Навагрудак вiтае гасцей

Старажытны Навагрудак, дзе сівыя муры суседнічаюць з новабудоўлямі, 12—13 чэрвеня вітае гасцей з усёй рэспублікі і замежжа. Яны прыехалі да нас з нагоды значных дат: нашаму гораду споўнілася 960 год, і гэты юбілей супадае з надыходзячым усенародным святам — 60-годдзем вызвалення рэспублікі ад іншаземнай навалы.
Святочныя мерапрыемствы адкрые навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычная і культурная спадчына Навагрудчыны. Мінулае і сучаснасць». На некалькіх сцэнічных пляцоўках адбудуцца канцэрты музычных і фальклорных калектываў Гродзеншчыны. У прыватнасці, Слонімскі драмтэатр пакажа для дзяцей казку. На Замкавай гары пройдуць рыцарскія баі з удзелам смаргонскага і навагрудскага клубаў адзінаборстваў. У доме-музеі Адама Міцкевіча адкрыецца персанальная выстаўка нашага земляка Кастуся Качана, а ля помніка славутаму паэту паэтычны тэатр «Зніч» і музычная капэла «Санорус» пакажуць монаоперу «Адзінокі птах». Дзяржаўны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга наладзіць прэм’еру праграмы «Песні перамогі», прысвечаную 60-годдзю вызвалення Беларусі, і гала-канцэрт эстраднай музыкі «Лепшыя песні». Начное неба над горадам расцвеціць маляўнічы феерверк. Трэба адзначыць, што Навагрудчына сустракае свята добрымі вынікамі ў развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Асаблівая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню моладзі. У сельскіх і пасялковых Саветах праводзіцца эстафета «Паклонімся вялікім тым гадам». Упершыню ў рэспубліцы быў дадзены старт руху за прысваенне пярвічным арганізацыям БРСМ імён героеў-камсамольцаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, іншых знакамітых землякоў, загінуўшых у змаганні за радзіму. На Куравіцкай гары адкрыты памятны знак воінам Чырвонай арміі, якія склалі свае галовы ў час цяжкіх баёў у 1941 годзе ў «Навагрудскім катле». І, безумоўна, асаблівы клопат пра ветэранаў вайны, якіх у раёне каля пяцісот. У іх гонар і сённяшняе свята. Запрашаем у наш горад, не сумнявайцеся — будзе цікава!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter