Не зыходзь з дэзы, сыходзь з ганка, ці Правапіс прыставак на з-, с-

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У роднай мове напісанне падвоеных (не падоўжаных!) зычных рэгламентавана асноўным правілам: яны могуць узнікаць толькі на стыку марфем. Гэта датычыць як уласнабеларускіх слоў, так і запазычаных. Нагадаем, што існуе толькі невялікая група слоў іншамоўнага паходжання, у якіх пішуцца дзве аднолькавыя літары: бонна, донна, манна, панна, ванна, мадонна, саванна; Ганна, Жанна, Сюзанна, Мекка і інш. І калі задацца мэтай правільна напісаць па-беларуску агульнавядомы сказ, якім правяраюць веды рускай арфаграфіі, то для беларуса зрабіць гэта намнога прасцей. Сканструяваны ён спецыяльна, хаця хто-ніхто прыпісвае яго А.Чэхаву. Сказ мае шмат варыянтаў. Прывядзём адзін з іх: На дощатой террасе, близ конопляника, небезызвестная вдова коллежского асессора Агриппина Саввична исподтишка потчевала Фаддея Аполлоныча сэкономленной ветчиной, винегретом и другими яствами под аккомпанемент виолончели. Запісаць выдзеленыя словы па-беларуску лёгка, калі ведаць, што ў запазычаных словах, у тым ліку ва ўласных імёнах і назвах, і вытворных ад іх словах падвоеныя літары звычайна не пішуцца: граматыка, група, калектыў, калекцыя, сума, карэспандэнт, каса, касір, тэрыторыя, піца, саміт; Ала, Васа, Генадзь, Іна, Нона, Іпаліт, Кірыл, Адэса, Калькута, Марока, Ніца.
У “Правілах” (1959) правапіс прыставак і суфіксаў часткова разглядаецца ў пятым раздзеле “Зычныя на стыку марфалагічных частак слова”. Як ужо адзначалася, у новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” гэтым пытанням прысвечана пятая глава “Правапіс некаторых марфем”. Яе назва вымушана тым, што гаворка вядзецца пра марфемы, напісанне якіх часцей за ўсё выклікае пытанні: прыстаўкі і суфіксы. Хаця існуе пэўная колькасць іншых афіксаў: постфіксы, інтэрфіксы, конфіксы (цыркумфіксы), прэфіксоіды, суфіксоіды, уніфіксы, інфіксы і да т. п. Прыстаўка і суфікс — найбольш частыя ўтваральнікі новых слоў ці форм слова. Таму ім у правапісе надаецца асаблівая ўвага.
Засталіся нязменнымі правілы напісання аднолькавых літар на стыку прыстаўкі і кораня: калі апошняя зычная літара прыстаўкі і першая літара кораня супадаюць, то пішуцца абедзве літары (аддача, аддалены, Наддзвінне, наддаць, бяззорны, ззаду, ззелянелы, ссадзіць, ссівелы, бессардэчны, паддопытны, рассыпаць, раззлавацца, рассаднік (тое, што з’яўляецца крыніцай чаго-небудзь), уссаджваць). Сюды дададзены ілюстрацыі: контрразведка, звышштатны, транс-сібірскі.
Русізм рассаднік падаецца ў такім напісанні толькі ў пераносным значэнні: тое, што з’яўляецца крыніцай, школай, канцэнтрацыяй чаго-небудзь. Напрыклад, стыхійныя рынкі — невыкараняльны рассаднік хвароб і лёгкай нажывы (з газет), але: расаднік кветак. Сучасныя слоўнікі фіксуюць напісанне гэтага слова ў залежнасці ад значэння. У новай рэдакцыі з некаторым удакладненнем засталося старое выключэнне: у словах расол, расольнік, расада, расаднік (месца, скрынка для вырошчвання расады) адбылося сцяжэнне гукаў, і таму яны пішуцца з адной літарай с.
У словах-тэрмінах іншамоўнага паходжання часткова захоўваецца напісанне дзвюх аднолькавых літар на стыку марфем, асабліва тады, калі ёсць словы і без прыстаўкі, а прыстаўка далучаецца і да іншых каранёў: сюррэалізм, аддукцыя (рэалізм, індукцыя). У “Правілах” (1959) у якасці адпаведных ілюстрацый дадаваліся словы аннігіляцыя, іннервацыя. У новай рэдакцыі яны аднесены да невытворных: у некаторых выпадках, калі слова ўспрымаецца як невытворнае ў беларускай мове, літары не падвойваюцца: інавацыя, ірыгацыя, ірэальны, іміграцыя, акамадацыя, карэляцыя, аперцэпцыя, дысідэнт, імартэль, анігіляцыя, інервацыя, акорд, карэспандэнт. Напісанне такіх слоў-тэрмінаў вызначаецца па слоўніку.
У новай рэдакцыі засталося ранейшае правіла напісання прыставак на з-, але зроблены некаторыя дапаўненні і ўкладненні. Быў рэгламентаваны правапіс прыставак дыз- і дэз-. “Правіламі” (2008) прадпісваецца: да прыставак на з- адносяцца: з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-, а таксама дыз- і дэз-. У пэўных пазіцыях літара з замяняецца літарай с.
У прыстаўках з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз- літара з пішацца перад звонкімі, санорнымі зычнымі і ётаванымі галоснымі (перад апострафам): збіць, здаць, знесці, ізноў, узняць, узбіцца, розгалас, бязмежны, небеззаганны, небязгрэшны, абезгалосець, абязгрошыць, празмерны, цераззерніца; раз’есці, раз’езд, абяз’ёдаваны, з’інець, раз’юшаны, без’языкі, бяз’ядзерны, з’ялчэць, з’явішча, уз’юрыцца. У слове разявіць і вытворных ад яго, а таксама ў словах узлаваць і ўзлавацца адбылося сцяжэнне [з] — прыстаўкі і [з] — кораня.
У гэтых жа прыстаўках замест літары з пішацца літара с перад глухімі зычнымі: скінуць, схапіць, іспыты, усхваляць, раскідаць, роспіс, беспадстаўны, небескарысны, абяскровіць, абяс-шкодзіць, цераспалосіца, росшукі, росчырк.
Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца прыстаўка с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць; але: зымправізаваць, зыначыць. Нягледзячы на тое, што гэтая норма была зафіксавана і ў “Правілах” (1959), словы тыпу сэканоміць, сарганізаваць мелі самае рознае напісанне: з’эканоміць, зэканоміць, с’эканоміць і інш., што трэба лічыць няправільным. Як бачым, паводле новай рэдакцыі ў такой сітуацыі толькі два словы маюць прыстаўку з-: зымправізаваць, зыначыць.
У словах, утвораных ад дзеясловаў ісці, хадзіць, прыстаўкі на з- пішуцца ў залежнасці ад лексічнага значэння: зысці — сысці, зысціся — сысціся, зыходзіць — сыходзіць, зыходзячы — сыходзячы, зыходны — сходны, сыходны, зыход — сход. Напрыклад: сышоў, сыходзіць, сыходзячы (з ганка), але: зыходзіць (з меркавання), зыходны (пункт гледжання), зыходны (націск).
У новую рэдакцыю ўнесены дапаўненні: 1. У прыстаўцы дыз- перад галоснымі (у тым ліку ётаванымі) пішацца з, а перад зычнымі — с: дызасацыяцыя, дызар-трыя, дыз’юнкцыя, дысгармонія, дыспрапорцыя, дыскваліфікаваць, дысфункцыя, дыскрэдытаваць, дыскамфорт; 2. Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзактывацыя, дэзарыентацыя, дэзынфекцыя, дэзынтэграцыя, дэзурбанізацыя.
Такім чынам, упарадкавана напісанне слоў з прыстаўкамі дыз- і дыс-: дызасмія, дызурыя, дыз’юнкт і дысбаланс, дыслацыраваць, дысменарэя, дыспазіцыя, дысплэй, дыспрапорцыя, дыстрыбутыў.
Заўважым, што некаторыя слоўнікі фіксуюць у якасці самастойнай лексему дэза. Гэтае гутарковае ўтварэнне трэба лічыць своеасаблівым спрашчэннем слова дэзынфармацыя.

Зваротная сувязь

Добрага часу сутак! У часопісе “Ліза” прачытала: “Я люблю спа-працэдуры...” Што гэта за працэдуры? Адкуль такая назва? Lizabett
— Радуе, што вы правільна напісалі гэтае слова — спа-працэдуры. Хаця яно выклікае шмат пытанняў нават у прафесіяналаў. Спа-працэдуры аказваюцца ў спа-салонах — салонах аздараўленчых паслуг, дзе прапаноўваецца комплекс гідратэрапеўтычных працэдур, лячэбных гразей, масажу, ароматэрапіі і інш. Частка спа- паходзіць з лац. “sanitas pro aquam”, што перакладаецца як “здароўе праз ваду”.

Добры дзень! Як правільна напісаць: выда-дзена (каму?) Крысо Івану і выдадзена (кім?) Крысом Іванам. Адкуль магло пайсці прозвішча? Дзякуй. Іван Крысо, г.Віцебск
— Ваша прозвішча не павінна скланяцца, таму што націск падае на літару о: выдадзена (каму?) Крысо Івану (Марыі) і выдадзена (кім?) Крысо Іванам (Марыяй). Слова крысо ў беларускай мове мае значэнне “ніжняя пярэдняя частка верхняга аддзення”, “пала”. У Полацкім раёне ёсць вёска Крысо.

Добры дзень! Як правільна пісаць у дыпломе: прысвоена кваліфікацыя інжынера ці інжынер? Мікалай Сцяпанавіч, г.Мінск
— Арфаграфічна карэктным трэба лічыць выкарыстанне наймення кваліфікацыі ў форме назоўнага склону, пры чым яно (найменне) павінна заключацца ў двукоссі і пісацца з вялікай літары. Напрыклад, прысвоена кваліфікацыя: “Інжынер”, “Фельдшар-гігіеніст, эпідэміёлаг”, “Інструктар па лячэбнай фізкультуры. Медыцынская сястра па масажы”, “Тэхнік-тэхнолаг-канструктар”, “Бібліятэкар-бібліёграф”, “Артыст. Кіраўнік творчага калектыву. Настаўнік”, “Тэхнік водных шляхоў”, “Тэхнік-тэхнолаг-канструктар”, “Рэжысёр свят і відовішчаў”, “Спецыяліст-аналітык рынку каштоўных папер”, “Праграміст-Web-дызайнер”, “Урач-камбустыёлаг-хірург”, “Урач-сківічна-тварны” і інш.
Важна захаваць цэласнасць наймення атрыманай кваліфікацыі, якая можа складацца з некалькіх слоў або некалькіх намінатыўных сказаў.
Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце на e-mail: irina@ng.by ці на паштовы адрас рэдакцыі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter