Нашчадак роду Глушонкаў

Год Міхала Клеафаса Агінскага распачаўся ў Залессі трыма выданнямі-падарункамі, прысвечанымі аўтару знакамітага паланеза “Развітанне з Радзімай”
Год Міхала Клеафаса Агінскага распачаўся ў Залессі трыма выданнямі-падарункамі, прысвечанымі аўтару знакамітага паланеза “Развітанне з Радзімай”

Найперш патлумачу, чаму пішу “Міхал Клеафас”, а не “Клеафас”, як часам падаюць: маўляў, каб размежаваць яго з ягоным дзядзькам, таксама кампазітарам Міхалам Казімірам Агінскім. Але ж імёны “Клеафас” і “Казімір” і ў першым, і ў другум выпадку — не першыя, а другія па чарговасці і, значыць, важнасці найменні! Абодва кампазітары, упэўнены, палічылі б неэтычным другое імя ўжываць без першага. То давайце паважаць памяць абодвух! Уласна кажучы, юбілей, 250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага, абвешчанае Годам ЮНЕСКА, ужо распачалося летась ранняй восенню: адкрыццём пасля працяглага рамонту-абнаўлення сядзібы кампазітара ў ягоным маёнтку Залессе, што ў Смаргонскім раёне Гродзеншчыны. Туды вядуць чыгунка і шаша, калі ехаць з Мінска на Вільнюс.

Гравюра Эміля Руарга “Сядзіба Агінскіх у Залессі” паводле малюнка з натуры Леанарда Ходзькі (1822)

Від на сядзібу Агінскіх у Залессі пасля аднаўлення. Смаргонскі раён, 2014 год

Для мяне асабіста юбілей — падвойнае свята. Мне ж першаму ў пасляваенны час пашчасціла даказаць: Міхал Клеафас прабываў, пішучы паланезы, не “дзесьці ў Польшчы ці Літве”, не на “расійска-прускай мяжы”, а менавіта ў “14 мілях на ўсход ад Вільні па дарозе на Мінск”. Пра тое была публікацыя ў былой маладзечанскай абласной газеце “Красное знамя” ў 1959 годзе. Пасля таго ў Залессе ехалі журналісты з Мінска і Масквы, якія часта ў артыкулах і радыёперадачах спалучалі рэаліі, далікатна скажу, з фантастыкай… Пазней мне давялося вазіць як самадзейнаму гіду ў яшчэ не адноўленае Залессе і польскіх, і літоўскіх, і англійскіх ганаровых гасцей, сустракацца з нашчадкамі Агінскага і таксама кампазітарамі стрыечнымі братамі Іва і Анджэем Залускімі, якія цяпер жывуць у Вялікабрытаніі, і пісаць пра іх артыкулы. Як і пра самога Міхала Клеафаса: у кнігах “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе” (1969) і “Соотечественники” (2013).

Міхал Клеафас Агінскі

І здавалася мне: ведаю пра ўсіх Агінскіх багата. Ды ўсё ж тры выданні-падарункі, прысланыя мне на Новы год Таццянай Кляшчонак, педагогам і перакладчыцай, а цяпер і экскурсаводам па “заезных” суботах і нядзелях у Залессі, парадавалі мяне і шматколернасцю, і навізною ды навуковасцю зместу.

Пачаць агляд можна б і з 18-старонкавай брашуры “Залескі сакратар Леанард Ходзька”, выдадзенай у серыі “Постаці побач з М. -К. Агінскім”. Але пачнем з самога юбіляра, з рускамоўнага “Календаря-биографии Михала Клеофаса Огинского” на 2015 год: упершыню я сустрэўся з такім жанрам. У ім таксама мноства невядомых мне крыніц інфармацыі, імёнаў, ілюстрацый. Пагартаем выданне, пройдзем праз увесь жыццяпіс дыпламата, кампазітара, патрыёта з дабаўленнем уласнай інфармацыі. Дарэчы, у друку часта сустрэнеш, што ён — польскі і літоўскі кампазітар і дзяржаўны дзеяч. Аднак юбіляр быў нашчадкам беларускага роду Глушонкаў з Віцебшчыны, Агінскім жа стаў пасля даравання ім маёнтка Агінты (цяпер на тэрыторыі Літвы). Быў і “ліцвінам”: так, у адрозненне ад “жмудзінаў”, называлі славянскіх насельнікаў тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.


Студзень.


Вялікі ўрывак з невядомай мне раней “Маёй біяграфіі, пачынаючы з дзяцінства і да 1788 года” М.-К. Агінскага. Варта працытаваць у перакладзе першыя радкі: “Я нарадзіўся 25 верасня 1765 г. у Гузаве, вёсцы маіх бацькоў, размешчанай (…) у 7 мілях ад Варшавы. Мой бацька, Анджэй Агінскі, да канца дзён сваіх ваявода Троцкі, а ў момант майго нараджэння староста Ашмянскі, мечнік Княства Літоўскага, кавалер польскіх ордэнаў, пакінуў Літву, каб асесці ў Польшчы, ажаніўшыся з маёй мамай, удавой Патоцкага, Гузаўскага старосты”. Гувернёрам Міхала Клеафаса быў француз Жан Рале, які, аказваецца, раней выхоўваў нашчадка аўстрыйскага трона эрцгерцага Леапольда ды цярпліва выхоўваў свайго вучня-ліцвіна на ідэалах хрысціянства і французкага Асветніцтва: па-еўрапейску. Пазней, варта згадаць, “удзячны вучань” паставіць свайму настаўніку памятны камень у Залессі.

Люты.


Старонка мае назву “Першыя ступені палітычнай кар’еры”. Ступені былі значныя: дэпутат сейма, член Фінансавай камісіі Вялікага Княства Літоўскага, які склаў карту памежжа “ад Палангі да Брэста”, страсны прыхільнік палітычных і эканамічных рэформ.

Сакавік.


Тут аповед пра Агінскага як дыпламата, пасла Рэчы Паспалітай у Галандыі і Англіі. За граніцу ён паехаў ужо з жонкай Ізабэлай з Лясоцкіх. Ствараў першыя паланезы. У 1791-м пераехаў на віцебскія землі, у родавыя маёнткі колішніх Глушонкаў.

Красавік.


Дзве чарговыя старонкі календара-біяграфіі маюць назву “Паміж молатам і накавальняй”. Гэта значыць: паміж Расійскай імперыяй і Рэччу Паспалітай. Што молат, а што накавальня, разабрацца чытачу цяжка. Хутчэй за ўсё, абодва бакі ў сваім жорсткім, аж да кровапраліццяў супрацьстаянні былі адначасова і тым, і другім. Агінскі ж вымушаны быў прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ, сустрэўся ў Магілёве з яе фаварытам князем Пацёмкіным, каб толькі вярнуць канфіскаваныя маёнткі свайму “слонімскаму дзядзьку” — гэта, нагадаем, Міхал Казімір Агінскі, вялікі гетман літоўскі і таксама кампазітар, здаецца, аўтар дзвюх опер. Менавіта ў яго тэатры пляменнік бываў у дзяцінстве. Распачынаюцца складаныя палітычна-фінансавыя інтрыгі…

Май.


У канцы 1792 года Агінскі едзе ў Пецярбург, сустракаецца з царыцай і яе саноўнікамі. Яму прапануюць адгаварыць свайго “слонімскага дзядзьку” ад займання пасады вялікага гетмана, і гэта пляменніку нібыта ўдаецца.

Чэрвень.


Але тут, у 1793-м, адбываецца другі падзел Рэчы Паспалітай (дзялілі знясіленую дзяржаву, нагадаем, Аўстрыя, Прусія і Расія), а за ім успыхвае паўстанне пад кіраўніцтвам “ліцвіна” (значыць, фактычна беларуса) Тадэвуша Касцюшкі. Яго прыхільнік Міхал Клеафас за прададзеныя ці закладзеныя кляйноты сваёй жонкі ўзбройвае атрад у 500 чалавек і з баямі накіроўваецца праз Ашмяну(!), Валожын ды Івянец да Мінска. Далей — на ўсход, каб “далучыць да паўстання каля 12.000 уласных прыгонных сялян, адпусціўшы іх на свабоду”. Але той паход перапынілі расійскія войскі. У баі каля Бакштаў, на Валожыншчыне, Агінскі ледзь не загінуў, а потым ледзь дабраўся да Вільні.

Ліпень.


Другі паход Міхала Клеафаса быў скіраваны на поўнач, на Дынабург (Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс). Выяўляецца, што “з 1500 чалавек пяхоты 1200 былі ўзброены косамі і толькі 300 чалавек — ружжамі”. Але неўзабаве паўстанцаў дагнала вестка, што рускія войскі занялі Вільню. Агінскі пачаў прабірацца за граніцу. Ды паланез “Развітанне з Радзімай” ён напісаў не тады (хоць гэта сцвярджалася ў адной з маскоўскіх радыёперадач пасля маёй названай вышэй першапублікацыі ў маладзечанскай абласной газеце), бо ў 1794-м ён яшчэ верыў (у адрозненне ад 1822-га) у сваё хуткае і пераможнае вяртанне назад.

Жнівень.


Аптымістычныя спа­дзя­ванні на незалежнасць Айчыны неўзабаве развеяліся. На старонцы “Шляхі-дарогі патрыёта і эмігранта” гаворыцца (увага: новыя факты!): “У лістападзе 1794 г. М.-К. Агінскі сустракаецца ў Аўстрыі з жонкай, і яны накіроўваюцца ў Венецыю. Тут іх знаходзіць ліст ад расійскага намесніка ў Польшчы князя Рэпніна з прапановай напісаць Кацярыне ІІ пакаяльны ліст. Агінскі адмаўляецца і тым самым пазбаўляе сябе ўсялякай маёмасці. Падтрымлівае цесную сувязь з касцюшкаўскімі паўстанцамі-эмігрантамі. На словы Юзафа Выбіцкага піша музыку да “Марша Легіёнаў”, цяперашняга нацыянальнага гімна Польшчы. Сустрэўшыся з Напалеонам, рас­чароўваецца ў ім. Потым, канчаткова збяднеўшы, вяртаецца ў адзін з маёнткаў сваёй жонкі, якая, у сваю чаргу, не можа дараваць яму расходаў на ўзбраенне паўстанцаў. Наступае фактычны развод.

Верасень.


Але адбываюцца змены. Рускі трон заняў Аляксандр І. На яго Агінскі (дадам ад сябе) ускладае надзеі: што той дазволіць існаваць не толькі Царству Польскаму, але і Вялікаму Княству Літоўскаму. А тут другі дзядзька, маладзечанскі граф Францішак Ксаверы Агінскі, дорыць Міхалу Клеафасу Залессе. І новы ўладальнік уязджае туды ў 1803 годзе, ды не адзін, а з Марыяй дэ Неры, захоўваючы яе і свой, мужчынскі гонар пасля скандальнага знаёмства ў Вільні.

Кастрычнік.


Старонка “У любі­мым Залессі” багата партрэтамі, зробленымі невядомымі мастакамі. Гэта выявы жонкі Міхала Клеафаса Марыі, іх дочак Амеліі, Эмы і Іды, сына Ірэнеуша, а таксама двух Ходзькаў — залескага сакратара Леанарда, аўтара паэмы “Залессе”, і пазней дыпламата, пасланніка Расіі ў Персіі Аляксандра. Марыя дэ Неры (патлумачу ад сябе: дачка італьянскага гандальера) аказалася жанчынай малапісьменнай, але кемлівай, і, атрымаўшы тытул графіні, насіла яго горда. Ды не заўсёды годна… Гэта яна з’явілася адной з прычын таго, што Міхал Клеафас канчаткова расчараваўся і ў Залессі, і ў расійскім імператары. І, напісаўшы паланез “Развітанне з Радзімай” (1822), выехаў з жонкай і дачкой Амеліяй у Парыж, а потым у Фларэнцыю. Але абедзве жанчыны неўзабаве вярнуліся ў Залессе. А былы палітык і вялікі кампазітар апошнія 10 гадоў пражыў у Італіі ў адзіноце. Праўда, за некалькі месяцаў да яго смерці, а наступіла яна 15 кастрычніка 1833-га, з “Літвы” прыехала да яго другая дачка Эма. І Міхал Клеафас яшчэ паспеў па­блаславіць сваю першую ўнучку Эму.

Лістапад.


У папярэднім абзацы я апярэдзіў і хаду падзей, і аповед Таццяны Кляшчонак. 11-я старонка яе календара называецца “Сенатар Расійскай імперыі”. Аказваецца, у 1810-м Аляксандр І прызначыў Агінскага сваім тайным саветнікам па справах далучаных заходніх губерній. Міхал Клеафас спадзяваўся: гэта крок да аднаўлення ВКЛ. І таму ў 1812-м ён выехаў у Пецярбург, у чым Напалеон (дадам ад сябе) у час адступлення папракнуў у Маладзечне яго дзядзьку Францішка Ксаверыя. Гаспадар адказаў: французы прыйшлі і адступаюць, а пляменнік зрабіў правільна, застаўшыся з расейцамі. Імператар, кажуць, зласліва ляпнуў дзвярыма і пайшоў спаць у суседні пакой. А Каленкур, сакратар Банапарта, вывеў на каміне: “Napoleon I”. Праз суткі ў тым жа пакоі адпачываў Кутузаў. Яго ардзінарац дадаў да надпісу: “И последний”. Памыліўся: гісторыя ведае Напалеонаў ІІ і ІІІ. Ды на зямлі беларускай і як заваёўнік Напалеон Банапарт сапраўды аказаўся апошнім… Не памыліўся ж Міхал Клеафас: пачуўшы аб праследаваннях знаёмых яму па Варшаве і Пецярбурзе будучых дзекабрыстаў і, пэўна, баючыся падзяліць іх лёс, ён назаўсёды пакінуў Радзіму. Толькі тых, дадам, пазней адправілі на вісельні або на ўсход, у сібірскую ссылку, а гэты сам збег у адзіноту ў Заходнюю Еўропу. Выходзіць, гэта было адно і тое ж пакаленне дваранскіх і шляхецкіх рэвалюцыянераў!

Снежань.


Апошняя старонка календара прысвечана жыццёвай і творчай спадчыне М.-К. Агінскага, увекавечанню яго памяці. Мы бачым вокладкі музычных і мемуарных твораў, здымкі яго нашчадкаў за ігрой на фартэп’яна, помнікі яму і мемарыяльныя дошкі ў Гузаве, Фларэнцыі ды ў Маладзечне.

Апошнюю старонку змястоў­нага календара Таццяны Кляшчонак закрываеш з перакананнем: спадчына Міхала Клеафаса Агінскага сапраўды належыць не толькі тром суседнім краінам і народам — Беларусі, Літве і Польшчы, але тым самым Еўропе і ўсяму свету.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter