вазілі ў Варшаву, Ленінград, іншыя вялікія гарады. Цяпер ізноў шмат экспартуюць, як кажуць у наш час.
Апошнія некалькі гадоў навагрудскі камбінат развіваецца разам з далучанымі да яго любчанскім і карэліцкім цэхамі. Вытворчыя магутнасці дазваляюць перапрацоўваць за суткі да 460 тон малака. А ў асартыменце камбіната — каля 60 найменняў прадукцыі.
“Шырокі асартымент дазваляе хутка рэагаваць на змяненні попыту і цэн”, — тлумачыць намеснік дырэктара Святлана Кудраўцава. Калі нешта патаннее, то можна будзе выйграць на чымсьці іншым.
Доля і роля
Акрамя ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат”, як расказвае начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама Галіна Петухоўская, у раёне дзейнічаюць яшчэ восем найбольш значных прамысловых прадпрыемстваў. Калі па выпуску спажывецкіх тавараў гэты камбінат з’яўляецца безумоўным лідэрам, бо яго ўдзельная вага ў прамысловым сектары рэгіёна набліжаецца да 35 працэнтаў, то ў цэлым у прамысловай вытворчасці ён саступае Навагрудскаму заводу газавай апаратуры, трэцяе месца — у сумеснага прадпрыемства “Леор-Пластык”, якое выпускае звыш 100 найменняў рыбнай прадукцыі, а таксама гароднінныя і рыбна-гароднінныя салаты, прэсервы, прадукцыю з пластмасы, іншыя тавары.
Але нават лідэру без мадэрнізацыі не абысціся, перакананы ў райвыканкаме. Таму і завод газавай апаратуры актыўна інвесціруе сродкі ў сваё развіццё. Дзякуючы гэтаму прадпрыемства, у прыватнасці, збіраецца арганізаваць вытворчасць аўтамабільных і газавых бытавых балонаў новага пакалення.
“Удзельная вага Навагрудскага раёна ў агульнаабласной прамысловай вытворчасці складае каля 3,5 працэнта”, — прыводзіць лічбу кіраўнік упраўлення эканомікі. Калі дадаць да гэтага сельгасгаліну Навагрудчыны і яе непаўторную культурную спадчыну, то разумееш, што ўнёсак рэгіёна ў жыццё вобласці не такі ўжо і малы.
Нашчадкі князёў і Міцкевіча
Рэшткі старажытнага замка ў Навагрудку нагадваюць пра эпоху Вялікага княства Літоўскага, а дом-музей Адама Міцкевіча — пра нашага земляка, знанага паэта.
Штогод музей наведвае, як распавядае яго дырэктар Мікалай Гайба, да 20 тысяч чалавек, з іх каля 10 працэнтаў — замежныя турысты. Экскурсіі праводзяцца не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на польскай, англійскай.
Сёлета, спадзяецца дырэктар, наведвальнікаў будзе асабліва шмат, як-ніяк адзначаецца 210-годдзе з дня нараджэння паэта, і да гэтай даты рыхтуюцца ўжо сёння.
Дапамагае музею яго сайт, які Мікалай Гайба стварыў гадоў пяць таму і з таго часу амаль штодзень абнаўляе інфармацыю. Біяграфія паэта, яго творы на польскай мове і ў перакладзе, анонсы выстаў, кантакты музея, яго навіны — усё гэта можна знайсці на сайце.
“Пачынаў па ўласнай ініцыятыве, калі гэтым яшчэ мала хто займаўся, — узгадвае дырэктар. — А сёння ўжо ёсць і свой. Часам, калі тэлефануюць з замежжа, каб замовіць экскурсію, так і кажуць, што знайшлі музей на сайце”, —
з задавальненнем адзначае Мікалай Гайба.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter