Нататкі пасля аўтапрабегу “Сцяг Перамогі”, які прайшоў дарогамі воінскай славы, па месцах знакавых падзей ваеннага часу, мемарыялах на тэрыторыі Расіі ды Беларусі

Ад Волгі да Брэста

Нататкі пасля аўтапрабегу “Сцяг Перамогі”, які прайшоў дарогамі воінскай славы, па месцах знакавых падзей ваеннага часу, мемарыялах на тэрыторыі Расіі ды Беларусі
Нататкі пасля аўтапрабегу “Сцяг Перамогі”, які прайшоў дарогамі воінскай славы, па месцах знакавых падзей ваеннага часу, мемарыялах на тэрыторыі Расіі ды Беларусі


Удзельнікі агітпрабегу з беларускімі ветэранамі ў Мінску, ля стэлы “Мінск — горад-герой”

Пра аўтапрабег ужо расказвалі расійскія і беларускія СМІ, прывітанне ўдзельнікам накіраваў старшыня Урада Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Калона стартавала з плошчы імя Куйбышава ў Самары 9 Мая, акцыю мы прысвячалі 70-й гадавіне Вялікай Перамогі і 71-й гадавіне Вызвалення Беларусі. “Ваша экспедыцыя па праве з’яўляецца адным з самых значных праектаў у праграме святкавання 70-гадовага юбілею Перамогі, — чытаем у прывітанні Дзмітрыя Мядзведзева. — Яна дэманструе пераемнасць пакаленняў, служыць умацаванню дружбы паміж народамі Расіі ды Беларусі і пацвярджае, што ў нашых краінах заўсёды будуць памятаць пра тых, хто прынёс нам пераможную вясну”.

У экспедыцыі, дзе членам 4-га  экіпажа была і я, рухаліся тры групы: каманда “Navigator 63” на пяці квадрацыклах, каманда на аўтамабілях часоў Вялікай Айчыннай — іх аднавілі актывісты клуба “Яны змагаліся за Радзіму”, і каманда на новых ВАЗаўскіх мадэлях. Усяго — 90 чалавек, 35 адзінак тэхнікі. Былі ў дарозе 9 дзён, рабілі прыпынкі ў месцах воінскай славы, ускладвалі кветкі на мемарыялах. 

У аўтапрабег мяне запрасіў дэпутат тальяцінскай гардумы Аляксандр Радзівонаў, ён жа дырэктар 93-й школы, адной з лепшых у Тальяці. Са школай наша мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” сябруе, праводзіць сумесныя мерапрыемсты. Ідэю пра аўтапрабег падаў Радзівонаў, яго падтрымалі дэпутаты, кіраўнікі арганізацый горада. Я пагадзілася зрабіць марш-кідок ад Волгі да Брэста. Мой дзед пайшоў на фронт 23 чэрвеня і прапаў без вестак на пачатку вайны. Бабуля, мама і яе сястра цудам выжылі ў акупаваным Бабруйску. Дарэчы, за аснову маршрута ўзялі прапановы майго намесніка Сяргея Шылкіна, сустрэчы ўзгадняліся з мясцовымі ўладамі. Маршрут падкарацілі, ды засталіся на ім Масква, Паклонная гара — там сустракаліся з дэпутатамі Дзярждумы, членамі фракцыі “Единая Россия” Аляксандрам Хінштэйнам і Ка­цярынай Кузьмічовай — яна з Тальяці. Спачатку давалі канцэрт дэ­сантнікі, і мы, госці, у ім актыўна паўдзельнічалі. Прыйшлі маскоўскія школьнікі, ім цікава было паглядзець прывезеную на аўтавозаах тэхніку часоў вайны і квадрацыклы. Пасля ўрачыстага мітынгу ўсе разам усклалі кветкі да Вечнага агню.

Далей — Смаленск. Нас сустрэлі кіраўнікі горада і школьнікі з 23-й школы. Пяцікласнік Аляксей мне асабліва запомніўся: кантактны, цікаўны, спяваў з намі песні ваенных гадоў. Казаў, што ён — экскурсавод у школьным музеі, шмат ведае пра часы вайны. Там жа пазнаёміліся з лётчыкамі-ўдзельнікамі вайны, яны расказвалі пра яе. Хоць узросту шаноўнага, але бадзёрыя духам. Незабыўная экскурсія была ў музей і да помніка Васілію Цёркіну. У экспедыцыі быў Уладзімір Коласаў, які доўгі час у Тальяці адпрацаваў у культуры. Дык ён на памяць чытаў радкі са знакамітай паэмы Аляксандра Твардоўскага “Васілій Цёркін” (другая назва: “Кніга пра байца”). А ці ведаеце вы, дарэчы, што бацька знакамітага паэта меў радаводныя карані ў Беларусі? Пра тое ёсць цікавыя тэксты ў інтэрнэце. “Аляксандр Твардоўскі цікавы мне таксама ўсведамленнем сваіх беларускіх ка­ранёў і свядомым ці падсвядомым дэманстраваннем гэтай беларускасці ў творах, — піша, у прыватнасці, Анатоль Сідарэвіч. — Помніцца, Ніл Гілевіч пісаў пра беларускі сінтаксіс Твардоўскага. Але ж і лексіка беларуская ў яго таксама. На ўсю кнігу пра байца раз ці два сустракаецца слова “парни”, затое куды часцей — нашае “хлопцы”. Так што ўсе беларусы такой роднасцю з паэтам могуць ганарыцца! А мы і Уладзіміра Коласава, за яго цытаванне класіка, празвалі “Цёркін”, і былі мы з ім галоўнымі ў агітбрыгадзе: спявалі песні для ўдзельнікаў вайны. На кожным з нашых прывалаў быў канцэрт, былі і ўскладанні кветак. У Смаленску начавалі на турбазе “Смена”: палову ночы спявалі, танцавалі — і ўсё “у палявых умовах”, пад дзве гітары ды баян. Такое не забыць!

Раніцай былі ў горадзе Рудня. Урачыстасць, ускладанне кветак, наведалі храма у Катыні.


Тальяцінец Уладзімір Коласаў і яго сябры па агітпрабегу ў Брэсцкай крэпасці-героі

Мінск сустрэў нас уранні сонцам, чысцінёй і свежасцю. Размясцілі нас сябры на гарналыжным комплексе ў Лагойскім раёне: побач возера, птушачкі спяваюць... Прыгажосць! Там да нас далучылася калона з тэхнікай часоў вайны. Наведалі Мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Калі слухалі экскурсавода, у многіх на вачах блішчэлі слёзы... 15 мая наведалі Курган Cлавы: там быў мітынг, ускладанне кветак. І там, дарэчы, я сустрэлася з сябрамі са Смалявіч. З дырэктарам Дома культуры Алегам Сёміным пазнаёміліся на фэсце “Вянок дружбы-2014” у Бабруйску. Запрасіла сяброў з выдатным ансамблем “Пліса” на фэст нацыянальных культур, які ладзіць 4 лістапада наша суполка “Нёман”. Мне ўдалося заехаць у офіс Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў: атрымала дыпломы пераможцы конкурсу “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”. Праўда, кіраўнікі ўсе былі ў камандзіроўках. Сустрэлася з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаілам Рыбаковым ды яго калегамі. Яны ўручылі тальяцінцам граматы і дыпломы: наша аўтаномія не першы год становіцца лаўрэатам конкурсу “Культура”. Падарылі шмат кампакт-дыскаў. Прыемна было ў падоранай кнізе “Сузор’е беларускага памежжа” ўбачыць і тэкст пра сябе. Сустрэлі нас вельмі душэўна. Мне заўсёды прыемна бываць у Цэнтры: там працуюць людзі з адкрытымі душамі.

Шмат уражанняў ва ўдзельнікаў аўтапрабегу было ад наведвання комплексу “Лінія Сталіна”, спадабалася экскурсія. Сустракалі ўсюды вельмі шмат школьнікаў — па ўсіх памятных месцах у Беларусі. 16 мая наведалі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — і таксама шмат уражанняў, узрушэнняў. Прыемна было чуць, як мае сябры па экспедыцыі гавораць: усё так здорава, з такой любоўю зроблена! Быў мітынг, на якім прысутнічалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, мы разам усклалі кветкі да стэлы “Мінск— горад-герой”.

І вось апошні рывок — дарога на Брэст. Размясціліся ў гатэлі, раніцай былі мітынг, экскурсія ў Брэсцкую крэпасць. У 2012-м я разам з сынам і ўнукам была ўжо там, ды зноў не магла стрымліваць слёз. Якія ж гэта былі смелыя і адважныя людзі, абаронцы крэпасці!

Праз газету хачу падзякаваць усім, хто арганізоўваў у Беларусі наш побыт, экскурсіі, сустрэчы з моладдзю і ветэранамі.У ходзе экспедыцыі ўсе яе удзельнікі пасябравалі — думаем прадоўжыць супрацоўніцтва. У тым ліку і з беларускімі энтузіястамі, якія шануюць памяць пра Перамогу. Ну а дарога дадому была ўжо больш хуткаю. Вярнуліся на Волгу, перапоўненыя ўражаннямі ды яшчэ доўга будзем імі дзяліцца з сябрамі. І будзем яшчэ больш ганарыцца, што мы — нашчадкі Вялікай Перамогі.

Людміла Дзёміна, старшыня праўлення суполкі “Нёман”, г. Тальяці
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter