18 лютага адкрыецца мультымедыйная выстава «Мікеланджэла. Стварэнне свету»

Набліжэнне Сікстынскай капэлы

Каб убачыць тварэнні Мікеланджэла, трэба аб’ехаць не адзін горад (яны захоўваюцца ў Фларэнцыі, Парыжы, Нью-Ёрку, Рыме, Лондане, Мілане, Балонні, Бруге). У гасцей мультымедыйнай выставы «Мікеланджэла. Стварэнне свету», якая  адкрываецца 18 лютага ў Мінску, ёсць унікальная магчымасць у адным месцы пазнаёміцца з асноўнымі работамі найвялікшага майстра эпохі Адраджэння. На гіганцкіх экранах упершыню ажывуць знака-мітыя фрэскі Сікстынскай капэлы. Мінск стаў трэцім горадам, куды выстава адправілася пасля Масквы.


Мікеланджэла Буанароці вызначыўся ў скульптуры, жывапісе, архітэктуры і нават паэзіі, але адзін з самых уражвальных яго твораў — роспіс Сікстынскай капэлы ў Ватыкане, дзе адлюстраваны ўвесь шлях, які паводле Бібліі павінна прайсці чалавецтва — ад Стварэння свету да Страшнага суда.

Роспіс столі капэлы займае больш за 500 квадратных метраў і змяшчае каля 300 фігур. У цэнтры знаходзяцца дзевяць сцэн са Старога Запавету, падзеленых на тры групы: стварэнне Богам Зямлі; стварэнне роду чалавечага і яго грэхападзенне; сутнасць чалавецтва ў асобе Ноя і яго сям’і. Фрэскі капэлы — гэта гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, зацвярджэнне бязмежных творчых магчымасцяў Бога і створанага па яго падабенстве чалавека. Самая вядомая з фрэсак — Стварэнне Адама. Сустрэчны рух дзвюх рук — чалавека і Бога — выява, якая стала сімвалам эпохі Адраджэння.


Велізарная колькасць людзей, якія штодзень наведваюць Сікстынскую капэлу, і вышыня, на якой размешчаны фрэскі, не даюць у поўнай меры ацаніць працу вялікага майстра. Выстава «Мікеланджэла. Стварэнне свету» дазваляе ўбачыць фрэскі ва ўсіх падрабязнасцях, атрымаць асалоду ад агульнай панарамы капэлы, адчуць маштаб тытанічнай працы Мікеланджэла. Арганізатары ўпэўнена сцвярджаюць, што нават тыя, хто бачыў арыгіналы ў Ватыкане, расчараванымі не застануцца. Бо гэтак у дэталях разгледзець іх там практычна немагчыма.

Акрамя таго, на выставе прадстаўлены ў 3D-фармаце знака-мітыя скульптуры Мікеланджэла — Пьета, Рабы, Давід, Майсей, а таксама агляд твораў іншых тытанаў Адраджэння, такіх як Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Бацічэлі, Тыцыян. Ажыўшыя на велізарных экранах вобразы ў спалучэнні са спецэфектамі і ў суправаджэнні геніяльнай музыкі Баха, Гендэля, Орфа ствараюць яркае эмацыянальнае шоу, якое робіць мастацтва геніяў Адраджэння бліжэй сучаснаму гледачу.

Выстава «Мікеланджэла. Стварэнне свету» будзе працаваць у зале «ЦЭХ» па 17 красавіка.

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter