Педагог з Магілёва Валеры Барашкоў атрымаў званне “народнага”

Настаўнік нашага часу

Упершыню ў краіне прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік Беларусі”. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Першым ушанаваны педагог з Магілёва Валеры Васілевіч Барашкоў.

Як паведамляецца ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” (№228, 26.11.2016), настаўнік фізікі абласнога ліцэя №1 Валеры Барашкоў, калі яму па тэлефоне аб’явілі пра ўзнагароду, адразу не паверыў: “Думаў — розыгрыш. Народных настаўнікаў у нас ніколі не было... Іншая справа — артысты…”

У галіне адукацыі Валеры Васілевіч працуе больш за 40 гадоў. Спачатку вёў заняткі ў сельскай школе, і ўжо 26 гадоў выкладае фізіку ў магілёўскім ліцэі. Складаныя тэрміны ды формулы ён растлумачвае ліцэістам так, што нават “гуманітарыі” ведаюць фізіку на выдатна. А славу настаўнікам, як вядома, робяць іх вучні. Падлічана: каля 200 з вучняў народнага настаўніка Барашкова ў розны час станавіліся прызёрамі, пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд. А некаторыя, закончыўшы “фізфак”, працуюць па спецыяльнасці. Ёсць і тыя, хто пайшоў у навуку.

З атрыманнем высокага звання віншуюць настаўніка як цяперашнія ліцэісты, так і былыя вучні. Сам жа Валеры Барашкоў да ўзнагароды ставіцца па-філасофску. Кажа, што настаўнік — гэта не дыплом, а прызванне, і што сапраўдных педагогаў у краіне шмат.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter