Настаўнікаў віншуе міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паважаныя калегі!

Сардэчна віншую вас з Днём настаўніка — цудоўным святам, якое вызначаецца асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю вам — настаўнікам.
Спакон веку да настаўніка прад’яўляліся самыя высокія патрабаванні. І беларускія педагогі з годнасцю выконвалі высакародную місію. Школы і ўніверсітэты заўсёды былі цэнтрам грамадскага жыцця, з’яўляліся носьбітамі і прапагандыстамі ведаў, культуры і гуманітарных каштоўнасцей.
Вам выпала жыць і працаваць у выключна адказны час — перыяд стваральнага развіцця і якаснага абнаўлення сістэмы айчыннай адукацыі.
Мэтанакіравана ідзе працэс павышэння сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, які сёння звязаны не проста з павышэннем аплаты працы, але і з пераходам на новыя крытэрыі ацэнкі дзейнасці настаўніка, у залежнасці ад яго асобасных і прафесійных дасягненняў, здольнасці бесперапынна ўдасканальваць свой багаж ведаў і педагагічнае майстэрства. На дзяржаўным узроўні заахвочваюцца ініцыятыва, прафесіяналізм, імкненне да інавацыйнага развіцця. Напярэдадні нашага прафесійнага свята прайшоў рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года”. Пераможцам стаў высокаадукаваны, інтэлігентны, таленавіты педагог з Брэстчыны, сапраўдны майстар сваёй справы Юрый Мікалаевіч Андрэйчык. На яго будуць раўняцца маладыя і вопытныя настаўнікі, яго дасягненні ўвойдуць у скарбонку педагагічнага майстэрства краіны. Упэўнены, што такіх адданых і захопленых сваёй працай людзей у нас шмат. На іх і трымаецца наша школа, гартуюцца лепшыя педагагічныя сілы.
Ваша актыўная грамадзянская пазіцыя, чулыя, уважлівыя адносіны да сваіх выхаванцаў сапраўды бясцэнныя. Будучыня залежыць ад таго, чаму і як навучыце вы сваіх вучняў, якім будзе выпускнік новага часу. Нізкі паклон вам за падзвіжніцкую працу, аптымізм, энтузіязм і шчырую любоў да дзяцей.
Ад душы жадаю вам здароўя, шчасця, поспехаў у педагагічнай дзейнасці, творчых ідэй і іх ажыццяўлення. Няхай вучні радуюць вас сваімі перамогамі і дасягненнямі! Заставайцеся заўсёды самымі лепшымі для сваіх вучняў!
З шанаваннем Аляксандр РАДЗЬКОЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter