Якімі былі ў побыце, дзе любілі адпачываць і чым захапляліся беларускія класікі?

Не помнікі, а жывыя людзі

Сёлета мы адзначаем некалькі юбілеяў нашых класікаў
Падняць келіх ды з’есці кавалак святочнага пірага запрашаюць Янка Купала і Якуб Колас (сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня іх нараджэння), Максім Танк (105 год), а таксама Янка Брыль і Пімен Панчанка, якія нарадзіліся 100 гадоў таму. Мы знаёмыя з імі са школьнай парты. Чыталі іх творы, вучылі на памяць, гарталі біяграфіі. Ды што там было: нарадзіўся тады, напісаў столькі, памёр там... Многае з жыцця вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў засталося схаваным ад нас. У свой час было не прынята паказваць класікаў як простых людзей, каб не прыніжаць іх статус. Але, як нам падаецца, знаёмства з асабістымі звычкамі знакамітых пісьменнікаў, іх характарам, любімымі месцамі только збліжае з імі. Паглядзім на нашых юбіляраў з нязвыклага боку


Паэт на іншамарцы

Янка Купала адзіны ў краіне раз’язджаў на шыкоўным “Шэўрале”.


Аўтамабіль Chevrolet GA Master DeLuxe з’явіўся ў першага народнага паэта Беларусі ў 1939 годзе. Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка замяніў ім раней падораную пісьменніку савецкую “эмку”. Цікава, што ўсяго такіх машын сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін з іх трапіў у Беларусь і аказаўся ў Купалы. Менавіта на “Шэўрале” ён у чэрвені 1941 года пакінуў палаючы Мінск, пераехаў спачатку ў Ляўкі, потым у Маскву, а пазней рушыў у эвакуацыю ў кірунку Казані.

Пасля смерці паэта ў 1942 годзе машына перайшла ва ўласнасць яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч. Праз восем гадоў яна перадала яе Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы. Зараз адрэстаўрыраваны аўтамабіль, які ацэньваюць у сто тысяч еўра, экспануецца ў філіяле музея ў Ляўках, дзе знаходзілася дача паэта. Пачынаючы з 1935 года Купала штогод прыязджаў туды і жыў там з красавіка да апошніх грыбоў, якія вельмі любіў збіраць.

Чай з гумна

Якуб Колас любіў простыя стравы са звычайных прадуктаў.


І для дзіцяці Косціка, і для дарослага інтэлігента Канстанціна Міхайлавіча не было лепшай стравы за прыгатаваную па матчыных рэцэптах. Неяк нанялі пісьменніку кухарку, дык яна стала гатаваць яму ўсялякія заморскія прысмакі. А Колас кажа: “Ведаеш што, жанчынка, табе трэба ў рэстаране добрым працаваць, але не ў мяне”. І выпісаў з Мікалаеўшчыны сястру сваю Міхаліну. Яна гатавала тое, што і маці некалі: бліны, мачанку, каўбасу хатнюю... Кажуць, асабліва любіў Колас дранікі.

Пісьменнік і сам тое-сёе гатаваў. Напрыклад, выдатна саліў грыбы і гатаваў наліўкі. Што датычыцца страў і напояў, то класік быў яшчэ тым выдумшчыкам. Аднойчы, калі паэт ужо быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, заехаў з сябрамі-суправаджаючымі на малую радзіму ў Акінчыцы, дзе жыў яго старэйшы брат Уладзя. Павячэралі са скваркай-чаркай. А раніцай госці папрасілі чаю заварыць. Але які чай у вёсцы?! Не было сапраўднага чаю ва Уладавай жонкі Любы. Колас бачыць — разгубілася нявестка. Ён і шэпча: “Ідзі ў гумно — сена ж ёсць! — назбірай трухі сянной з-пад нізу, запар у чугуне добра, працадзі і падавай на стол”. І дзівіліся ж усе: што за смак! А там кветкі, зёлкі... “Гэта вам не абы што — спецыяльны акінчыцкі чай!” — пасмяяўся Колас.

Азартны ігрок

Максіма Танка вылучала цяга да азартных гульняў.


Паэт вельмі любіў шахматы, більярд, прэферанс. Часцей за ўсё гуляў у карты са сваімі сябрамі Аркадзем Куляшовым, Кандратам Крапівой, Піменам Панчанкам, Максімам Лужаніным. Маглі гуляць па некалькі сутак запар! Нават абедаць не ўставалі. Жонка Танка Любоў Андрэеўна гатавала абед, прыносіла ім розныя стравы, і яны харчаваліся літаральна за гульнёй.

У прэферанс гулялі на грошы. У Танка заўсёды так удала ішла гульня, што яго жонка жартавала: “Кідай пісаць, займайся прэферансам!” А сын класіка Максім Яўгенавіч Скурко ў адным з інтэрв’ю ўспамінаў: “Бацька выдатна помніў карту. На Нарачы ён і Лынькоў з жонкай звычайна гулялі ў “дурня”. Калі Танк выйграваў, столькі радасці было, што яго смех чуваць было ў суседняй вёсцы. Зусім дзіцячыя эмоцыі! Можна было на слых лічыць, колькі разоў ён выйграваў — па смеху”. Паэт наогул быў вельмі вясёлым і жартаўлівым чалавекам. Прычым для весялосці яму не патрэбныя былі ніякія “аперытывы”. Максім Танк зусім не піў і не курыў. Затое вельмі любіў хатняе малако.

Самы народны

Пімен Панчанка быў вельмі сціплым чалавекам.


У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў народны паэт Беларусі Пімен Панчанка жыў у вельмі цяжкіх матэрыяльных абставінах. У час, калі развальваўся Савецкі Саюз, многія пісьменнікі не шыкавалі, аднак неяк прыстасоўваліся ды зводзілі канцы з канцамі. Панчанка так не ўмеў. З-за поўнага бязграшоўя пра яго нават стала хадзіць прымаўка ў народзе: “З усіх народных паэтаў Пімен Панчанка — самы народны. Бо па сваім матэрыяльным становішчы знаходзіцца бліжэй за ўсіх да народа”. Ён памёр у 1995 годзе практычна ў галечы — была вельмі малая пенсія. Да таго ж хвароба зваліла яго з ног, і ён не мог устаць з ложка. Аднак пісьменнік нікому не скардзіўся і заўсёды заставаўся вясёлым і жыццярадасным.

Дзве палавінкі

У Янкі Брыля былі надзвычай цёплыя адносіны з жонкай Нінай Міхайлаўнай.


Іх сяброўства доўжылася 66 гадоў. Яны пазнаёміліся яшчэ ў школе, жылі за паўтара кіламетры адзін ад аднаго, разам партызанілі, а ў апошні год Вялікай Айчыннай вайны ажаніліся. Вяселле, калі так можна назваць сціплы роспіс у загсаўскім пакойчыку будынка Мірскай райміліцыі, адбылося 23 студзеня 1945 года. Маці пісьменніка ў якасці вясельнага пачастунку прыгатавала міску вінегрэту і бутэльку самагонкі. А маці Ніны перадала дачцэ пасаг — коўдру і падушку.

Расказваючы пра тое вяселле, Брыль не раз успамінаў, як чыноўніца, якая аддавала пасведчанне аб шлюбе, папярэдзіла: калі захочаце развесціся, прыйдзецца заплаціць штраф — 3 тысячы рублёў. Але, напэўна, не гэта трымала іх адзін ля аднаго дзясяткі гадоў, а цёплыя і даверлівыя адносіны. Да таго ж Ніна Міхайлаўна, як і Іван Антонавіч, таксама была літаратарам, перакладала творы. Таму ў яе асобе Брыль меў і жонку, і аднадумца, і сябра.

Міла КАВАЛЁВА

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter