Не эканамiчны цуд, а дакладны разлiк

Верхнядзвiнскае райспажыўтаварыства па рознiчнаму тавараабароту выйшла на 7-е месца ў вобласцi 

Паводле слоў старшынi праўлення Верхнядзвiнскага райспажыўтаварыства Iрыны Козел, па колькасцi абслугоўваемага насельнiцтва раён займае 13-е месца на Вiцебшчыне, а па аб’ёму рознiчнага тавараабароту выйшаў ужо на 7-е месца. I, калi так можна выказацца, мясцовыя кааператары працягваюць iншым калегам наступаць на пяты. Скажам, за першы квартал гэтага года па аб’ёму рознiчнага тавараабароту верхнядзвiнцы ўжо на шостым месцы ў вобласцi, а па рэалiзацыi тавараў на душу насельнiцтва сталi трэцiмi.

Наколькi гэта няпростая перамога – мяркуйце самi. Верхнядзвiнскi раён так i не ўзнавiў даваенную колькасць жыхароў. Калi па краiне вайна знiшчыла кожнага чацвёртага цi трэцяга беларуса, то на Верхнядзвiн­шчыне недалiчылiся практычна кожнага другога. Прасцей кажучы, яна не густа населеная, а задачы, у прыватнасцi для кааператараў, як i ў iншых рэгiёнах.

Тым не менш, як тлумачаць у Вiцебскiм аблспажыўсаюзе, верхня­дзвiнцы прэтэндуюць на здзяйсненне, так бы мовiць, эканамiчнага цуду. I многага ўжо дабiлiся ў гэтым накiрунку. Толькi вытворчасць уласнай прадукцыi за апошнiя пяць гадоў практычна падвоiлася. Ладзяцца справы па закупках сельскагаспадарчай прадукцыi i сыравiны ў насельнiцтва.

Iрына Козел зазначае, што калектыў райспажыўтаварыства пастаянна нарошчвае паказчыкi iнвестыцыйнай дзейнасцi. У развiццё асноўных галiн за пяцiгодку ўкладзена 7,9 мiльярда рублёў. У самiм Верхнядзвiнску выканана мноства праектаў па рамонту, рэканструкцыi, будаўнiцтву аб’ектаў кааперацыi. Найбольш значнымi можна назваць унiверсам “Цэнтральны” па лунiнецкiм метадзе, будаўнiцтва трох мiнi-магазiнаў – “Ветразь”, “На Лясной” i “Прывакзальны”. Непазнавальна змянiлiся магазiны “Гаспадарчыя тавары”, “Тэхнiка ў быце”, “Мэбля” i пяць харчовых магазiнаў. I ў грамадскае харчаванне ўкладзена iнвестыцый больш як два мiльярды рублёў.

Пакуль што незадаволены верхнядзвiнцы паказчыкамi вытворчасцi спажывецкiх тавараў. Але праўленне лiчыць гэта часовым недахопам. Падмурак для ўзыходжання закладзены трывалы. Праведзена рэканструкцыя 100-тоннага амiячнага халадзiльнiка. Устаноўлена каля дзесятка дадатковых халадзiльных камер. Набыта абсталяванне для вытворчасцi мясных паўфабрыкатаў.

Пашыраецца i сфера платных бытавых паслуг. Штогадовы прырост у гэтым накiрунку складае звыш 30 %. Ужо сёння райспажыўтаварыства аказвае паўтара дзесятка паслуг для насельнiцтва райцэнтра i вёсак: рытуальныя, бiльярд, музычнае афармленне, рамонт швейных вырабаў, цырульныя, аверлок…

I ўсё ж галоўнай вытворчай, калi так можна выказацца, пляцоўкай кааператараў застаецца глыбiнка. Яны сумесна з мяцовай уладай плённа працуюць над Дзяржаўнай праграмай адраджэння i развiцця вёскi. Толькi ў аграгарадках Верхнядзвiншчыны апошнiм часам адкрылi 7 новых гандлёвых аб’ектаў, праведзены капiтальныя рамонты ў 26 магазiнах i крамах. Усюды ўстаноўлена новае гандлёва-тэхналагiчнае i халадзiльнае абсталяванне.

Усяго ў сiстэме райспажыўтаварыства дзейнiчаюць 88 мага­зiнаў. Кааператары iмкнуцца, каб вясковыя прадпрыемствы гандлю i грамадскага харчавання нi ў чым не ўступалi гарадскiм. У тым лiку i па насычанасцi таварамi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter