“Наступная станцыя — Парэчча...”

Менавіта ў гэтым мястэчку 150 гадоў таму быў пабудаваны першы ў Беларусі чыгуначны вакзалТак, сёлета Беларуская чыгунка адзначае свае 150-я ўгодкі: 15 снежня. Час жыцця магістралі адлічваецца з моманту, як адкрыўся рух на ўчастку Парэчча—Гродна. На станцыі Парэчча быў пабудаваны і першы ў Беларусі чыгуначны вакзал. Прыгожы і вытанчаны, ён стаў не толькі своеасаблівым цэнтрам грамадскага жыцця Парэчча, але і знакавым месцам савецкай кінаіндустрыі. “Двое на востраве слёз”, “Жывы зрэз”, “Мяне завуць Арлекін”, “Міколка-паравоз” — у гэтых і іншых фільмах бачны той адметны будынак.
Вакзалу ў Парэччы ўжо 150 гадоў, а выглядае ён – як новыМенавіта ў гэтым мястэчку 150 гадоў таму быў пабудаваны першы ў Беларусі чыгуначны вакзал
Так, сёлета Беларуская чыгунка адзначае свае 150-я ўгодкі: 15 снежня. Час жыцця магістралі адлічваецца з моманту, як адкрыўся рух на ўчастку Парэчча—Гродна. На станцыі Парэчча быў пабудаваны і першы ў Беларусі чыгуначны вакзал. Прыгожы і вытанчаны, ён стаў не толькі своеасаблівым цэнтрам грамадскага жыцця Парэчча, але і знакавым месцам савецкай кінаіндустрыі. “Двое на востраве слёз”, “Жывы зрэз”, “Мяне завуць Арлекін”, “Міколка-паравоз” — у гэтых і іншых фільмах бачны той адметны будынак.
Пра гісторыю ўзнікнення мястэчка на беразе возера Малочнага, у 30 кіламетрах ад Гродна, цікавыя падзеі тых месцаў мне расказала завуч Парэцкай сярэдняй школы Наталля Даніловіч. Адна з версій паходжання назвы — ад месцазнаходжання вёскі: менавіта ля ракі, уздоўж яе. Кажуць, Парэчча ўзнікла па рэках, якія раней былі злучаны ў адзіную водную сістэму каналамі. Старажылы ж лічаць, што калі ішло будаўніцтва чыгункі Санкт-Пецярбург—Варшава, то ўчасткі, дзе клаліся рэйкі, былі густа аброслыя кустамі дзікай чырвонай смародзіны, якую на Беларусі называюць парэчкамі. Адсюль і назва. А пракладка гэтай ніткі расійскай чыгункі была знакавай, з’явай у рэгіёне.
Указ Імператара наконт будаўніцтва выйшаў 31 студзеня 1852 года. Ходам работ кіравалі замежныя інжынеры, асноўнай рабсілай спачатку былі арцелі мужыкоў з цэнтральных расійскіх губерняў, ужо з вопытам будаўніцтва Пецярбургска-Маскоўскай лініі. Рэйкі вазілі з Ноўгарада і Бранска, Смаргонь пастаўляла крапёж і цвікі, Рыжскі завод — вагоны, а паравозы — Бранск і Тула. І ўжо праз дзесяць гадоў праз Парэчча на Гродна прайшла чыгунка, а на ёй па праекце архітэктара Маякоўскага быў узведзены вялікі і прыгожы вакзал. Дарэчы, станцыя доўгі час мела назву Друзкенікі, апошні раз яна сустракалася ў выдадзеным па-польску геаграфічным слоўніку 1887 года. Надпісы на дзвярах вакзала па-літоўску былі аж да 90-х гадоў мінулага веку: да 1994 года станцыя адносілася да Літоўскай чыгункі. Гэта быў буйны чыгуначны вузел з рамонтным дэпо, складамі. З дамамі для чыгуначнікаў і клубам, бібліятэкай. Быў у Парэччы і свой аркестр. Прывакзальную плошчу лічылі гэткім, як цяпер кажуць, тусовачным месцам: там прызначаліся спатканні, ладзіліся гульні, па святах і выхадных гудзеў вялікі кірмаш. З вакзала цягнікі ішлі на Гродна, Вільнюс, Друскінінкай.
Глядзіш старыя фотаздымкі — і ўзнікае пытанне: чаму гэта раптам за 30 вёрст ад Гродна была збудавана такая вялікая станцыя? “На тое былі асаблівыя прычыны, — тлумачыць Наталля Даніловіч. — Станцыя Парэчча адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Гісторык Е. Арлоўскі ў кнізе “Гарадзенская даўніна” піша: “Чыгунка Санкт-Пецярбург—Варшава была пабудавана кампаніяй французскіх інжынераў, у ліку якіх было шмат палякаў з французскімі пашпартамі”. А сярод іх, паводле гістарычных дакументаў, было нямала прыхільнікаў Каліноўскага. Тым і тлумачацца некаторыя акалічнасці. Гэтая мясцовасць была вельмі зручнай для арганізацыі цэнтра польскай патрыятычнай дзейнасці. Дрымучыя лясы, якія цягнуліся тады па абодва бакі чыгункі, палягчалі забеспячэнне паўстанцаў зброяй. Склады маглі служыць месцам яе захоўвання. Па-другое, Парэчча было злучана грунтовай дарогай з Друзгенікамі — месцам для лячэння і аздараўлення высокапастаўленых асоб”.
У час Вялікай Айчыннай вайны будынак вакзала быў часткова разбураны. Яго аднавілі, зноў надалі адметнасць прыгожаму і ў той жа час суроваму месцу: гавораць, кожны метр чыгункі каштаваў аднаго чалавечага жыцця.
І сёння вакзал — прадмет гонару жыхароў Парэчча. Ім нездарма захапляюцца і шматлікія турысты, шляхі якіх вядуць праз гэтае мястэчка. А плошча пры вакзале так і застаецца самым бойкім месцам. Працуе і базарчык, які з задавальненнем наведваюць як мясцовыя жыхары, так і з навакольных вёсак. У народзе, дарэчы, кажуць: мястэчка Парэчча. “Па гэты час неяк не паварочваецца язык называць Парэчча вёскай ці аграгарадком, — прызнаецца Наталля Даніловіч. — Тут так прыгожа! І жывуць дзівосныя, сардэчныя людзі: палякі, літоўцы, яўрэі, рускія, беларусы. Кажуць, паселішча называлі мястэчкам яшчэ ў тых паўсотні яўрэйскіх сем’яў, што ўпершыню пасяліліся тут. А будаўніцтва чыгункі стала пачаткам Парэчча”.
Я чую ў словах настаўніцы ноткі настальгіі, лёгкай тугі па тых часах, калі ўсе маглі хоць штодзень без праблем ездзіць у прыгожы літоўскі гарадок Друскінінкай. Каб пагуляць па яго ўтульных парках, пасядзець у кафэ, проста пахадзіць па крамах. Гэта ўсяго ў 17 кіламетрах ад Парэчча. І местачкоўцы настальгічна спадзяюцца, што з часам ізноў, як і 150 гадоў таму, самы кароткі шлях з Пецярбурга ў Заходнюю Еўропу будзе ўсё ж праходзіць праз Парэчча.

Іна Ганчаровіч
На здымку:
Вакзалу ў Парэччы ўжо 150 гадоў, а выглядае ён – як новы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter