Напісанае застаецца

«Рэспубліка» прыняла ўдзел у дні падпісчыка на Чэрвеншчыне

Рэдакцыя газеты «Рэспубліка» прыняла актыўны ўдзел у дні падпісчыка, што прайшоў на Чэрвеншчыне

У аддзяленні паштовай сувязі «Чэрвень-2» было асабліва шматлюдна. Сюды прыйшлі тыя, хто традыцыйна сябруе з газетамі і часопісамі, тыя, хто па пэўных прычынах зрабіў у гэтым сяброўстве перапынак, і нават тыя, у чыёй паштовай скрыні ўжо даўнавата было пуста.

Нельга не адзначыць узровень падрыхтоўкі свята, бо менавіта так можна назваць гэта мерапрыемства. Яму папярэднічала шырокая інфармацыйная кампанія, якая запрасіла да ўдзелу і падпісчыкаў, і прадстаўнікоў розных СМІ. Калегам з раённай, абласной і рэспубліканскіх газет было што абмеркаваць паміж сабой і перад мерапрыемствам, і ў тых невялікіх перапынках, якія надараліся падчас. Рэдакцыя газеты «Рэспубліка» вынікова паў-дзельнічала ў дні падпісчыка, важна, што атрымалася і пабачыць сваіх прыхільнікаў, і набыць шэраг новых сяброў.

Чытачы зацікаўлена гутарылі з журналістамі і работнікамі паштовага аддзялення, выказвалі свае думкі, рабілі выбар і афармлялі падпісныя абанементы. Але на тое яно было і свята, каб не проста падпісацца, але і дарыць і атрымліваць падарункі: рэдакцыі газет прывезлі з сабой сувеніры. Да таго ж кожны падпісчык аўтаматычна рабіўся ўдзельнікам бяспройгрышнай латарэі, арганізаванай намаганнямі РВПС і аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. «Правядзенню падпісной кампаніі надаецца вялікая ўвага ў нашым раёне. Сумесна з раённым вузлом паштовай сувязі мы ўкараняем розныя формы і віды работы, адна з іх — правядзенне дня падпісчыка ў форме запамінальнага свята», — расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ларыса Ефіменка. Як падкрэсліла яна, у Чэрвеньскім раёне ўпэўнены, што перыёдыка была і застаецца найважнейшай інфармацыйна-аналітычнай крыніцай. «Зразумела, кожны від сродкаў масавай інфармацыі мае свае адметныя ўласцівасці, свой рытм работы, стыль і канцэптуальныя падыходы да падачы інфармацыі. У гэтым шэрагу друкаваныя СМІ трывала займаюць сваю нішу ў медыяпрасторы. Бясспрэчная іх перавага ў накірунку аналітычнасці, ёсць магчымасць атрымаць больш грунтоўныя каментарыі, удумацца, паразважаць, перачытаць. Як гавораць, напісанае застаецца», — падкрэслівае Ларыса Ефіменка.

Па водгуках людзей, што сабраліся на дні падпісчыка, многія з іх спецыяльна прымяркоўваюць свой візіт на пошту да гэтай нагоды. Што, бясспрэчна, сведчыць: традыцыя ўкараняецца, набывае новыя фарбы і добрыя вынікі. Як расказала начальнік Чэрвеньскага раённага вузла паштовай сувязі Вольга Гамеза, у гэты дзень у паштовым аддзяленні «Чэрвень-2» была аформлена падпіска на 360 экзэмпляраў друкаваных выданняў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter