З поўначы 15 мая ўвесь трафiк у паветранай прасторы нашай краiны каардынуецца з новага Цэнтра кiравання паветраным рухам. Цэнтр — галоўны праект мiнулых пяцi гадоў працы ДП «Белаэранавiгацыя» i новы этап развiцця аэранавiгацыйнай сiстэмы краiны. Ён павысiць узровень аэранавiгацыйнага абслугоўвання, бяспеку палётаў i зробiць паветраную прастору Беларусi яшчэ больш прывабнай для сусветных авiякампанiй. На ўрачыстым адкрыццi новага цэнтра быў i наш карэспандэнт.

Знакавая падзея
Перарэзалi сiмвалiчную чырвоную стужку намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Анатоль Сiвак, мiнiстр транспарту i камунiкацый Аляксей Аўраменка, дырэктар Дэпартамента па авiяцыi Мiнтранспарту Арцём Сiкорскi i генеральны дырэктар РУП па аэранавiгацыйным абслугоўваннi паветранага руху ДП «Белаэранавiгацыя» Леанiд Чура.

Намеснiк Прэм’ер-мiнiстра Анатоль Сiвак павiншаваў калектыў i кiраўнiцтва прадпрыемства з адкрыццём цэнтра, а таксама з 25-гадовым юбiлеем:
— Знакавая падзея для ўсёй авiяцыйнай галiны нашай краiны. Пачатак працы цэнтра — iнвестыцыi ў бяспеку, а таксама выхад на больш сучасны ўзровень тэхнiчных сродкаў. Будаўнiцтвам гэтага аб’екта Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый падкрэслiвае тую працу, якую яно робiць пры рэалiзацыi мiжнародных пагадненняў у галiне авiяцыйнага транспарту.

Сапраўдны хай-тэк

Цэнтр кiравання паветраным рухам размяшчаецца ў мiнскiм мiкрараёне Сокал. Першы камень у падмурак цэнтра заклалi ў вераснi 2016 года. Адкрыццё мiнскага цэнтра — значная падзея не толькi для авiятараў, але i краiны ў цэлым. Акрамя ўзвядзення самога будынка i яго вельмi складанага тэхнiчнага напаўнення, неабходна было выканаць мноства дадатковых задач. Арганiзаваць цеснае ўзаемадзеянне з органамi i службамi, якiя ўдзельнiчаюць у забеспячэннi палётаў, у тым лiку дзяржаў-суседзяў, мадэрнiзаваць тэхнiчныя сродкi аўтаматызаванай сiстэмы кiравання паветраным рухам, а таксама забяспечыць прафесiйную падрыхтоўку персаналу.
Iдзём па калiдорах цэнтра. Пад адным дахам — 15 структурных адзiнак, усяго каля 500 чалавек. Дыспетчарскi трэнажорны модуль павышае прафесiйную падрыхтоўку авiяцыйнага персаналу. Модуль базiруецца ў дзвюх паасобных залах: дыспетчарскай i пiлотаў-аператараў. Ролю пiлотаў выконваюць вопытныя дыспетчары. Усе перагаворы на англiйскай мове.
Сумесная група планiравання ўкамплектавана спецыялiстамi ДП «Белаэранавiгацыя» i вайскоўцамi. Гэтыя людзi каардынуюць выкарыстанне нашай паветранай прасторы. Таксама разглядаюць заяўкi на паветраны транзiт праз нашу краiну каля 1500 авiякампанiй са ста краiн свету.

Цэнтр пошуку i ратавання цесна супрацоўнiчае з МНС. У выпадку магчымай авiякатастрофы яны разам каардынуюць сiлы i сродкi, якiя задзейнiчаны ў пошукава-выратавальных аперацыях.
Сэрца цэнтра — зала кiравання паветраным рухам. На плошчы ў 600 квадратных метраў працуюць дзясяткi дыспетчараў. Менавiта тут сабрана ўсё кiраванне паветраным рухам. Арганiзацыя працоўных месцаў дыспетчараў на высокiм узроўнi. Разумны пульт — звыштэхналагiчнае i зручнае працоўнае месца. Сэнсарныя дапаможныя планшэты, можна рэгуляваць стальнiцу i манiторы, як каму зручна, iндывiдуальнае падсвечванне наладжваецца па цяпле i iнтэнсiўнасцi. Для супрацоўнiкаў абсталяваны прасторнае кафэ, пакоi адпачынку i псiхалагiчнай разгрузкi. У цэнтры павышаныя меры бяспекi: асаблiвыя прапускныя ўмовы з кантролем доступу, падвойная агароджа па перыметры, датчыкi пранiкнення, iнтэлектуальная сiстэма вiдэаназiрання.
Перадавое абсталяванне цэнтра дазволiць павялiчыць прапускную здольнасць нашай паветранай прасторы ў тры разы. Гэта важкi зачын з перспектывай на 15—20 гадоў.
