
Дызайн машыны прыемны. Geely GS для нашага рынку — першая генерацыя мадэлi, у той час як у Кiтаi прадаецца ўжо трэцяя. Такое адставанне абумоўлена прагматыкай. Завод укладвае сродкi ў правераны на кiтайскiм рынку праект, з мiнiмальнымi рызыкамi па засваеннi поўнага тэхналагiчнага цыкла.
— Пад капотам у Geely GS — атмасферны рухавiк аб’ёмам 1,8 лiтра, магутнасцю ў 133 конскiя сiлы, — расказвае карэспандэнту «Р» пра ключавыя моманты новай мадэлi намеснiк дырэктара СЗАТ «БЕЛДЖЫ» па маркетынгу i продажах Мiкалай Лiсоўскi. — Каробка пераключэння перадач — 6-ступеньчатая, рабатызаваная. Пярэдняя падвеска —МакФерсан, задняя — паўнезалежная з падоўжанай бэлькай. Выканана мадэль у чатырох колерах: белым, белае золата, кеянiтава-сiнiм i марсiянскiм чырвоным.

У салоне цешыць вока панарамны дах «Зорнае неба». Iншыя прыемныя моманты — скураны салон, бесключавы доступ i запуск рухавiка, парковачная камера задняга агляду, святлодыёдныя фары i велiзарныя для аўтамабiля такога сегмента 18-цалевыя дыскi. Бяспека на ўзроўнi — шэсць падушак. Ды i па вынiках тэстаў кiтайскай праграмы ацэнкi бяспекi аўтамабiляў С-NCAP навiнка атрымала пяць зорак з пяці.
А што з цаной? Яна пакусвае кiшэню. Называць бюджэтнай Geely GS язык не павернецца. 43,9 тысячы рублёў за камплектацыю «камфорт» i 46,9 тысячы рублёў — за «люкс». Апошняя адрознiваецца сэнсарнай панэллю, панарамным люкам, дыскамi, рулём з кнопкамi кiравання мультымедыя. Што ж, чакаем салодкага крэдыту цi лiзiнгу на новую мадэль.

На канчатковую цану ўплывае, як вядома, мноства фактараў. Пандэмiя кiнула беспрэцэдэнтны выклiк прамысловасцi. Пастаўшчыкi соцень камплектуючых iмкнуцца павышаць цэны. А кошт транспарцiроўкi кантэйнераў з Кiтая ўзрос у два разы. Усё чаму: нягледзячы на пандэмiю, у Кiтаi працягваецца рост вытворчасцi — дэфiцыт кантэйнераў.
Дырэктар СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Генадзь Свiдэрскi падзялiўся, што самае вялiкае дасягненне прадпрыемства за мiнулы год — тое, што доля Geely на нашым рынку склала 20 працэнтаў. Гэта значыць, што кожны пяты прададзены новы аўтамабiль у краiне — гэтай маркi.

Мадэльны шэраг у Geely сёлета прыкметна мяняецца. У сакавiку мiнулага года «БЕЛДЖЫ» выпусцiла ў свет мадэль, якая прыйшлася ўсiм даспадобы — i аўтаблогерам, i пакупнiкам. Coolray тут жа адправiлi на поўны тэхналагiчны цыкл. Цяпер гэтая мадэль у шэрагу флагманскiх на бягучы год. Красовер Еmgrand X7 i седан Emgrand 7 дажываюць свой апошнi год на канвееры. Emgrand 7 заменяць больш свежым, але не менш бюджэтным — FE6. Мадэрнiзуе «БЕЛДЖЫ» i флагман мiнулых гадоў Atlas — зараз той атрымае прыстаўку «Pro».
Не забывае айчынны аўтавытворца ў такiя няпростыя часы i пра электрамабiлi. Працягваюць адаптаваць да нашага рынку электрамабiль — Geometry А. «БЕЛДЖЫ» асцярожна вывучае попыт на яго — у другiм паўгоддзi прывязе ў нашу краiну з Кiтая каля 1000 такiх машын. Паралельна развiвае iнфраструктуру дастаўкi запчастак i вучыць дылераў абслугоўваць Geometry А. Пазiцыя завода нязменная: цэны на гэты аўтамабiль не паднiмуцца вышэй за 30 000 долараў. Таксама сёлета завод тэсцiруе электрычны хэтчбек Geometry C. На думку спецыялiстаў, ён больш унiверсальны, чым яго сабрат з лiтарай А.
ikras@sb.by