Каля мільёна новых кветак упрыгожаць клумбы Гродна цяперашнім летам

Новы букет гарадскіх кветак

Майскія цюльпаны аджылі свой век, але гарадскія клумбы зараз не пустуюць — іх засяваюць новымі сезоннымі раслінамі. 

Так, цяперашнім летам каля мільёна новых кветак упрыгожаць клумбы Гродна. Ужо праз некалькі дзён жыхароў і гасцей горада парадуе кветкавая кампазіцыя на плошчы Леніна, яшчэ адна — распрацоўваецца для цэнтральнай Савецкай плошчы.



У чэрвені значна прыбаўляецца работы па абнаўленні кветнікаў уздоўж тратуараў, у скверыках, гарадскіх парках, а таксама на раздзяляльных палосах галоўных магістраляў. «Нядаўна брыгады па высадцы і догляду кветкавых клумб стварылі вялікае і прыгожае пано на ўездзе ў Гродна, абнавілі кампазіцыі ў адміністрацыйным цэнтры, парку імя Жылібера. Па ўсім горадзе ўстанаўліваюцца новыя вертыкальныя канструкцыі на агароджах раздзяляльных палос і плошчах, — кажа Таццяна Пашкевіч, ландшафтны архітэктар «Гродназелянбуда». — На асаблівым кантролі ў нас і кірунак у бок Аўгустоўскага канала, дзе ў цёплую пару года бывае нямала турыстаў».

Палюбавацца свежымі кветнікамі можна і ў іншых абласных цэнтрах краіны. Гэтым летам клумбы Гомеля ўпрыгожаць каля 500 тысяч кветак. «Сярод навінак гэтага сезона — пятуння ампельная самба. На зялёных зонах усё лета будуць красавацца і нізкарослыя аксаміткі, ружы, віёлы, бягоніі, сурфініі, а таксама папулярны сорт залацістай туі, — адзначаюць у аддзеле добраўпарадкавання і ўтрымання аб’ектаў зялёнай гаспадаркі камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Чырвоны гваздзік». — У гэтым годзе афармленне кветнікаў ідзе з упорам на нацыянальны ўзор. На працягу ўсяго цёплага перыяду асаблівая ўвага кветкавым кампазіцыям будзе надавацца на тэрыторыях ля помнікаў і мемарыяльных комплексаў, узведзеных у памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны».

Упрыгожыць як мага больш вуліц і плошчаў летам плануюць і ў Магілёве. «Усяго ў гэтым го-дзе ў горадзе думаем высадзіць каля 1,3 мільёна кветак», — удакладняе Святлана Банкузава, намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела «Магілёўзелянбуда». 

У Віцебску на клумбах ужо на ўсю моц красуюцца агератумы, пятунні, сальвіі, толькі расцвітаюць астры і летнія вяргіні. Яшчэ ў снежні работнікі віцебскага «Зелянгаса» пачынаюць падрыхтоўку расады, пасля насенне «пераязджае» на гарадскія вуліцы. «У агульнай складанасці мы вырасцілі каля 1,5 мільёна штук расады для азелянення горада і тэрыторыі розных устаноў», — тлумачаць на прадпрыемстве. 

На клумбах Брэста кветкі віёлы, якія не моцна баяцца холаду, ужо замяняюць на цеплалюбівыя расліны. Усяго за сезон, які прадоўжыцца аж да восеньскіх маразоў, у абласным цэнтры высадзяць каля мільёна бягоній, астраў, тагецесаў, сальвій і іншых кветак. Калі расліны будуць адцвітаць або сохнуць з-за спякоты, супрацоўнікі «Брэстзелянбуда» іх адразу ж заменяць на свежыя кветкі, каб у гараджан склалася ўражанне, быццам клумба бесперапынна квітнее ўвесь сезон. 

У Мінску разам з традыцыйнымі пятуннямі, аксаміткамі і вяргінямі ёсць і навічкі — паўднёваафрыканская бакопа і непатрабавальная калібрахоа. 

Юлія ПАПКО

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter