Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін: “Нашы краіны падтрымліваюць адносіны глыбокага даверу і цесных стасункаў”

Цуй Цымін: “Нашы краіны падтрымліваюць адносіны глыбокага даверу і цесных стасункаў”

У ліпені 2013 года ў Пекіне старшыня Сі Цзыньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прынялі сумеснае рашэнне аб пераводзе беларуска-кітайскіх адносінаў у рамках усебаковага стратэгічнага партнёрства на новы ўзровень
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін: “Нашы краіны падтрымліваюць адносіны глыбокага даверу і цесных стасункаў”

У ліпені 2013 года ў Пекіне старшыня Сі Цзыньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прынялі сумеснае рашэнне аб пераводзе беларуска-кітайскіх адносінаў у рамках усебаковага стратэгічнага партнёрства на новы ўзровень, паскораным развіцці такога партнёрства і маштабным стымуляванні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах



 Гістарычна значны візіт старшыні Сі Цзыньпіна ў Беларусь у красавіку 2015 года прынёс значныя поспехі па паляпшэнні двухбаковых міждзяржаўных адносінаў і даў новы штуршок іх развіццю. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў падпісалі “Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай”, тым самым дакументальна замацаваўшы адносіны ўзаемнага даверу і сяброўства дзвюх краін. Урад Беларусі ўдзяляе павышаную ўвагу паглыбленню супрацоўніцтва з КНР. Прэзідэнт Лукашэнка выдаў Дырэктыву №5 аб развіцці двухбаковых адносінаў з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Абодва бакі поўныя рашучасці падтрымліваць адзін аднаго ў важных для іх пытаннях. Узаемны давер дзвюх краін няспынна расце, рэальнае дзелавое супрацоўніцтва паглыбляецца, з’яўляецца мноства розных прыкметных пераваг для жыхароў Беларусі і Кітая, з кожным днём зносіны паміж дзвюма тэрыторыямі становяцца ўсё больш цеснымі.

Адметнай асаблівасцю беларуска-кітайскіх адносінаў з’яўляецца прынцып ды ідэя: узаемная павага, роўнасць,

супрацоўніцтва і ўзаемная выгада. Паўнацэннае задзейнічанне і развіццё патэнцыялу двухбаковых міждзяржаўных адносінаў ва ўсіх сферах супрацоўніцтва, максімальнае выкарыстанне пераваг і ўзаемадапаўняльнасці тэрытарыяльнага размяшчэння дзвюх краін дазволяць рэальнаму дзелавому супрацоўніцтву дзвюх дзяржаў дасягнуць яшчэ большых поспехаў на карысць дзвюх краін і двух народаў.

Пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

Падчас візіту ў Беларусь у красавіку 2015 года старшыні Сі Цзыньпіна было аб’яўлена аб прадастаўленні Беларусі фінансавай падтрымкі памерам 7 мільярдаў долараў ЗША, бакі падпісалі больш за 40 дакументаў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Ужо ў 2015 годзе гандаль паміж дзвюма краінамі меў актыўнае сальда. Кітай стаў трэцім асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі ў свеце і другім асноўным імпарцёрам. Згодна са статыстыкай беларускага боку, агульны тавараабарот склаў 3 810 000 000 долараў ЗША, што на 5,6 працэнта вышэй у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года.

На працягу апошніх гадоў пры падтрымцы фінансавых устаноў Кітая бакі рэалізавалі некалькі буйных праектаў у галіне энергетыкі, базавай інфраструктуры, прамысловай вытворчасці, будаўніцтва індустрыяльнага парка ды інш., што ўнесла значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і мадэрнізацыю Рэспублікі Беларусь. Згодна са статыстыкай, бакі да гэтага моманту ажыццявілі каля 30 праектаў, пры гэтым сума выкарыстанай пазыкі склала 6 мільярдаў долараў ЗША. Скончаны такія праекты, як будаўніцтва 3 цэментавых заводаў, рэканструкцыя электрастанцый №2 і №5 горада Мінска, рэканструкцыя і электрыфікацыя чыгуначных пуцей, перабудова дзяржаўнай аўтатрасы М5, пастаўкі электрапаяздоў, развіццё інфармацыйных тэхналогій ды інш. Дзве краіны паспяхова ажыццявілі сумесны запуск спадарожніка сувязі. За будаўніцтва гасцініцы “Пекін” і работу з дзвюма электрастанцыямі кітайская інжынерная кампанія ўдастоена прэміі Лу Баня “Інжынерныя работы за межамі краіны”. Кітайскія прадпрыемствы ў Беларусі выйгралі тэндар на атрыманне крэдыту ад Сусветнага банка. Кітайскае прадпрымальніцтва, абсталяванне, тэхналогіі і паслугі ў Беларусі атрымалі станоўчую рэпутацыю.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк уяўляе з сябе праект сумеснага будаўніцтва. Кітайскія прадпрыемствы па ўсім свеце прымаюць актыўны ўдзел у стварэнні гэтай буйнейшай замежнай знешнегандлёвай эканамічнай зоны. Кіраўнікі дзяржаў надаюць асаблівую ўвагу гэтаму праекту і асабіста сочаць за ходам работ па яго развіцці. 12 красавіка 2015 года Сі Цзыньпін і Аляксандр Лукашэнка асабіста наведалі індустрыяльны парк з інспекцыяй і абазначылі асноўныя мэты і напрамкі работы. Будаўніцтва і развіццё індустрыяльнага парка адзначыць сабою ўступленне ў новую эпоху, а прыцягненне новых інвестыцый забяспечыць устойлівае развіццё.

Праз год першы этап развіцця індустрыяльнага парка пачаты і мае станоўчыя вынікі: на тэрыторыі парка вядзецца будаўніцтва, а па ўсім свеце актыўна прыцягваюцца інвестыцыі. У сучасны момант на тэрыторыі ў 3,5 км2 за аснову ўзяты прынцып “Адно роўнае месца, сем сувязяў” і закладзены комплекс асноўных аб’ектаў інфраструктуры, такіх як чатырохпалосная двухбаковая аўтатраса даўжынёй 11 кіламетраў, водазабеспячэнне і каналізацыя, энергазабеспячэнне, сувязь ды іншыя падземныя камунікацыі.

На тэрыторыі парка скончана ўзвядзенне бюро прыцягнення інвестыцый Кітайска-беларускага парка гандлю і лагістыкі агульнай плошчай 100 000 м2, гандлёва-выставачнага цэнтра, бізнес-цэнтра і бондавага склада. На працягу гэтага года плануецца іх увядзенне ў эксплуатацыю. Цяпер у працэсе будаўніцтва знаходзяцца адміністрацыйны будынак плошчай 8000 м2 і заводскі корпус плошчай 12 000 м2, пачата ўзвядзенне пляцовак па вытворчасці суперкандэнсатараў кампаніі Чэнду Сінчжу і беларускіх нанапектынаў. Скончана будаўніцтва праекта па перадачы і пераўтварэнні электраэнергіі, пачаты пуска-наладачныя работы. Усё больш прадпрыемстваў праяўляюць цікавасць да парка, а яго папулярнасць паступова расце.

У дадзены момант Беларусь і Кітай добрасумленна ўкладваюць у індустрыяльны парк увесь перадавы досвед краін свету.

Наступным этапам развіцця стане аптымізацыя механізму ўладкавання і развіцця індустрыяльнага парка, удасканаленне заканадаўчай базы, захаванне палітычнага курсу і прадастаўленне кампаніям, жадаючым уступіць у гэтую эканамічную зону, высокаэфектыўных, хуткіх, зручных і якасных паслуг.

Беларусь і Кітай, як вядома, з’яў­ляюцца добрымі сябрамі і партнёрамі. Рэспубліка Беларусь —  адзін з ключавых партнёраў Кітая ў пабудове эканамічнага пояса “Шаўковы шлях”. Сумеснае будаўніцтва індустрыяльнага парка з’яўляецца платформай для ўзаемавыгаднай, экалагічна чыстай інтэрнацыяналізацыі прамысловасці. Гэтая эканамічная зона ў канчатковым выніку стане жамчужынай двухбаковага супрацоўніцтва і эканамічнага пояса “Шаўковы шлях”, а таксама рухаючай сілай экалагічна чыстага эканамічнага развіцця Беларусі.

Пра ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі

Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў галіне адукацыі пачалося адносна даўно і прынесла станоўчыя вынікі. Яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя кітайскія студэнты прыязджалі ў Беларусь для вучобы і павышэння кваліфікацыі, і ў дадзены момант у ВНУ Беларусі налічваецца каля 2000 кітайскіх студэнтаў. Гэтыя маладыя людзі вучацца старанна, добрасумленна і дабіваюцца высокіх вынікаў. Кожны год 3 і больш студэнтаў удастойваюцца “Стыпендыі выдатнага студэнта” кітайскага дзяржаўнага фонду навучання за мяжой, а лепшыя студэнты з Сінцзяна, якія навучаюцца ў ВНУ Беларусі, атрымліваюць “Стыпендыю выдатнага студэнта з Сінцзянскай аўтаномнай акругі”. Менавіта таму вынікі такія добрыя. У той жа час і ўзровень якасці адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь даволі высокі. Два гады назад кітайскі дзяржаўны фонд навучання за мяжой нарэшце ўключыў Беларусь у свае праграмы “Аспірантура ў будаўнічых вышэйшых навучальных установах за мяжой” і “Падрыхтоўка спецыялістаў у галіне мастацтва”. З мінулага года выдаюцца ўжо 4 імянныя стыпендыі па гэтых праграмах для навучання ў Беларусі, такім чынам прадастаўлячы права студэнтам, якія атрымалі іх, праходзіць навучанне за мяжой за кошт дзяржавы.

У 2015 годзе ўрады Кітая і Беларусі падпісалі новае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі. Намаганнямі двух урадаў супрацоўніцтва вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін умацавалася. Напрыклад, Харбінскі тэхналагічны ўніверсітэт, Далянскі тэхналагічны ўніверсітэт і ВНУ Беларусі дамовіліся аб сумеснай падрыхтоўцы аспірантаў. Такія кааперацыя і аб’яднанне ставяць перад сабою за мэту навучанне высокакваліфікаваных кадраў для эканамічнага будаўніцтва і супрацоўніцтва дзвюх краін, адаптацыі да сучасных патрабаванняў эканамічнага развіцця і па-сапраўднаму вядуць да цеснага кантакту, выкарыстання яго пераваг і ўзаемадапаўнення.

У той жа час бакі прынялі рашэнне павысіць колькасць студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой за кошт дзяржавы. У 2016 годзе ў Беларусь прыбудуць 26 чалавек для атрымання ступені магістра і доктара. З боку Беларусі з той жа мэтай у Кітай адправяцца каля 40 чалавек. Урад Кітая падрыхтаваў шырокую развітую сістэму стыпендый для студэнтаў з Беларусі: урадавыя стыпендыі, стыпендыі вышэйшых навучальных устаноў, стыпендыі Інстытута Канфуцыя і мясцовыя стыпендыі ды інш.

Такім чынам, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж дзвюма краінамі дае выдатныя вынікі, а яго перспектывы неаглядныя. Яно ўмацавала сацыяльны падмурак сяброўскіх адносінаў паміж дзяржавамі, садзейнічала больш цеснаму кантакту ў палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах.

Пра сумесныя праекты ў галіне навукі і тэхнікі

Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая заўсёды з’яўлялася важным складнікам двухбаковых міждзяржаўных адносінаў, на працягу многіх гадоў асновай прынцыпу ўзаемнай выгады і ўваходзіла ў рамкі работы камітэта навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. За апошнія гады колькасць сфер для сумесных праектаў паступова павялічылася, кантакты паміж спецыялістамі сталі больш цеснымі. Сумесныя праекты ажыццяўляюцца ў галіне оптыкі, мікраэлектронікі, матэрыялазнаўства, машынабудавання і мностве іншых.

Міністэрства навукі і тэхнікі КНР і Камітэт па навуцы і тэхніцы Рэспублікі Беларусь пастаянна прыкладаюць сілы па стымуляванні супрацоўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў і навукова-даследчых устаноў дзвюх краін і стварэнні новай мадэлі адносінаў. У чэрвені гэтага года ў Мінску адбылося 1-е пасяджэнне Навукова-тэхнічнай камісіі кітайска-беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве (12-е пасяджэнне навукова-тэхнічнага кітайска-беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве). На гэтым пасяджэнні бакі ўзгаднілі і падпісалі “Пратакол асноўных мэт сумеснай фінансавай падтрымкі супрацоўніцтва ў даследаваннях і распрацоўцы”, на аснове якога Міністэрства навукі і тэхнікі КНР і Камітэт па навуцы і тэхніцы Рэспублікі Беларусь у будучыні вылучаць сродкі для аказання фінансавай падтрымкі сумесна распрацаваных даследчых і канструктарскіх праектаў. На дадзены момант ужо вызначаны першыя 25 праектаў, якія атрымаюць такое фінансаванне.

Пра культурныя сувязі

У маі 2015 года ў прысутнасці старшыні Сі Цзыньпіна і Прэзідэнта Лукашэнкі ў Мінску падпісана “Пагадненне аб стварэнні двухбаковага культурнага цэнтра Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь”. Дзве краіны ўжо 10 раз паспяхова правялі Дні культуры. У кастрычніку 2015 года ў Мінску адбылося 1-е пася­джэнне Камісіі па культуры кітайска-беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, дзе бакі падпісалі пратакол пасяджэння. Можна сказаць, што беларуска-кітайскія культурныя сувязі паспяхова развіваюцца і даюць цудоўныя вынікі. Стымуляванне з боку ўрадаў садзейнічала ўмацаванню дружбы двух народаў, забяспечыла лепшае ўзаемаразуменне і камунікацыю ў сферы мастацтва.

Нядаўна дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Кітай у складзе дэлегацыі беларускіх мастакоў. У горадзе Чунцін было арганізавана сумеснае мерапрыемства па напісанні і выстаўленні жывапісу. Паведамляецца, што дэлегацыя мастакоў Чунціна прыняла запрашэнне прыехаць у будучым годзе ў Беларусь для арганізацыі падобнага мерапрыемства па ўмацаванні кантактаў паміж мастакамі дзвюх краін.

На працягу апошніх гадоў кітайскія мастацкія дэлегацыі неаднаразова прыязджалі ў Беларусь з візітам. Паводле няпоўных статыстычных дадзеных, з лютага 2015 года па жнівень 2016 года ў Беларусі пабывалі некалькі дзясяткаў дэлегацый кітайскіх ансамбляў, мастакоў, музыкантаў, культуролагаў ды інш. Да прыкладу, у лютым 2015 года Беларусь наведала трупа Нанкінскага тэатра оперы і балета з праграмай “Радуемся святу вясны”, якая ўключала ў сябе цэлы шэраг розных паказаў. У лютым у Мінску таксама прайшла 22-я міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У красавіку 2015 года ў Магілёве ў рамках “Дня культуры Нанкіна” прайшла выстава жывапісу. У ліпені 2015 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Кітайская федэрацыя літаратуры і мастацтва правяла выставу “Кітайская дванаццатая агульнанацыянальная міжнародная перасоўная выстава жывапісу — Беларусь”. У кастрычніку таго ж года ў Мінску прайшлі “Дні кітайскай культуры”. У лістападзе 2015 года прадстаўнікі Кітайскага даследчага мастацкага інстытута прынялі ўдзел у 4-ым форуме “Рэсурсы і стратэгіі ўстойлівага развіцця грамадства — Традыцыйная культура”, які праводзіцца ў Магілёве. У лютым 2016 года Выдавецкая карпарацыя Пекіна прыняла ўдзел у 23-й міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску.

У лютым 2016 года ў Мінску прайшоў другі фестываль “Радуемся святу вясны”, дзе трупа з правінцыі Хэнань прадставіла беларускім гледачам уражлівае тэатральнае відовішча. У сакавіку 2016 года ў рамках свайго турнэ па краінах Еўропы ў канцэртнай зале Беларусі выступіў знакаміты пяніст Лі Юньдзі, прадэманстраваўшы высокі ўзровень валодання інструментам і крэатыўны стыль выканання. У маі 2016-га ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі паспяхова прайшоў кінафестываль, прымеркаваны да 111-годдзя кітайскага кінематографа. У ліпені 2016 года падчас 25-га міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” кітайскія мастакі ў жанры гохуа і беларускія жывапісцы арганізавалі сумесную выставу карцін у канцэртнай зале горада Віцебск.


Вытворчасць магутных аўтамабіляў уражвае наведвальнікаў

Пра турызм

У кітайска-беларускіх адносінах актыўную ролю стаў адыгрываць турызм, які ўмацоўвае кантакт паміж народамі. 1 мая 2015 года авіякампанія Air China праклала новы маршрут Пекін-Мінск. 3 мая дэлегацыя горада Санья запрасіла беларускі бок прыняць удзел у семінары “Супрацоўніцтва ў сферы турызму Кітай—Беларусь”. Кампетэнтны орган у сферы турызму горада Санья, 14 упаўнаважаных прадстаўнікоў з беларускага боку, а таксама кіраўнікі гасцініц, кааператываў ды іншых арганізацый турыстычных раёнаў горада Санья разгледзелі і абмеркавалі пытанні пашырэння супрацоўніцтва, умацавання ўязнога турызму беларускіх грамадзян з магчымасцю ўбачыць усю разнастай­насць Кітайскай Народнай Рэспублікі. Турыстычныя агенцтвы горада Санья заключылі з 14 беларускімі турфірмамі “Пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве”, тым самым змяніўшы простае супрацоўніцтва на стратэгічнае, а павярхоўнае на глыбокае. Раней турыстычныя кампаніі горада Санья і буйнейшы тураператар Беларусі TOP•TOUR паспяхова правялі ў сталіцы Рэспублікі Беларусь Мінску дэманстрацыю прэзентацыі “Міжнародны турызм Санья–Мінск”. Гэтае мерапрыемства было асветлена многімі мясцовымі тэлеканаламі.

У кастрычніку 2015 года Інтурыст Кітая падпісаў пагадненне аб бязвізавым уездзе груп турыстаў, а ў маі 2016 года ніжняя палата парламента зацвердзіла гэты дакумент. Адносіны дзвюх краін у гэтай сферы ўсё яшчэ актыўна развіваюцца. Так, у сакавіку 2016 года правінцыя Ганьсу і Гродзенская вобласць дасягнулі цэлага шэрага пагадненняў аб супрацоўніцтве, у тым ліку і ў галіне турызму.

Беларусь — цудоўная ціхая краіна з ветлівымі і гасціннымі людзьмі, багатая на прыродныя турыстычныя рэсурсы, краіна “Дзесяці тысяч азёр”. Тут таксама размешчана знакамітая Белавежская пушча, і ўвогуле краіна мае разнастайную флору і фаўну. На тэрыторыі Беларусі шмат помнікаў гісторыі і культуры, такіх як Мірскі і Нясвіжскі замкі, Лінія Сталіна, мемарыяльны музей Хатынь, Брэсцкая крэпасць ды іншыя.

У якасці пасла КНР у Рэспубліцы Беларусь па прыбыцці на месца службы я таксама прыняў запрашэнне наведаць і агледзець шматлікія цікавыя месцы гэтай краіны, палюбавацца не толькі прыроднай прыгажосцю, але і культурнымі рэліквіямі, адчуць гасціннасць беларускага народа, яго шчырую дружбу з кітайскім народам. Я спадзяюся, што Беларусь наведае больш турыстаў з Кітая, каб асабіста гэта адчуць.

Кітай таксама вельмі багатая на турыстычныя рэсурсы краіна, якая мае шматвяковыя культурна-гістарычныя рэліквіі, такія як Вялікая сцяна, Забаронены горад, Дуцзян’янскія дамбы, цудоўныя прыродныя краявіды Чжанцзяцзэ, запаведнік Цзючжайгоу, гару Джамалунгма, якая дакранаецца да аблокаў. У Кітаі ёсць і неаглядныя стэпы Унутранай Манголіі, і бясконцы звілісты хрыбет Вялікі Хінган, і акружаны блакітнымі водамі востраў Хайнань. Вядома, ёсць яшчэ і гарады, якія імкліва развіваюцца, і поўныя жыцця вёскі, а таксама гасцінны і дружалюбны кітайскі народ. Я хацеў бы ўбачыць больш кітайскіх турыстаў у Беларусі, але і ў такой жа ступені жадаю, каб беларускія турысты маглі наведаць Кітай, пагуляць, паглядзець на нашу краіну. Добрым сябрам трэба больш рухацца ў кірунку адзін да аднаго. Толькі так мы зможам лепш зразумець адзін аднаго і ўмацаваць нашу дружбу.

Пра маючы адбыцца візіт

У адказ на запрашэнне старшыні Сі Цзыньпіна ў канцы верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведае Кітайскую Народную Рэспубліку з дзяржаўным візітам. Кіраўнікі дзяржаў абмяняюцца меркаваннямі наконт бягучага стану і развіцця двухбаковых адносінаў, а таксама абмяркуюць далейшыя планы па развіцці і паглыбленні двухбаковага супрацоўніцтва. Гэтая сустрэча двух лідараў з’яўляецца найбольш важнай у бягучым годзе. Цяпер нашы краіны падтрымліваюць адносіны глыбокага даверу і цесных зносінаў. Новая сустрэча абавязкова дасць штуршок вывядзенню двухбаковага супрацоўніцтва на новы ўзровень.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter