Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомы беларускі творчы калектыў з Тальяці, якім кіруе ўраджэнка Бабруйска Людміла Дзёміна, абараніў ганаровае званне “народны” пад час канцэртнай праграмы “Напеў зямлі маёй Беларусі”

Новая вышыня “Купалінкі”

Людміла Дзёміна з яе творчай, і ў той жа час моцнай, валявой натурай — гэта своеасаблівая сарцавіна ўсёй дзейнасці беларускай суполкі “Нёман” з Тальяці. Зрэшты, чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць, колькі цікавых спраў на рахунку супляменнікаў з Аўтаграда. Мы пісалі, напрыклад, не толькі пра шматлікія выступленні гуртоў “Купалінка” ды “Зярняткі” ў Тальяці, пра сумесны канцэрт іх з беларусамі з Барнаула, але і пра цікавыя кантакты з землякамі з Ваўкавыска і раёна (Гродзеншчына). У нататках “Ад Волгі да Брэста” (ГР, 28.05.2015) Людміла Іванаўна дзялілася ўражаннямі ад аўтапрабегу “Сцяг Перамогі”, які прайшоў дарогамі воінскай славы, па месцах знакавых падзей ваеннага часу, мемарыялах на тэрыторыі Расіі ды Беларусі. Там гаворыцца, што яе дзед “пайшоў на фронт 23 чэрвеня і прапаў без вестак на пачатку вайны. Бабуля, мама і яе сястра цудам выжылі ў акупаваным Бабруйску”. Прычым, помніцца, рыхтуючы тэкст да друку, мы з зямлячкай знайшлі нават імя яе дзеда ў спісах прапалых без вестак байцоў на вядомым сайце obd-memorial.ru.

У такім маладым, прыгожым складзе выйшаў на сцэну абараняць званне “народны” беларускі калектыў “Купалінка”
Фота: Іван Шаманскі

Калі суполка — як сям’я

Мне імпануе ў натуры Людмілы Іванаўны яе жыццяздольнасць, і што актыўна далучае яна да беларускіх справаў і сына, і ўнукаў, і нават нявестку. І што, нягледзячы на розныя жыццёвыя абставіны, змагла-такі ўтрымаць сваю родную “Купалінку”, абнавіць, надаць ёй другое дыханне. Што ёсць у беларусаў Тальяці павага да роднай мовы, беларускіх традыцый — хоць розныя меркаванні на гэты конт, часам дзеліцца, даводзіцца ёй чуць. У тым ліку, на жаль, і ад супляменнікаў, якім, як ні дзіўна, чамусьці прыклад выжывання беларускай суполкі ў крызісным Аўтаградзе, змагання “Нёмана” за месца пад сонцам падаецца нейкай гульнёю ды “пацешкамі”.

Што ж, у кожнага — свой шлях да Беларусі. Ведаючы, што Людміла Іванаўна мужна трымае ўдар, усё ж хочацца нагадаць усім беларусам, што не ўмеюць жыць у згодзе, пра павучальны досвед з гісторыі. Варта б паглядзець у інтэрнэце, пачытаць, праз сэрца прапусціць, што такое тры падзелы Рэчы Паспалітай — і перастаць сварыцца… А заадно павіншаваць адзін аднаго з Уваскрасеннем Хрыстовым, узгадаць ягоны запавет усім нам: “Любіце адзін аднаго!”.

Творчая перамога

А цяпер — пра “Купалінку”. Людміла Дзёміна, яе стваральніца і нязменны мастацкі кіраўнік, сама спявачка, піша нам: “Больш за 12 гадоў радуе сваёй творчасцю жыхароў горада і вобласці ансамбль беларускай песні “Купалiнка”. Гэта, нагадаю, гурт нашай Мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці”. Калектыў вядомы як у Тальяці, так і ў нашай Самарскай вобласці, і ў Маскве, ведаюць яго і ў Беларусі. Сёлета ў ягоным жыцці — важны этап. 30 сакавіка 2017 года ў плыні канцэртнай праграмы “Напеў зямлi маёй Беларусі”, які праходзіў у нашым горадзе ў Палацы культуры, мастацтва і творчасці, “Купалінка” абараняла высокае званне: народны самадзейны калектыў”.

У зале, дарэчы, было больш за 1200 гледачоў. Прыехала і салідная камісія з Самары, якую ўзначальвала прафесар кафедры харавога мастацтва Самарскага інстытута культуры, заслужаны дзеяч мастацтва Расіі Людміла Цярэнцьева. У складзе камісіі былі выкладчыца Самарскага абласнога вучылішча культуры і мастацтваў, кіраўніца ансамбля народнай песні “Чебатуха” Алена Гусева ды загадчыца аддзела традыцыйнай культуры, даследаванняў ды інфармацыі Агенцтва сацыякультурных тэхналогій Мінкультуры Самарскай вобласці Ірына Ермакова.

Людміла Дзёміна спачатку напісала нам, што “канцэртная праграма выступлення членам камісіі спадабалася, але былі зробленыя заўвагі, прапановы. У тым ліку і наконт таго, што касцюмы ў артыстаў павінны быць народныя, а не сцэнічныя, стылізаваныя”. І што, няўжо з-за гэтага не прайшлі — пытаем. Піша: “Рашэнне камісіі з запісам у пратаколе: прысвоіць званне “Народны”. Віншуем! Вельмі рады! Гэта, лічым, перамога ўсё беларускай культуры ў Паволжы.

І прэстыж, і прызнанне

Што, аднак, будзе, акрамя гонару, мець ад гэтага беларуская суполка, яе кіраўніца? Можа, недзе ў горадзе нарэшце “Нёману” месца пад офіс знойдзецца? “Нічога гэтае званне калектыву ў сэнсе матэрыяльным не дае: ні стаўку, ні паўстаўкі, — дзеліцца Людміла Іванаўна. — Я ж працую на 0,5 стаўкі, гэта чыстымі 3500 руб у месяц расійскімі грашыма. Так што званне народны — гэта наш прэстыж. І прыемна мне ўсведамляць: ты прызнаны народам і спецыялістамі. Можа хіба што часцей запрашаць на гастролі будуць...”

А й сапраўды так сталася! Гэта я наконт запрашэнняў: бо ўжо на 9 красавіка запрасілі “Купалінку” выступіць у Самары. Хто канкрэтна? Браты-украінцы! Кіраўнік Украінскага нацыянальна-культурны цэнтра “Проминь” Іван Іванавіч Капліенка. Ён праводзіў абласны Фестываль славянскіх народаў. Запрашала Дзёміну з “Купалінкай” на фестываль і асабіста дырэктар Дома дружбы народаў Самарскай вобласці Яўгенія Германаўна Харавіннікава. Для Дзёмінай, для яе маладых артыстаў гэта — вялікая радасць: “Маім дзяўчатам і юнакам падабаецца выступаць! Гэта ж магчымасці для творчага росту. Я лічу так: калі запрашаюць, то мы павінны, выбраўшы песенную долю, больш бываць на самых розных творчых пляцоўках. Бо наперадзе ў нас і паездка ў мой родны Бабруйск: на Міжнародны фестываль “Вянок дружбы-2017”.

 
Людміла Дзёміна. Фота: Іван Шаманскі
 
Маладыя спявачкі “Купалінкі”. Фота: Іван Шаманскі
Таленавітая каманда

Як вядома, апошнім часам у складзе “Купалінкі” ёсць абнаўленні. Хто ў ім цяпер? Людміла Іванаўна расказала пра тых, “хто сваёй працай, жаданнем, упартасцю і талентам прывёў да мэты”: да абароны звання “Народны”. І аказалася: у яе гурце сабраліся цяпер таленавітыя маладыя людзі, якія займаюцца і ў спартсекцыях, і ў музычных школах. Першай называе салістку Алену Марозаву: вучаніца 8 класа, займаецца ў ансамблі 5 гадоў — ішла ў яго з гурта “Зорачкi”. Вызначае яе Дзёміна так: “Вельмі таленавітая і артыстычная. Ідэальны слых, голас — ад Бога! Яна і кандыдат у майстры спорту па ушу. На абарону звання прыйшла з чамаданам, і адразу пасля абароны паехала ў Маскву, на спаборніцтвы, дзе таксама выдатна выступіла. Дарэчы, голас Алены — вельмі прыгожы, народны — адзначылі й члены камісіі”. Другая ў “спісе Дзёмінай” — дзесяцікласніца Лера Танкова: “У ансамблі з 5 класа: у першым складзе “Зорачак” была. У яе прыгожы альт, вельмі артыстычная, займалася танцамі. Старанная”. Артыстычнаю, стараннаю і таленавітаю названа  і Вольга Мачалава, салістка, якая ў ансамблі тры гады. А вось Даша Папова ў гурце нядаўна, яна вучаніца 8 класа: “Займаецца ў музычнай школе. Адказная, артыстычная. У нас яна раскрылася як выканаўца лірычных песень”. “Сама пяшчота” — гэта пра Кацю Калмагорцаву. Яна закончыла музычную школу, але да “Купалінкі” анідзе не спявала, нават у музычнай школе ў хоры: “Першым часам баялася мікрафона… Дарэчы, мы з першых дзён усіх вучым працаваць з мікрафонамі”. Толькі год у ансамблі спявае Ірына Сычова: “ У яе народны прыродны голас. Цяпер яна — студэнтка медыцынскага каледжа. Займаецца і ў музычнай школе па класе гітары”.

Добрыя словы напісала Людміла Дзёміна ў адрас маладога і вельмі прафесійнага хормайстра Інэсы Лопаравай: “Мы пазнаёмілася з ёй у Дзіцячай школе мастацтваў “Гармония”, дзе вучыцца мая ўнучка Марыя Шылкіна. Інэса Аляксандраўна — выкладчыца па хоры, выкладчыца ад Бога. У нас адразу зрабіла шматгалоссе. Працавалі напружана: за пяць месяцаў вывучылі з  гуртом 24 песні! Дарэчы, у горадзе з восені ў нас нейкі вірус гуляе, то ўсе нашы “купалінцы” перахварэлі па 2-3 разы. Таблетак вып’ем — і на рэпетыцыю. А можа гэта спевы дапамагаюць у лячэнні? Інэса Аляксандраўна прывяла ў ансамбль сына з унікальным голасам: Арцёма Лопарава. Ён у восьмым класе, закончыў музычную школу. Спявае і ў хоры, з-за чаго часам бываюць накладкі ў выступленнях”.

З юнакоў, якіх бачым і ў нашай газеце, Людміла Дзёміна называе Максіма Ямшчыкова. Ён у ансамблі з восені 2016-га, дзевяцікласнік: “Вучыцца ў ДШМ “Гармония” па класе вакалу. Вельмі адказны юнак, з добрым слыхам і голасам”. А Дзмітрый Матросаў амаль што два гады ў “Купалінцы”: “Першы год ён праводзіў на рэпетыцыі Вольгу Мачалаву, потым і сам вырашыў спяваць. Старанны юнак”. Толькі з восені ў гурце Ваня Мартыненка, дзесяцікласнік, у яго бас з адметным тэмбрам: “Ваня ў нас, мяркую, гэта будучы матэматык або праграміст”. І, нарэшце, унук Людмілы Іванаўны Віталь Шылкін, які ўжо дзесяцікласнік, — гэта пастаянны фотограф  і відэааператар. “Такія ў нас выдатныя хлопцы!” — падводзіць рысу Людміла Дзёміна.

Усім сябрам на радасць

Пасля канцэрта “Напеў зямлi маёй Беларусi” ў “Купалінкі” праз два дні было яшчэ адно знакавае мерапрыемства — з новай канцэртнай праграмай да Дня яднання гурт выступаў у Палацы культуры, мастацтва і творчасці. “У нас з’явіліся новыя сябры і гледачы, — радуецца Людміла Іванаўна. — Шмат прыйшло настаўнікаў і сваякоў удзельнікаў нашых ансамбляў. Нас так цёпла віншавалі! А некаторыя так былі расчулены: не ведалі, казалі, што ў нас ёсць такі цудоўны ансамбль, і ў ім спяваюць іх вучні”.

І яшчэ кранальны момант у перапісцы з Людмілай Дзёмінай. Яна піша: “Пасля фінальнай песні на абароне звання да мяне выйшлі на сцэну ўдзельніцы першага складу — Ганна Кузьмінічна Машакова і Зінаіда Іванаўна Карнавух, а таксама кіраўнік Рускага культурнага цэнтра Уладзімір Уладзіміравіч Патакаў. Мы так радаваліся, што ў “Купалінкі” сёння ёсць другое дыханне! За кулісы прыйшлі сябры з украінскага зямляцтва “Дніпро”, кіраўнік чувашскай аўтаноміі “Шанчак”. І ўвогуле: да ночы не змаўкаў тэлефон! Так хутка добрая вестка пайшла па свеце. А дэпутат тальяцінскай гарадской Думы фракцыі КПРФ нават прыехаў да мяне дадому: з букетам кветак! Павіншавалі кіраўнікі нямецкага культурнага цэнтра, казахскага, казакі… Я і цяпер яшчэ прымаю віншаванні”.

Што ж, добрая гэта справа: заваяваць высокае званне! Цяпер можна сказаць, што беларуская культура ў Тальяці ды ва ўсім Прыволжскім рэгіёне мае своеасаблівы знак якасці. І гэта ўсім беларусам — гонар.

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter