Не клапацiцеся пра заўтрашняе

Чалавек часта заклапочаны многімі справамі. Гэтаму спрыяе хуткі тэмп жыцця. Такім чынам ён становіцца нявольнікам сваіх штодзённых клопатаў...

Чалавек часта заклапочаны многімі справамі. Гэтаму спрыяе хуткі тэмп жыцця. Такім чынам ён становіцца нявольнікам сваіх штодзённых клопатаў. Клопаты могуць быць разнастайныя — неабходна купіць новую модную рэч, лепш харчавацца, адпавядаць нейкаму статусу і г. д.

Каб дагадзіць сваім жаданням, чалавек жыве ў пастаяннай пагоні за нейкім прывідам шчасця. Увасабленнем гэтага шчасця могуць быць грошы як універсальная рэч, за якую нібыта можна ўсё набыць. У такім выпадку грошы, да якіх чалавек хутка прывязваецца, служаць дрэнным мэтам. Яны знявольваюць чалавека. Аднак самі па сабе грошы і розныя матэрыяльныя даброты не маюць такой моцы. Чалавек сам згаджаецца на такое зняволенне, бо “тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым” (Мк 7, 15). Як кажуць, грошы — гэта добры слуга, але дрэнны гаспадар.

Евангелле, перасцерагаючы ад клопатаў пра сваё жыццё, не заахвочвае нас нічога не рабіць, але засцерагае ад празмернага напаўнення свайго розуму справамі штодзённасці, справамі толькі адзення і ежы, а таксама нагадвае, каб чалавечая праца спалучалася заўсёды з верай у бясконцую дабрыню Бога. Вернасць дабротам гэтага свету з’яўляецца адначасова нявернасцю Богу.

Мы можам прыдумаць для сябе чарговыя клопаты, планы на будучыню, а калі яны не спаўняюцца, трапляць у роспач, паўтараючы, што Бог нас пакінуў. Мы не атрымалі тое, аб чым прасілі падчас малітвы, нашы планы не здзейсніліся — гэта не знак таго, што Бог нас пакінуў. Можа быць, Божыя планы былі іншыя? Можа быць, у гэтым вінаваты грэх іншага чалавека? У рэшце рэшт, той, хто захавае вернасць Богу, не будзе расчараваны.

Каб навучыцца любіць Хрыста, а не толькі думаць пра матэрыяльнае, неабходна адкрыцца на Яго любоў, бо “гэта Ён працуе, а не мы, Ён любіць першы”, як кажа Папа Францішак. Клопат пра штодзённае, які займае чалавечае сэрца, прыводзіць да яшчэ аднаго стану, калі звычайна чалавек кажа, што Бог забыўся пра яго. Гэта стан цяжкага граху. У такія моманты здаецца, што калі я забыўся пра Бога, то і Яму няма чаго пра мяне памятаць. Аднак Ён памятае пра нас проста таму, што любіць. Без умоваў, без тлумачэнняў. Значыць, Яго любоў мацнейшая за грэх.

Кожны з нас сам выбірае жыццё або смерць, свабоду ў Богу або ілжывую свабоду граху, але мы ведаем, што на самай справе кожны грэх робіць чалавека нявольнікам. Бог не нагадвае пра нашыя слабасці. Нявольнікам граху Ён кажа проста: “Выйдзеце на свабоду!” (Іс 49, 9). Ён чуе голас тых, хто просіць Яго аб збаўленні, прабачае і ратуе, таму што Ён — “Бог, Які з’яўляецца Любоўю” (1 Ян 4, 16).

Ксёндз Кiрыл Бардонаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter