Не забыты бацькоўскi парог

Маладым бы нашу закваску да працы, лічыць перадавая жывёлавод Таццяна Зімніцкая
Па выніках работы за мінулы год на Дошку гонару Мінскага раёна занесена жывёлавод ЗАТ “Гастэлаўскае” Таццяна ЗІМНІЦКАЯ. За чвэрць стагоддзя неаднаразовы пераможца раённага спаборніцтва. Пачынала Таццяна Яўгенаўна даяркай, калі гаспадарку ўзначальваў легендарны Яўген Сямёнавіч Ліўшыц. Апошнія паўтара дзесяцігоддзі працуе на малочна-таварнай ферме нумар два. Кормнікі, якіх яна даглядае, прыбаўляюць штосутачна ў вазе больш як па два кілаграмы. Спраўляецца руплівая працаўніца  і  з хатняй гаспадаркай, дзе шмат рознай жыўнасці. Дапамагаюць муж Валерый Казіміравіч, які працуе вадзіцелем, дачкі Галіна і Наталля, сын Андрэй, чацвёра ўнукаў. У гэтыя восеньскія дні сям’я Зімніцкіх чакае, што нявестка Марына падорыць пятага ўнучка.


ЦІХУЮ вілейскую вёсачку Скабярэц з усіх бакоў абступае густы бор, які ў любы год багаты на грыбы і ягады, толькі не лянуйся і збірай. Па два вядры чарніц паспявала штодзённа набіраць увішная сялянская дзяўчынка Таццяна Старадуб. Да абеду вярталася з поўным вядзерцам свежых ягад, а пасля яго зноў накіроўвалася за ляснымі дарамі. Запаўняла імі ёмкія кошыкі, і двойчы на тыдзень бацька на трактары падвозіў яе ў суседняе мястэчка Хаценчыцы, адкуль аўтобусам дабіралася на сталічны Камароўскі рынак. Умомант разбіралі мінчане спелыя чарніцы. Дамоў дзяўчынка вярталася з гарадскімі прысмакамі. Адкладвала грошы і на больш значныя пакупкі. Сама выбрала ў сталічнай краме асенняе зялёнага колеру паліто, яркую ў кветкі сукенку. З братамі Уладзімірам і Аляксандрам яшчэ і па хатняй гаспадарцы бацькам дапамагала і за маленькай сястрычкай Алай наглядала. Часта даводзілася адпасваць чаргу кароў. Чатырнаццаць скабярэцкіх падворкаў параскіданы хутарамі, і амаль у кожным па дзве каровы, а ў некаторых і конь, авечкі. 

З дзесяці гадкоў самастойна даіла сваіх дзвюх кароў Таццянка. Лоўка пераняла ў маці майстэрства ўпраўляцца каля печы. Паспявала спячы на зыркіх вуголлях стос духмяных дранікаў. Сялянская праца дзяўчынку гартавала, выхоўвала. Бацька Яўген Захаравіч снедаў і адпраўляўся на мехдвор саўгаса “Карпавічы”, дзе яго чакаў гусенічны трактар ДТ-54. З вясны да глыбокай восені на працягу амаль паўвека не пакідаў старэйшы механізатар саўгаснае поле. А ў зімовую завею, калі сумёты раўняліся з дахамі вясковых хат, чапляў доўгія драўляныя сані, у якія ўсаджваліся ўсе скабярэцкія школьнікі. Праз лес і поле за тры з паловай кіламетры ў пасёлак Партызанскі прывозіў дзетвару на заняткі і ўвечары дамоў забіраў. Яго жонка Тамара Паўлаўна з пасляваенных гадоў і да выхаду на пенсію працавала на Залескім шклозаводзе, дзе выраблялі бутэлькі, слоікі, чарнільніцы. У ліхія дзевяностыя гады мінулага стагоддзя закрылі вытворчасць, і цяпер пустуюць мураваныя карпусы. Два высокія коміны вяскоўцы разабралі на цэглу. Таццяна падмяняла маці на ўпакоўцы ў мяхі шклопрадукцыі. Пасля заканчэння Залескай сярэдняй школы Вілейскага раёна некалькі гадоў працавала ў гарачым цэху, а потым і на складзе гатовай прадукцыі. Маладзенькай выйшла замуж за мясцовага юнака, які таксама пасля заканчэння сярэдняй школы на спецыяльных прыстасаваннях выдуваў гарчычныя слоічкі. Не склалася іх сямейнае жыццё. Захлынула Георгія Забаронку гарэлка. Вымушана была расстацца з ім. Бацькі супакойвалі дачку, што Гасподзь не пакіне Таццяну, у яго ёсць лепшы шлях для яе. Усяляк дапамагалі маленькіх дачушак выхоўваць. Кіраўніцтва завода выдзеліла маладой маці аднапакаёвую кватэру.

Абаяльную загадчыцу склада прыкмеціў малады вадзіцель Валерый Зімніцкі, які прыязджаў загружацца шклопрадукцыяй. Цукеркамі частаваў прыгажуню. Амаль год заляцаўся, пакуль не атрымаў згоду на шлюб. 

— Зарэгістраваліся ў Хаценчыцкім сельсавеце, і стала я Зімніцкай, — узгадвае Таццяна Яўгенаўна. — Валерый родам з вілейскай вёскі Вардамічы. Пераехалі на яго радзіму ў калгас “Змагар”, дзе я даглядала цялят на жывёлагадоўчай ферме “Мільча”. Старшыня гаспадаркі Анатоль Апанасёнак прапанаваў жыллё ў сялянскай хатцы. А праз нейкі час завітаў на ферму і паклікаў мяне. Прыехалі на новую вясковую вуліцу, дзе стаялі двух- і аднапавярховыя катэджы. Сказаў мне выбіраць любы. Падумала, што на двухпавярховы трэба шмат дроў, каб абагрэць зімою. Перабраліся ў аднапавярховы з двума выхадамі: парадны і гаспадарчы. Побач склеп і хлеўчык для жывёлы. Карову займелі, а потым і конь Каштан быў у нас. Высокі, статны, з густой чорнай грываю. Праз гады Валерый прывёз яго здаваць на мясакамбінат, то цыган папрасіў прадаць яму прыгажуна. 

— Таццяна Яўгенаўна, а на калгаснай ферме, пэўна, немагчыма было без коней абысціся?

— Механізацыі не было. Усе работы па догляду жывёлы ўручную выконвалі. Коньмі кармы падвозілі ў цялятнік. Валера на аўтобусе вазіў жывёлаводаў. Дачкі хадзілі ў калгасны дзіцячы садок, а потым у Мільчыцкую сярэднюю школу. Праз год працы выйшла ў Вілейскім раёне пераможцай спаборніцтва сярод жывёлаводаў. Нават у працоўную кніжку запісалі. Зарабляла па 400 рублёў штомесячна. Гэта былі вялікія грошы ў 1984 годзе. 

— З вашага выпуску Залескай сярэдняй школы хто яшчэ застаўся на вёсцы?

— У нас было два выпускныя класы. Большасць аднакласнікаў адразу рынуліся ў сталіцу. Хто паступіў вучыцца, а іншыя пайшлі працаваць. Некаторыя аднагодкі засталіся на Вілейшчыне. Застаўся там і працуе трактарыстам Анатоль Пінчук, які некалі заляцаўся да мяне. Пэўна, лёсам не наканавана быць нам разам.

У нашай школе пастаянна праводзяцца сустрэчы выпускнікоў. Расказваем, як склалася жыццё. Запрашаем і нашу першую настаўніцу Ніну Адамаўну Кулеш і яе мужа Аляксандра Фаміча. Ён мой хросны бацька. У другім класе я моцна захварэла і лячылася ў раённай бальніцы. Ніна Адамаўна прывезла ўвесь наш клас адведаць мяне. Частавалі вялікім кульком каляровых гарошкаў. 

Пачынала школьную навуку ў старым будынку Залескай васьмігодкі, а потым перайшлі ў прасторнае новае памяшканне, і школа стала сярэдняй. Цікавымі запомніліся ўрокі Надзеі Фядотаўны і Мікалая Аляксандравіча Кучко, школьнага дырэктара, былога франтавіка Мікалая Адамавіча Кучко, настаўнікаў Надзеі Андрэеўны Вараб’ёвай, Міхаіла Мікалаевіча Шкадуна. Кожнае свята ў школе адзначалі. Дзейнічалі розныя гурткі па інтарэсах. 

Летнімі вечарамі вясковая моладзь збіралася разам, гучаў гармонік, пачыналіся танцы. Але не заўсёды даводзілася бываць там, бо бацькі былі надта занятыя на працы, а мне трэба было ўпраўляцца па хатняй гаспадарцы. Не горш за старэйшага на год за мяне брата Валодзю калола дровы. А ў касавіцу імкнуліся паболей сена назапасіць. Два вялікія стагі ўзвышаліся каля падворка. Дзвюм каровам і цялятам хапала на зіму. Жылі пад адным дахам з дзедам Захарам і бабуляй Марыляй. Цеснавата было, і бацька прыбудаваў трысценак. Там яны з мамай спалі, а дзеці хто дзе. Як бацькі, так і дзядуля з бабуляй для нас засталіся цудоўным прыкладам сялянскай інтэлігентнасці. Бабуля Марыля натоміцца на агародзе ці ў полі, зойдзе ў хату, прыляжа на канапу, а дзядуля падыдзе, асцярожна накрые яе посцілкай і ціха прамовіць: “Натамілася, Манечка. Адпачні.” 

 Калі я надумала паступаць вучыцца на будаўніка ў Вілейку, дзед усяляк не хацеў адпускаць, нават плакаў. Бабуля Марыля любіла гатаваць у дзежцы саладуху з бульбай, а дзед садзіў нас за стол і запрашаў адведаць. У любую пару года гасцей у нас было чым частаваць. Па некалькі парсюкоў у хляве гадавалася. Рабілі каўбасы, вяндліну, кумпякі, паляндвіцу, вялілі мясныя прысмакі. У склепе цесна было ад нарыхтовак з гародніны і грыбоў. Ад бабулі да маёй маці перайшло імкненне трымаць у запас самаробныя стравы. Ужо год, як мамы няма, а ў бацькоўскім склепе слоікаў з правіянтам яшчэ на гады тры будзе. Мы з Валерыем забралі аўдавелага бацьку да сябе ў вёску Шчытомірычы, якая побач са сталіцай.

— Як вы трапілі сюды?

— Старэйшы брат Уладзімір дапамог пераехаць. Ён працаваў вадзіцелем у вядомага старшыні калгаса імя Гастэлы Мінскага раёна Яўгена Сямёнавіча Ліўшыца. Гаспадарка грымела на ўсю некалі вялікую краіну. Сюды прыязджалі высокія дзяржаўныя асобы. Мікіта Хрушчоў некалі па заснежаных гастэлаўскіх палях на брычцы ездзіў. Дзякуючы Валодзю і мы апынуліся тут.

Яўген Сямёнавіч сустрэў нас ветліва, адразу павёз на жывёлагадоўчую ферму і прапанаваў мне там працаваць. Так мы і трапілі ў Шчытомірычы. Нам далі кватэру ў былым сельскім клубе, які пераабсталявалі пад жыллё. Сынок Андрэй у нас падрастаў. Садзіла яго на санкі. Сабака ў нас высокі быў, і ён цягнуў за мною санкі. На заснежанай купіне часам яны пераварочваліся, і хлопчык куляўся ў снег. Толькі вочкі лыпалі на заснежаным тварыку. На ферме садзіла Андрэйку ў пусты жолаб, а сама кароў даглядала. Ён ціхенька чакаў мяне. 

Дочкі паспяхова вучыліся ў старэйшых класах Сеніцкай сярэдняй школы. Пад адным дахам з намі жылі яшчэ дзве сям’і. 

Ранняй вясною мы спакойна спалі ў сваёй кватэры і не пачулі, як у зале столь абвалілася. Полымя падбіралася да пакоя, дзе спалі дачкі і маленькі Андрэйка. З вуліцы дом палаў, уся вёска збеглася тушыць яго. Пяць спецмашын прыехала, але з-за вясновага бездарожжа не маглі пад’ехаць блізка да дома. Нашы суседзі выносілі свае рэчы з палаючага дома. Людзі спахапіліся, што не відаць нікога з нашай сям’і. Сталі грукаць нам у дзверы, вокны. Перапужаныя, мы ўскочылі. Да дзвярэй нельга было з-за агню прабіцца. Кінуліся да акон. Муж умомант выбіў шкло, перадаў людзям двухгадовага сына. Мы скакалі як маглі праз вокны. Сусед гнаў гарэлку, і ад гэтага пачаўся пажар. Нічога нам уратаваць не ўдалося. Згарэлі ўсе рэчы і дакументы. На пажар прыехаў Яўген Сямёнавіч Ліўшыц і адразу кінуўся дапамагаць нам. Са свайго дома прывёз канапу і аддаў, каб нам было на чым спаць. Размясцілі нашу сям’ю ў суседніх Скарынічах. Назаўтра раніцай прыйшла на ферму, а там ужо быў старшыня. Ён дапамог нам аднавіць усе сямейныя дакументы. Сяброўкі па працы ўсяляк нас падтрымлівалі.

Са мною разам працавала цудоўны чалавек Ніна Іванаўна Суднік. Мы з ёю прымалі расцёлы ў кароў, раздойвалі іх, даглядалі маладняк. Галоўны ветурач калгаса Генадзь Таранаў патрабаваў абсалютнай чысціні на ферме. Каля кожнай каровы трэба было вымыць плітку. Галоўны заатэхнік Валянціна Шакурава разам з кіраўніком калгаса ў канцы кожнага месяца праводзіла сходы жывёлаводаў, дзе падводзілі вынікі і аналізавалі дзейнасць калектыву. 

Старшыня справядліва ацэньваў працу кожнага ў гаспадарцы. Аўтарытэт яго трымаўся высока. Яўген Сямёнавіч ведаў, каго пахваліць, а ад каго большага патрабаваць. Калі ён развітваўся з калектывам, многія не маглі стрымаць слёз. 

Пасля пажару мы амаль год жылі ў вёсцы Скарынічы. Каб паправіць становішча ў сям’і, з мужам многа працавалі. На ферме я даіла кароў і адказвала за работу малакаправода. Раней за іншых даярак прыходзіла на працу і ўключала апаратуру. Даіла сваіх 50 кароў і пасля завяршэння дойкі прамывала лінію. Зарабляла добра, і гэта дазваляла дачок падтрымліваць. Яны абедзве закончылі педвучылішча. Працуюць педагогамі і завочна вучацца ў Беларускім педуніверсітэце імя Максіма Танка. Рашэннем праўлення калгаса нам выдзелілі кватэру ў вёсцы Шчытомірычы. Мы яе выкупілі. Вярнулася на працу ў радзільнае аддзяленне малочна-таварнай фермы нумар два, а потым стала даглядаць маленькіх цялятак. І вось ужо паўтара дзясятка гадоў гэтым займаюся. 

— Ад чаго залежыць ваш заробак?

— Ад прывагі цялятак. Найвышэйшая ў маёй групе прывага дасягала двух кілаграмаў 200 грамаў. Працуем сумленна, вычышчаем кармушкі, выдаём толькі якасны фураж. Нядаўна прывезлі з адной гаспадаркі цялятак, якіх паілі  з сосак, і трэба было за дзень навучыць самастойна карміцца. Залезла ў клетку, а яны ледзьве халат мой не садралі. Галодныя, худыя. Навучыла піць малачко з вядзёрка. А крыху раней паступіў вельмі худы маладняк. Адныя хрыбты і жываты да зямлі. Пэўна, іх паілі толькі пойлам. Галоўнаму заатэхніку сказала, што засталося толькі кракадзілаў яшчэ прывезці на ферму. Шмат давялося прыкласці намаганняў, каб выгадаваць гэтую групу.

— Што лягчэй: кароў даіць ці цялятак вырошчваць?

— Звыклася даглядаць прыплод. Калі працавала ў радзільным аддзяленні, то атрымлівала самыя высокія заробкі сярод жывёлаводаў гаспадаркі. Па пяць ацёлаў у суткі прымала. Часта начавала на ферме. Маленькіх вучыла карміцца, чысціла і вымывала клеткі. Гадавала маладняк да 70—80 кілаграмаў і перадавала ў іншыя групы. Вось ужо шосты год на пенсіі, але развітвацца з фермаю пакуль не планую. У маёй групе цяляткі ад месяца да здачы быкоў на мясакамбінат, а цялушак гадуем для папаўнення статка. Даглядала 130 галоў, і частку нядаўна перавялі ў іншыя групы. Засталося 50 кароў і 30 бычкоў. Сярэднясутачныя прывагі іх дасягаюць двух кілаграмаў. Па тэхналогіі прывагі цялушак не павінны перавышаць 800—900 грамаў за суткі. Спецыялісты адпаведна карэкціруюць рацыён кармлення жывёлы. 

— Так што поспех залежыць не толькі ад вашага старання...

— Працуем калектыўна пад кіраўніцтвам галоўных спецыялістаў. Важна яшчэ і тое, хто ўзначальвае ферму. За мінулыя два дзесяцігоддзі працы мяняліся загадчыкі. Больш як пяць гадоў кіруе калектывам патрабавальная Таццяна Карпава. У першую чаргу ўмее патрабаваць тое, што неабходна для дасягнення поспехаў. Перад зімовым стойлавым перыядам навялі парадак у памяшканнях, вокны зашклілі. Падрыхтавалі два жыжазборнікі. 

Часта наведвае ферму кіраўнік гаспадаркі Станіслаў Сакалоўскі. У Дзень маці кожнай жанчыне ўручыў па букету руж. У былыя гады, памятаю, на святы прыязджаў у чырвоны куток з гармонікам галоўны ветурач Генадзь Таранаў, і пасля працы гучалі песні. 

— Большасць жывёлаводаў гаспадаркі — людзі немаладыя. Ці ёсць ім вартая замена?

— Прыйшлі на жывёлагадоўчыя фермы гаспадаркі маладыя, атрымалі жыллё, а працаваць не надта імкнуцца. Спакушае сталіца. Ім бы нашу закваску да працы.

— А дочкі, муж, сын на ферме вам дапамагаюць?

— Школьніцамі Галя і Наталля пастаянна пасля ўрокаў прыходзілі на ферму. Ад нашага дома яна недалёка. І сын Андрэй ніколі не цураецца сялянскай працы. Цяпер у дзяцей свае сем’і. Дочкі па двое сыноў выхоўваюць. У сям’і Андрэя з дня на дзень чакаем нараджэння чарговага ўнука. Старэйшаму ўнуку Дзмітрыю ўжо 17 гадоў. Падрастаюць Аляксандр, Максім і Ягорка.

— Валерыю Казіміравічу ёсць каму перадаць майстэрства вадзіцеля?

— За руль хлопчыкаў не загнаць, а вось ад камп’ютара не адарваць. Па гаспадарцы нам старэйшыя Дзіма і Саша дапамагаюць. У нас свая міні-ферма, дзе толькі паспявай упраўляцца. Але толькі ў крайнім выпадку давяраю камусьці хатнюю гаспадарку. Мо, таму і баляць ад стомы ногі. Людзі танцы правяць, а я ў працы ўся. 

— Ці не адчулі вы, што Валерый Казіміравіч быццам падораны вам за перажытыя цяжкасці?

— Жывём душа ў душу. За бацькам глядзім, каб яму добра было ў нас. Ужо дзявяты дзясятак размяняў. Мая цётухна Алена Аляксандраўна тэлефануе яму. І скажу шчыра, што прыемна чуць, як бацька гаворыць, што такой дачкі, як Таня, у свеце не знайсці. Для мяне гэта найвышэйшая ўзнагарода, і дзецям, унукам прыклад, як да старэйшых ставіцца.

Мінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter