Новая місія старых храмаў

Актуальнай тэме былі прысвечаны Еўрапейскія дні спадчыны ў БеларусіУ Еўрапейскія дні спадчыны Міністэрства культуры сумесна з Інстытутам культуры Беларусі і Музеем гісторыі горада Мінска ладзілі сустрэчу экспертаў за круглым сталом. Атрымалася вельмі зацікаўленая, жывая гутарка з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў культуры, спорту і турызму, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Інбелкульта, іншых арганізацый. Адзначалася, што краіна валодае багатым рэсурсам нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчыны. Гэта касцёлы і цэрквы, палацы і замкі, курганы і гарадзішчы, розныя абрады і традыцыйныя рамёствы, народныя гульні і танцы, легенды і паданні… І варта больш актыўна ўключаць усё гэтае багацце, культурныя ландшафты ў агульны жыццёвы кантэкст, асабліва ў турсферу, у турмаршруты.
Круглы стол праходзіў у Музеі гісторыі МінскаАктуальнай тэме былі прысвечаны Еўрапейскія дні спадчыны ў Беларусі
У Еўрапейскія дні спадчыны Міністэрства культуры сумесна з Інстытутам культуры Беларусі і Музеем гісторыі горада Мінска ладзілі сустрэчу экспертаў за круглым сталом. Атрымалася вельмі зацікаўленая, жывая гутарка з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў культуры, спорту і турызму, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, Інбелкульта, іншых арганізацый. Адзначалася, што краіна валодае багатым рэсурсам нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчыны. Гэта касцёлы і цэрквы, палацы і замкі, курганы і гарадзішчы, розныя абрады і традыцыйныя рамёствы, народныя гульні і танцы, легенды і паданні… І варта больш актыўна ўключаць усё гэтае багацце, культурныя ландшафты ў агульны жыццёвы кантэкст, асабліва ў турсферу, у турмаршруты. Вялікі акцэнт рабіўся на супрацоўніцтве галін культуры, адукацыі, турызму і рэлігійных устаноў.
На пасяджэнні круглага стала “Гісторыка-культурныя каштоўнасці як аб’екты культурнага турызму” ўступнае слова меў намеснік міністра культуры Віктар Кураш. Далей рэй вяла мадэратар Ала Сташкевіч, супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі. Па яе словах, у культурнага турызму ёсць відавочныя поспехі. Бо беларускія грамадзяне і госці краіны наведваюць з ахвотай такія аб’екты ЮНЕСКА, як Нясвіжскі і Мірскі замкі, Белавежская пушча. Папулярныя Полацк, Гомель, Тураў, Гродна, Брэст, Мсціслаў, Камянец, возера Нарач і Браслаўскія азёры. Аднак па гэты час не вызначана: колькі наведвальнікаў у стане прыняць той ці іншы помнік архітэктуры ці прыроды. На жаль, часам нівелюецца сапраўдная каштоўнасць гістарычных ландшафтаў. А ў такіх аб’ектах нематэрыяльнай культуры, як абрады “Цары”, “Жаніцьба Цярэшкі” аўтэнтычнасць падмяняецца псеўдакультурай, шырпатрэбам.
Пра развіццё эка- і агратурызму расказаў дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін. Першабытная прырода, чыстае паветра, гасцінныя гаспадары, натуральная ежа — гэта прываблівае турыстаў, у тым ліку з Расіі і Германіі. Замежным гасцям прапануецца звыш тысячы розных маршрутаў для вандровак. Зрэшты, тут можа ўзнікнуць пытанне: нашто на неабазнанага турыста абрушваць столькі новай інфармацыі?! Можа, варта аблегчыць яму выбар ды падзяліць маршруты на міжнародныя, агульнакраінныя, абласнога і раённага значэння? Пад час свайго выступлення першы з аўтараў гэтых радкоў аддаў перавагу пяці значным шляхам: “З варагаў у грэкі” (па Дзвіне і Дняпры), “Беларускі экватар” (уздоўж дарогі ад Брэста да ўсходняй мяжы), “Беларускае залатое кольца” (абдымае пяць замкаў: у Нясвіжы, Міры, Навагрудку, Лідзе і Гальшанах, месцы нараджэнняў Якуба Коласа і Янкі Купалы, прабывання Агінскага, Багушэвіча і Міцкевіча, некалькі іншых памятных мясцін і, вядома ж, музеяў, а ўсё можна пабачыць за тры дні), “З пушчы ў пушчу” (прапануецца падарожжа ад Белавежскай да Налібоцкай пушчы або нават да мясцін над Беразіной) і “Па абарончых храмах, святынях з цудадзейнымі абразамі і замках”.
Супрацоўніца Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Наталля Счасновіч і ксёндз-пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк на выставе “Спадчына і турызм”Апошні маршрут мае асаблівыя перспектывы. Для ЮНЕСКА прапанаваны падобны праект, тэрытарыяльна аб’яднаны з Польшчай і Літвой. Толькі ў Беларусі, дзе з захаду пагражалі крыжакі, а з усходу татара-мангольскія захопнікі, існавала “двухбаковая” патрэба ў абароне. Таму беларускія землі і называлі “краінай замкаў” (ад многіх з іх засталіся толькі гарадзішчы). А ад крыжакоў найлепей было хавацца і абараняцца ў хрысціянскіх храмах: гэта разбурала апраўданні захопнікаў, нібыта змагаюцца яны “законна”, з паганцамі. Таму і ўзніклі адметныя помнікі архітэктуры, гісторыі і рэлігіі ўздоўж цяперашняй беларуска-літоўскай мяжы, ад Гродна да Камаяў ці Браслава, адкуль лёгка трапіць для працягу насычанага аб’ектамі падарожжа ў суседнюю краіну.
Пра спецыфіку прабывання турыстаў у храмах, асабліва ў час набажэнстваў, гаварыў на круглым стале ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла ў імя святых Сымона і Алены ў Мінску. Ён звярнуў увагу, што ў “чырвонай” святыні знаходзіцца адна з аўтэнтычных копій Турынскай плашчаніцы. Па яго меркаванні, падтрыманым іншымі прамоўцамі, для такога помніка еўрапейскай спадчыцы трэба было б узвесці спецыяльную міжканфесійную капліцу намаганнямі вернікаў розных краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
У музеі ладзілася выстава “Спадчына і турызм”: 40 фотаработ розных аўтараў. Можна было пабачыць найбольш значныя аб’екты матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры краіны. Выставу падрыхтавалі спецыялісты Інбелкульта пры актыўным удзеле Творчага саюза “Фотамастацтва”.
Тайным галасаваннем гледачоў былі вызначаны аўтары лепшых здымкаў, прафесіяналы і аматары. У заключэнне на панадворку музея ладзіўся канцэрт гурта “Ветах” з Універсітэта культуры і мастацтваў.

Адам Мальдзіс, Кастусь Сталярчук
На здымках:
Круглы стол праходзіў у Музеі гісторыі Мінска
Супрацоўніца Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Наталля Счасновіч і ксёндз-пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк на выставе “Спадчына і турызм”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter