Новая крылатая каралева

Птушкай 2015 года ў Беларусі абвешчана вушатая сава
Птушкай 2015 года ў Беларусі абвешчана вушатая сава.

У гэтым годзе ў цэнтры ўвагі была зязюля, якая накукавала нам шмат чаго цікавага. Але ж у накірунку да птушынага трона ўжо ляціць вушатая сава — менавіта яе абвясціла галоўнай гераіняй будучага года грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Нацыянальная кампанія “Птушка года” ладзіцца ў Беларусі з 2000 года, нагадала супрацоўнік па развіцці АПБ Карына Салавей:

— Галоўная мэта — прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць на працягу ўсяго года і даюць магчымасць прыняць удзел у нашых акцыях людзям самага рознага ўзросту.

Сябры клуба АПБ “Рэдкая птушка” патрапяць на сапраўдную савіную экскурсію. Сярод прыродаахоўных мерапрыемстваў — пошук месцаў гнездавання вушатай савы, вывешванне штучных гнёздаў. Рыхтуюцца інфармацыйныя матэрыялы, якія датычацца гэтай птушкі. Самых маленькіх удзельнікаў кампаніі чакаюць конкурсы малюнкаў, фотаздымкаў, вырабаў з прыродных матэрыялаў і іншыя.

— Наш вопыт паказвае, што вушатыя совы добра адгукаюцца на біятэхнічныя мерапрыемствы — займаюць штучныя гнёзды. Таму АПБ будзе ладзіць шмат акцый па іх будоўлі. І навучым гэтаму ўсіх жадаючых, — падзяліўся планамі спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы.

Актыўную падтрымку кампаніі заўсёды аказваюць Мінпрыроды і Міністэрства адукацыі. Сумесна з Нацбанкам і Белпоштай плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года.

Раней птушкамі года выбіраліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, зязюля.

10 цікавых фактаў пра вушатую саву

1. Апазнавальныя “вушкі” з пер’я гэтай савы не маюць нічога агульнага з вушамі. Сапраўдныя яе вушы ўбачыць няпроста, бо яны схаваныя пад пер’ем.

2. Вушатая сава — адзін з 11 відаў соў, якія гняздуюцца ў Беларусі.

3. Па звестках кальцавання, самая старая вушатая сава пражыла 29 гадоў і 9 месяцаў.

4. Гэтая сава можа паварочваць галаву на 270 градусаў!

5. Як і іншыя віды соў, вушатая не будуе гнязда. “Арэндадаўцамі” для яе выступаюць гракі, шэрыя вароны і сарокі. Гняздо павінна быць добра схавана ў густой кроне дрэва.

6. Вушатая сава з вялікай ахвотай засяляе штучныя гнёзды.

7. У Беларусі вушатыя совы зімуюць. На месцах зімовак яны збіраюцца шматлікімі кампаніямі. Чароды па 8—12 соў — звычайная з’ява, але здараецца, што ў адным месцы збіраюцца да 30 і болей птушак, якія знаходзяцца ў дзённы час побач, нярэдка на адным дрэве.

8. Сваімі вострымі “вушкамі” з пер’я рознай даўжыні і ярка-аранжавай афарбоўкай радужнай абалонкі вока вушатая сава вельмі нагадвае зменшаную копію пугача.

9. Ворагаў у вушатай савы няшмат. Найбольшую небяспеку для яе прадстаўляе пугач, не супраць пачаставацца жыхарамі савінага гнязда і куніца.

10. У лапы да вушатай савы трапляюць выключна мышападобныя грызуны, асабліва шэрыя палёўкі. Каб схапіць адну ахвяру, саве трэба зрабіць па 2—3 кідкі, а пры моцным ветры ці дажджы эфектыўнасць палявання зніжаецца ў 2—3 разы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter