Артефакты из белорусских костелов презентуют в Минске на следующей неделе

Носьбіты гісторыі

фота pinterest.ru
У Нацыянальным гістарычным музеі 14 лютага адкрываецца ўнікальная выстава “Сакральная культура Касцёла Беларусі”. Яе наведвальнікі даведаюцца пра найбольш значныя каталіцкія святы і звычаі, а таксама ўбачаць надзвычайныя артэфакты, перанесеныя з сакральнай прасторы касцёлаў у свецкую. Сярод экспанатаў — манстранцыя (багата аздоблены прадмет для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту), зробленая спецыяльна да асвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ў 1783 годзе, лаўка для малітвы, якую выкарыстоўвалі сёстры-назарэтанкі, расстраляныя нацыстамі ў Навагрудку ў 1943 годзе і беатыфікаваныя ў 2000-м, літургічны посуд з касцёлаў вёсак Вынішчы і Замосце Слуцкага раёна, а таксама з касцёла Святога Роха на Залатой Горцы і многія іншыя.

Шэраг экспанатаў для выставы прадаставіў калекцыянер Ігар Сурмачэўскі, які на працягу многіх гадоў збірае і рэстаўрыруе прадметы, звязаныя ў тым ліку і з рэлігійнай тэматыкай. Дзякуючы яму экспазіцыя папоўнілася граматай Жыгімонта Вазы на будаўніцтва царквы Святога Духа пры базыльянскім кляштары пачатку XVII стагоддзя, картай кляштараў францысканцаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII стагоддзя, слуцкім поясам, іконамі, узорамі беларускага драўлянага дойлідства і гэтак далей.

Асобная частка выставы — каталіцкая богаслужэбная музыка і кніжная спадчына. Гасцей пазнаёмяць з арыгінальнымі рукапісамі і кнігамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнай бібліятэкі, прыватнай калекцыі Святланы Шэйпа. Шэраг твораў іканапісу прадставіць Нацыянальны мастацкі музей. Выстава будзе працаваць да 20 сакавіка.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter