Вядомыя і малавядомыя факты з жыцця знакамітага авіяканструктара Паўла Сухога

Народжаныя лётаць

Пра вядомыя і малавядомыя факты з жыцця патомнага беларуса, ураджэнца горада Глыбокае з Віцебшчыны, знакамітага авіяканструктара Паўла Сухога гаварылі ў навуковым нэт-кафэ ў Мінску
Іван Ждановіч

Пра вядомыя і малавядомыя факты з жыцця патомнага беларуса, ураджэнца горада Глыбокае з Віцебшчыны, знакамітага авіяканструктара Паўла Сухога гаварылі ў навуковым нэт-кафэ ў Мінску

polet2.pngНаш зямляк ствараў у свой час самалёты-“сушкі”, як кажуць, на пярэднім краі навуковай думкі і тэхнічнага прагрэсу. І супрацоўнікі Рэспубліканскай навукова-тэхніч­най бібліятэкі лічаць: сёння варта больш актыўна скарыстоўваць у рабоце новыя магчымасці тэхнікі. “Свой праект “Беларускія імёны ў сусветнай навуцы і тэхніцы” мы прысвячаем навукоўцам-беларусам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё чалавецтва — зрабілі адкрыцці, вынаходствы ў галіне тэхнікі, авіябудавання, будаўніцтва, фізікі, хіміі, медыцыны, геалогіі ды іншых сферах жыцця, — гаворыць загадчыца аддзела Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Кацярына Шабулдаева. — Чарговае пасяджэнне навуковага нэт-кафэ ў плыні праекта прысвячалася доктару тэхнічных навук, прафесару Паўлу Сухому”.

Нагадаем, Павел Восіпавіч — адзін з найвядомых савецкіх авія­канструктараў, адзін з засна­вальнікаў савецкай рэактыў­най і звышгукавой авіяцыі. На самалётах канструкцыі Сухога ўстаноўлены два сусветныя рэкорды вышыні і два сусветныя рэкорды хуткасці палёту па замкнёным маршруце. Працу беларуса па стварэнні новых узораў авіятэхнікі цанілі вельмі высока: Павел Сухі стаў двойчы Героем Сацыялістычнай Працы, быў лаўрэатам Ленінскай і Дзяржаўных прэмій, узнагароджаны залатым медалём імя А.Н.Тупалева АН СССР… Кажуць, ён аўтар больш чым 50 канструкцый розных самалётаў, у тым ліку бамбардзіроўшчыка СУ-2. Цяпер, паводле звестак з інтэрнэта, на ўзбраенні расійскай арміі ёсць самалёты з бюро Сухога СУ-25, СУ-30, СУ-37.

А нарадзіўся будучы авіяканст­руктар у 1895-м у горадзе Глыбокае, у сям’і настаўніка. Як сцвярджаюць мясцовыя краязнаўцы, бацька ягоны быў адным з першых свецкіх настаўнікаў у акрузе.

polet.png

Экскурсію па школьным Музеі Паўла Восіпавіча Сухога праводзіць старшакласнік Максім Будзіч


Ва ўнікальным пасведчанні, копію якога нядаўна даслалі ў рэдакцыю з 1-й глыбоцкай школы, з тамтэйшага Музея Паўла Восіпавіча Сухога, чытаем: “…Литовская Духовная Консистория, согласно определению своему, выдает настоящее свидетельство в том, что в метрической книге Глубокской церкви Виленской губернии, Дисненского уезда, за 1895 год в I части о родившихся, в ст. №109 мужескаго пола, имеется следующая запись: тысяча восемьсот девяносто пятаго года десятаго июля родился, а тридцатаго крещен Павел. Родители его: учитель Глубокскаго народнаго училища Осип Андреев Сухой и его законная жена Елисавета Яковлева, оба православнаго исповедания…”

“Хрышчэнне хлопчыка прайшло ў нашай царкве Раства Прасвятой Багародзіцы — раней то быў Касцёл кармелітаў, — расказала мне Тарэза Эдуардаўна Рабіза, кіраўніца ўнікальнага музея, які амаль 30 гадоў дзейнічае пры 1-й глыбоцкай школе. — У аўтабіяграфіі Павел Восіпавіч пісаў пра нараджэнне ў Глыбокім, праўда, з прыпіскай: у Віленскай губерні Вілейскага павета — а Глыбокае было тады ў Дзісненскім. Зрэшты, і ў той недакладнасці ёсць логіка: род Сухога па бацьку быў з вёскі Вязынь Вілейскага раёна, там ягоны дзед Андрэй прафесійна займаўся пчалярствам, там на мясцовых могілках і пахаваны”.

І пра далучанасць Гомеля да лёсу авіяканструктара ўжо вядома: сям’я настаўніка пераехала туды, калі хлопчыку было 2 гады. Дарэчы, прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога былі ў навуковым нэт-кафэ, калі там вялася размова пра жыццё і напружаны рытм працы земляка. Зрэшты, у савецкі час не акцэнтавалася ўвага на тым, што Павел Сухі мае заходнебеларускія родавыя карані. Нэт-кафэ і ладзілася, па словах Кацярыны Шабулдаевай, каб пашыраць у грамадстве звесткі пра славутага суайчынніка. “Мы спецыяльна арганізавалі сувязь па скайпе з 1-й глыбоцкай школай, са школьным музеем Паўла Сухога, — згадвае Кацярына Алегаўна. — Яго кіраўніца Тарэза Рабіза расказала, як ён ствараўся, пра планы прыдаць і школе імя земляка. Дарэчы, яшчэ ў 1975-м была ідэя ўстанавіць у райцэнтры помнік авіяканструктару, і нават было такое рашэнне на адным з пленумаў ЦК, аднак далей размоў справа не пайшла. У 1984-м у школе быў створаны клуб “Пошук”, тады ж школьнікі пачалі шукаць матэрыялы пра земляка, і Тарэза Рабіза прапанавала стварыць школьны музей. Менавіта ён першым “мемарыялізаваў” памяць пра Паўла Сухога — раней, чым тым занялася Масква”.

Школьнікі з Глыбокага, рых­ту­ючыся да мерапрыемства, зрабілі спецыяльны відэаза­піс — і з музея, і па горадзе ездзілі, адзнялі мясціны, што звязаны з імем авіяканструктара, расказалі, што ведаюць пра яго. Трапіў у відэафільм, які дэманстраваўся пад час навуковага нэт-кафэ, і бюст земляка-авіяканструктара, і помнік-самалёт СУ-17М, устаноўлены ў 90-я гады пры ўездзе ў Глыбокае з боку Мінска. На пярэдняй частцы пастамента ёсць там надпіс : “Авіяканструктару Паўлу Сухому”. Так ушанавалі памяць пра земляка супрацоўнікі Комплекс-банка і Баранавіцкага авіярамонтнага завода — ён раней спецыялізаваўся якраз на рамонце самалётаў сямейства СУ-17.

Па словах Кацярыны Шабулдаевай, матэрыяламі навуковага нэт-кафэ могуць скарыстацца і суайчыннікі ў замежжы, рыхтуючы свае імпрэзы — для гэтага можна звяртацца на электронны адрас obm@rlst.org.by. Пад час мерапрыемства, у якім удзельнічалі вядомыя дзеячы беларускай навукі, гісторыкі, літаратуразнаўцы, журналісты, мала­дыя навукоўцы і студэнты, працавала тэматычная выстава выданняў, прысвечаных жыццю і навуковай дзейнасці Паўла Сухога, авіяцыі ды іншым знакамітым авіяканструктарам — выхадцам з Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter