Нарадзілася на Пакровы

Мама... Мая цудоўная мама. Памятаю, калі вучыўся ў інстытуце, мне сказалі: “Анісенка! Цябе чакаюць”. Я спусціўся па лесвіцы ўніз, а ля дзвярэй стаіць мая мама з клункамі. У яе руках — букет палявых кветак. Яна прыехала да мяне ў сталіцу, каб павіншаваць з днём нараджэння. Ніколі не давала мяне ў крыўду, казала: “Не, Валерыка не чапайце!” Калі памірала, я стаяў ля яе ложка, даў ёй папіць соку. Яна крышку пацягнула, а потым усміхнулася і, аддаючы мне кубак, вымавіла: “Табе”. Вось прыклад самаадданай любові маці да сваіх дзяцей. Яна нарадзілася якраз на Пакровы. І сёння я вязу на сваю малую Радзіму ў Талачын, дзе пахавана мая любімая мама, ёй помнік, выраблены вядомым беларускім скульптарам.