Творы маладой мастачкі з Даўгаўпілса выстаўляліся ў Цэнтры беларускай культуры

Назвалі выставу “Надзея”

Творы маладой мастачкі з Даўгаўпілса выстаўляліся ў Цэнтры беларускай культуры

Кажуць, многае дзеці бяруць у жыццёвую дарогу ад сваіх родных — так і ў Надзеі Паўловіч, напэўна, атрымалася. Яе маці Вольга Андрэеўна, у дзявоцтве Чэкан, родам з вёскі Бяльмонты Браслаўскага раёна, бацька Мікола Канстацінавіч — з Гродзеншчыны. Бацькі мастачкі — старэйшыя члены Беларускага таварыства “Уздым” у Даўгаўпілсе, актыўна супрацоўнічаюць з Цэнтрам беларускай культуры. І Надзея таксама далучана да грамадскіх справаў. У прыватнасці, яна ўдзельнічала ў афармленні стэндаў ЦБК. 

vistava.png

Мастачка Надзея Паўловіч выступае на прэзентацыі сваёй выставы ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе


Калі казаць пра карані таленту, варта згадаць яе бабулю ды бабуліну сястру: у іх былі залатыя рукі. Цудоўна вышывалі, вязалі, маглі з густам пашыць прыгожую сукенку ці спадніцу. Вось і перадалося дзяўчынцы і ўменне, і жаданне зрабіць нешта прыгожае. Маці расказвае: усё, што трапляла ў рукі малой Надзейкі, магло ператварыцца ў забаўную цацку, рабіла яна адметныя пано з сухацветаў, калядныя падсвечнікі. Потым зацікавілася мастацтва арыгамі, навучылася рабіць, напрыклад, мініяцюрныя замкі з паперы: з возерам, з лебедзямі — цэлыя кампазіцыі. З узростам з’явіліся і больш складаныя работы. Надзея вучылася ў Рускім ліцэі Даўгаўпілса, займалася ў мастацкай студыі ў мастачкі Жанэты Язерскай. Там пачала маляваць, асвойвала майстэрства мастацкай фатаграфіі.

Кожнае лета дзяўчынка праводзіла на Браслаўшчыне, у бабулі і дзядулі. Там натхнялася прыгажосцю адметнага азёрнага краю, рабіла замалёўкі мясцовых краявідаў, каб потым перанесці на жывапісныя палотны. У яе творах ёсць і маштабнасць бачання, і ўвага да маленькіх дробязяў, і адметны почырк.

Паралельна з мастацкай студыяй Надзея скончыла курсы дызайна. Некаторы час займалася мастацкім афармленнем дзіцячага садка, дзе працуе яе маці. Ды галоўнае ўсе ж для яе — маляванне. Мастачка спрабуе сябе ў розных напрамках, шукае свой стыль. Працуе алоўкам, алейнымі фарбамі, малюе каляровымі крэйдамі, акварэлямі: пейзажы і партрэты, нацюрморты і жывёлін. Атрымліваецца графіка. Пасля вучобы ў ліцэі Надзея Паўловіч вучылася ў Даўгаўпілскай цэнтральнай гімназіі, потым — у Рыжскай міжнароднай вышэйшай школе эканомікі і бізнесу. Павучылася і ў Аўстрыі, адтуль прывезла цудоўныя графічныя работы. Цяпер працуе ў Даўгаўпілсе і працягвае займацца любімай справай: піша карціны.

Вядома ж, мясцовым беларусам гонар, што ёсць у нашай грамадзе такі таленавіты чалавек. Вось і з’явілася ідэя зрабіць першую выставу карцін Надзеі Паўловіч, якую падтрымалі таварыства “Уздым” і Цэнтр беларускай культуры. Маладая мастачка дала выставе назву “Надзея”. Мы з задавальненнем і захапленнем разглядвалі плён яе працы. Шмат цёплых слоў сказалі суродзічы Надзеі. Асабліва спадабаліся ўсім вясковыя пейзажы Бацькаўшчыны. Для некаторых з імі звязаны ўспаміны пра родную хату, мясціны маленства. Назвы карцін яскравыя: “Цёткіна студня”, “Сядзіба дзядулі”, “Возера Дрывяты”… Цікавыя серыі графічных работ: “Старая Рыга”, “Куфштэйн” (горад у Аўстрыі) ці “Воўк” — ад апошняй такое ўражанне, быццам на цябе глядзіць жывы драпежнік.

Надзею Паўловіч, як кажуць, пацалаваў Гасподзь. Хачу пажадаць мастачцы, каб творчасць і натхненне заўсёды з ёй сябравалі, а творы радавалі сэрцы, сагравалі душы гледачоў. І мы, землякі, будзем гэты светлы талент падтрымліваць. Дарэчы, выстава мела яшчэ адзін добры вынік: неўзабаве пасля яе стала вядома, што Асацыяцыя мастакоў Прыбалтыкі прапанавала Надзеі Паўловіч стаць яе членам.

Людміла Сінякова, сустаршыня таварыства “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter