Уникальный обряд «Три Короля» проводят в Лидском районе

Не проста перформанс

Cтарадаўні абрад калядавання «Тры Каралі» бытаваў у вёсцы Ваверка Лідскага раёна яшчэ паўвека таму. Але пасля на многія дзесяцігоддзі быў забыты. Сёння абрад зноў жыве. Некалькі гадоў таму ён быў цалкам адноўлены па запісах і ўспамінах старажылаў Ваверскай зямлі.



Ладзяць абрад 6 сту­дзеня на каталіцкае свята Аб’яўлення Пана. Сёлета святочная містэрыя прайшла пры арганізатарскай дапамозе супрацоўнікаў філіяла «Ваверскі Дом культуры» ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Рыты Вадэйка і Ганны Табала. Незвычайны калядны абрад адбыўся пасля святочнай службы ў мясцовым касцёле.

— Тры Каралі — гэта вешчуны, якія, згодна з хрысціянскімі традыцыямі, наведалі Ісуса пасля яго нараджэння, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладана і міры, — распавядае метадыст ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Ірына Струмскіс. — Імёны вешчуноў, якія прыйшлі з падарункамі да немаўляці, — Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Цяпер яны з’яўляюцца традыцыйнымі персанажамі падчас рытуалу. Духоўнае значэнне абраду «Тры Каралі» ў тым, што чалавек гэтак жа, як мудрацы, павінен шукаць Бога і можа яго знайсці, калі вельмі гэтага хоча.



Падчас абраду мудрацы наведваюць дамы жыхароў вёскі Ваверкі, спяваюць рэлігійныя песні, віншуюць гаспадароў са святам, жадаюць ім дабра, здароўя і радасці. Лічыцца, дом, у які зайшлі вешчуны, будзе благаслаўлёны Богам.

— У аснову рытуалу пакладзены шчырасць, добразычлівасць, пяшчота і ўзаемапавага. Гэты абрад — не проста прыгожы тэатралізаваны перформанс, а вяртанне да вытокаў, — упэўнена Ірына Струмскіс.

Рытуал мае ўсе падставы, каб у хуткім часе папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

mila@sb.by

Фота прадстаўлена ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter