Міжнародны мастацкі праект “Дзеці вітаюць дзяцей”, які ладзіўся ў Мінску, — гэта гарманічнае спалучэнне ідэй міласэрнасці, дабрыні, згоды, прыгажосці ды творчасці

Надзея ў дзіцячых вачах

Міжнародны мастацкі праект “Дзеці вітаюць дзяцей”, які ладзіўся ў Мінску, — гэта гарманічнае спалучэнне ідэй міласэрнасці, дабрыні, згоды, прыгажосці ды творчасці


Маціяс Юрке разам з юнымі беларускімі мастакамі на вернісажы ў Мінску

У беларусаў ёсць прыказка: як з яйца, так і да канца. Яна пра тое, што ўсё добрае і дрэннае закладваецца ў чалавеку з дзяцінства. І, як сведчаць псіхолагі, мадэлі паводзінаў, у тым ліку стаўлення да людзей іншых нацыянальнасцяў, любові да сваёй культуры і павагі да іншых, не ўзнікаюць на пустцы. З нічога, жартуюць вастрасловы, вырасце плесень... Між тым у свеце пашырана і такое меркаванне: маўляў, хочаш міру — рыхтуйся да вайны. І вы думаеце, што той, хто рыхтуецца да вайны, сапраўды некалі “чароўным чынам” стане міратворцам? То можа варта найперш, хочучы міру, укладваць сілы і сродкі ў дзіцячыя культурныя праекты.

Вучыць людзей жыць у ладзе-згодзе найлепш  з дзяцінства. Пра тое гаварылі дарослыя на вернісажы ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва: там ладзілася выстава малюнкаў у плыні міжнароднага мастацкага праекта “Дзеці вітаюць дзяцей”. Арганізатарамі дабрачыннага праекта выступілі Беларускі дзіцячы фонд і міжнародная асацыяцыя мастакоў “Atelier of art” (“Атэлье мастацтва”) з Германіі.

Гэты незвычайны, добры праект стартаваў у Беларусі ў 2012-м пад чуйным апекаваннем Дзіцячага фонду. Шэраг арганізацыйных захадаў скіраваны на тое, каб развіваць у дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі творчы пачатак. А заадно і наладжваць гарманічныя зносіны дзяцей і дарослых — у плыні любові, паразумення, творчасці. Рэалізуе праект нямецкі мастак Маціяс Юрке, які шмат гадоў працуе з дзецьмі ў розных краінах. Мастак праводзіць дабрачынныя майстар-класы, навучае працаваць акрылавымі фарбамі па дрэве, а таксама як творча абыходзіцца з мяккім каменем. Маціяс кіруе міжнароднай асацыяцыяй мастакоў “Атэлье мастацтва”, ён і публіцыст, валанцёр. Арганізуе ў Германіі ды іншых краінах мастацкія выставы, праводзіць пленэры, творчыя сімпозіумы. Як арганізатар праекта “Дзеці вітаюць дзяцей” працаваў з юнымі творцамі ў Германіі, Польшчы, Румыніі ды Ізраілі, Украіне, Малдове ды іншых краінах.


Пад час прэзентацыі

І вось яго ідэі “прарастаюць”,  даюць першыя кветкі ў Беларусі. За чатыры гады больш за 120 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі з Мінска, Бабруйска, Асіповічаў, Ліды, Гродна, іншых гарадоў паўдзельнічалі ў майстар-класах Маціяса Юрке і актывістаў-валанцёраў “Атэлье мастацтва” . Беларускія дзеці пабывалі ў Нямеччыне, разам з нямецкімі школьнікамі займаліся творчасцю. Былі там на вернісажы, знаёміліся, размаўлялі, вучыліся адкрываць прыгожае ў простых рэчах. Па выніках працы ладзіліся дзіцячыя мастацкія выставы ў Доме Масквы ў Мінску, у мінскай бібліятэцы №15 імя Цёткі, у лідскім Цэнтры творчасці, у Магілёўскім абласным цэнтры творчасці, у нямецкім горадзе Люкенвальдэ.

Сёлета з 10 па 15 кастрычніка Маціяс Юрке працаваў з дзецьмі-сіротамі ды дзецьмі-інвалідамі з Гродна, Дзяржынска і Мінска. Вынікам працы і стала выстава малюнкаў у Мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва. У экспазіцыю ўвайшлі працы і самога мастака, і карціны дзяцей з розных краін, дзе праходзіў праект.

Кажуць, дзеці, у жыцці якіх не заўсёды свеціць сонца, найбольш эмацыйна, шчыра могуць адгукацца на прыгажосць, дабрыню, калі знайсці з імі агульную мову. А Маціясу Юрке, беларускім партнёрам па праекце такое сумоўе, сугучнасць моў — удаецца. І юныя душы раскрываюцца — нібы кветкі па вясне. Таму на карцінах дзяцей свеціць сонца, і надзея з’яўляецца ў вачах. Бо не сакрэт: менавіта мастацтва спрыяе наладжванню паразумення і паміж дзецьмі, і паміжі дарослымі розных краін. Сумесная творчасць дапамагае наладзіць зносіны, а таксама зрабіць іх адкрытымі, душэўнымі, радаснымі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter