Купить билеты, узнать о свободных местах на поезд, получить скидку - все возможности мобильного приложения Белорусской железной дороги

Не падыходзячы да касы

Гэты год, безумоўна, багаты на падзеі па цыфравізацыі. Прайшло толькі паўтара месяца, а нам ужо прэзентавалі асабісты кабінет пацыента, дадатак да II Еўрапейскіх гульняў і мноства іншых карысных распрацовак. Надышла чарга і Беларускай чыгунцы (БЧ) анансаваць свае IT-навінкі. Адна з найбуйнейшых — мабільны дадатак для Android і iOS, праз які можна купіць білеты, азнаёміцца з раскладам і даведацца аб цікавых прапановах. Карэспандэнт «Р» першай азнаё­мілася з новым софтам і ўба­чыла, чым ён будзе карысны пасажырам.

Навінкі зробяць паездкі кліентаў яшчэ больш камфортнымі.

Стук колаў, займальная кніга і пейзаж за акном... Такую рамантычную карціну ўяўляюць многія, плануючы замежнае турнэ або ваяж па роднай краіне. У БЧ упэўнены: каб паездка пакінула толькі прыемныя эмоцыі, пасажыру павінна быць камфортна не толькі ў цягніку, але і падчас планавання адпачынку або камандзіроўкі.

Мы ўжо даўно задумваліся над развіццём сістэмы продажу білетаў праз інтэрнэт, — распавядае Аляксандр Казачок, намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ.Нядаўна мы скончылі комплексную дапрацоўку базавых тэхналогій і таму змаглі прыступіць да працы над новай сістэмай продажу. Неад’емная яго частка — мабільны дадатак, які працуе на беларускай, рускай, англійскай мовах і лацінцы. Трэба адзначыць, што зараз мы мадыфікуем карпаратыўны сайт: неўзабаве запрацуе адзіны раз­дзел паслуг пасажырам. У ім можна будзе атрымаць даведачную інфармацыю, купіць білет і паглядзець расклад. Гэта значыць, усё «начынне» дадатку будзе бачна і на сайце — ім зручна карыстацца як з камп’ютара, так і з мабільнага тэлефона праз браўзер.

Аляксандр адкрывае тэставую версію дадатку. Тытульная старонка выканана ў традыцыйным бела-сінім колеры, зверху размешчана эмблема БЧ. Націскаем на кнопку «рэгістрацыя» і запаўняем палі стандартнымі данымі: імя, прозвішча, email і пароль. Можна аўтарызавацца і праз сацсеткі, прывязаўшы асабісты кабінет да старонкі ў Facebook, Instagram, УКантакце ці Аднакласніках. Пераходзім у раздзел «выбар маршруту» — дадатак адразу ўдакладняе: «Куды вы збіраецеся ехаць?» Спыняемся на «Брэсце-Цэнтральным». Тут жа ёсць раз­дзел «фільтры»: можна выбраць, якія лініі патрэбны (гарадскія, рэгіянальныя, міжрэгіянальныя ці міжнародныя), катэгорыю вагона, час адпраўлення і прыбыцця і гэтак далей. Дарэчы, унізе экрана ненадакучліва мільгаюць папулярныя маршруты і спецыяльныя прапановы і зніжкі БЧ — вельмі зручна.

Увялі яшчэ адзін важны сэрвіс — апавяшчэнне аб з’яўленні свабодных месцаў, — радуе Аляксандр. — Кліент зможа падпісацца на рассылку, і калі, напрыклад, нехта адмовіцца ад паездкі, яму прыйдзе паведамленне на пошту. Таксама мы візуальна спрасцілі схемы месцаў і дадалі раз­дзел «карзіна» — кліент зможа выбраць адразу некалькі маршрутаў і аплаціць усё адным клікам, што істотна скароціць час. Каб набыць квіток, трэба ўнесці ў базу серыю і нумар пашпарта, прычым зрабіць гэта прыйдзецца толькі аднойчы, у наступны раз сістэма аўтаматычна запоўніць неабходныя графы.

Як пасажыр зможа пацвердзіць аплату? Аляксандр расказвае, што ісці ў касу за папяровым білетам ці раздрукоўваць электронны не трэба — дастаткова толькі адкрыць дадатак і паказаць квіток на экране смартфона. Кантралёры хутка правераць штрыхкод спецыяльнай прыладай і пажадаюць вам прыемнай паездкі.

— Дарэчы, рэгіст­рацыя патрэбна, толькі каб набыць квіток, а наогул, карыстацца софтам можна і без аўтарызацыі. Графы «расклад па станцыі», «маршрут цягніка», «спецыяльныя прапановы», «даведка», «частыя пытанні» і «чыгуначныя вакзалы Беларусі» працуюць заўсёды.

Погляд уважлівага карысталь­ніка зачэпіцца за графу «анлайн-табло». Аляксандр тлумачыць, што гэта вельмі карысная опцыя. Напрыклад, вам трэба кагосьці сустрэць на пероне. Каб даведацца нумар платформы, пуць і час прыбыцця, больш не трэба прыходзіць на вакзал — на анлайн-табло аператыўна высвечваецца патрэбная інфармацыя.

Анансую яшчэ пару асаблівасцей: напрыклад, зараз мы прапрацоўваем магчымасць зносін пасажыраў з супрацоўнікамі кантакт-цэнтра праз месенджар. Гэта значыць, кліент зможа задаць пытанне аператару і хутка атрымаць кансультацыю, вырашыць любую праблему. Таксама хочам зрабіць у дадатку галасавы набор. «Аліса, закажы мне квіток да Брэста на заўтра на 16.30», — змогуць сказаць пасажыры, і іх просьба будзе імгненна выканана.

Упершыню дадатак прадставяць на форуме «ТИБО-2019», які пройдзе ў красавіку. Намеснік начальніка пасажырскай службы прызнаецца: БЧ сур’ёзна рыхтуецца да гэтага мерапрыемства і плануе папярэдне правесці закрытае бэта-тэсціраванне навінкі:

— А ўвесці яе ў эксплуатацыю плануем у маі — чэрвені. Наша асноўная задача — павялічыць долю продажу ў каналах самаабслугоўвання настолькі, каб яна перайшла 50-працэнтны рубеж. Пакуль што квіткі на цягнікі гарадскіх і рэгіянальных ліній эканамкласа можна купіць толькі ў касе або праз тэрмінал самаабслугоўвання — гэта для многіх не вельмі зручная схема. Таму, упэўнены, нашы навінкі зробяць паездкі кліентаў яшчэ больш камфортнымі.

glushko@sb.by

Фота Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter