В Хойникском районе досевают последние гектары зерновых культур и готовятся к севу кукурузы

Наўздагон позняй вясне

Ні для каго не сакрэт, што на палях якасць — аўтарытэт. У бліжэйшыя дні ў Хойніцкім раёне завершаць сяўбу ранніх збожжавых. Па стане на 12 красавіка з 3590 гектараў, адведзеных пад гэтыя культуры, засеяна 3122. У лідарах КСУП «Судкова» і «Эксбаза «Стралічава» — у аператыўнай зводцы райсельгасхарча супраць гэтых сельгаспрадпрыемстваў ужо пазначана 100 працэнтаў.


У канцы мінулага года адбылося аб’яднанне КСУП «Веляцін» і ААТ «Хойніцкі Аграсэрвіс» — цяпер гаспадарка называецца «Веляцін Агра». Першая сумесная сяўба веляцінскіх і аграсэрвісаўскіх працаўнікоў праходзіць зладжана.

— Пасля аб’яднання не адчуваецца нейкага дзялення. Мы тут усе свае, — каменціруе механізатар Віктар Сяргеенка (на здымку).Разумеем, што далучэнне праводзілася выключна ў інтарэсах працаўнікоў. Гэты саюз павінен несці эканамічную выгаду. КСУП «Веляцін» паступова павялічвае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, адпаведна, яму патрэбныя дадатковыя сельгасугоддзі. А «Хойніцкаму Аграсэрвісу» не хапала тэхналагічных магчымасцей.

Дарэчы, кіраўніцтва і спецыялісты гаспадарак не сталі чакаць афіцыйнага далучэння і летась распрацоўвалі планы, рабілі задзел ужо на гэты год. Многа амбіцыйных мэт і ў новага маладога дырэктара КСУП «Аравічы» Рамана Уса:

— Для мяне галоўнае — дабрабыт людей. А ён залежыць у тым ліку і ад ураджаю. Таму нам усім варта пастарацца. Вядома, пасяўная кампанія — гэта не толькі непасрэдна сяўба, але і цэлы комплекс работ: падрыхтоўка глебы, унясенне ў яе мінеральных і арганічных угнаенняў. І тут мы адчуваем вельмі моцную дзяржаўную падтрымку. Да прыкладу, у рамках дзяржпраграмы ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС распрацаваны комплекс ахоўных мер, якія забяспечваюць вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыі на такіх землях. Уносяцца дадатковыя падвойныя нормы фосфарных і калійных угнаенняў, праводзіцца вапнаванне глеб. І гэта вельмі важна. Гектары, адведзеныя пад яравую сяўбу, старанна апрацоўваюць і засяваюць нашы лепшыя механізатары. У ліку першых — Яўген Радзевіч і Уладзімір Гарашчанка.

— У нашых «Аравічах» 500 гектараў адведзены пад раннія збожжавыя, — расказвае Яўген. — Як толькі вывеў на поле сеялку ў апошнія дні сакавіка, адразу стараўся задаць высокі тэмп пасяўной. Магчыма, гэта ўжо заезджаная фраза, але нельга губляць каштоўны час. Таму працую з раніцы і да позняга вечара.

Механізатар КСУП «Аравічы» Яўген Радзевіч на сеялцы.

Адчуваецца клопат аб працаўніках з боку кіраўніцтва. Гарачае харчаванне, аператыўная дапамога ў выпадку дробных паломак і наогул простыя падбадзёрваючыя словы. Таму настрой выдатны.

Безумоўна, цяпер самая абмяркоўваемая тэма ў вяскоўцаў — гэта надвор’е. Хаця і кажуць, што не трэба спісваць усё на нябесную канцылярыю, аднак ёй жа не пакамандуеш. Аграрыі манітораць метэасайты і спадзяюцца на добры прагноз. 

Механізатар КСУП «Аравічы» Уладзімір Гарашчанка на падрыхтоўцы глебы.

Між тым менавіта дзякуючы змяненню клімату ў апошнія гады ў рэгіёне складваюцца выдатныя ўмовы для вырошчвання кукурузы. Яе сяўба на чарзе.

Глебу на плошчах, адведзеных пад царыцу палёў, у КСУП імя І. П. Мележа рыхтуюць Дзмітрый Нікрашэвіч і Андрэй Касцючэнка.

Механізатар КСУП імя І. П. Мележа Дзмітрый Нікрашэвіч на падрыхтоўцы глебы.

— Для мяне гэта чацвёртая пасяўная, асаблівых складанасцей не ўзнікае. Люблю зямлю і сваю справу. Працаваць даводзіцца хутка, вобразна кажучы, даганяем познюю вясну. Пры гэтым памятаем, што галоўнае — якасць, — зазначыў Дзмітрый. — Мае калегі, якія цяпер закладваюць аснову будучага ўраджаю, таксама вельмі стараюцца — раннімі збожжавымі засяваюцца апошнія гектары.

Механізатар КСУП імя І. П. Мележа Андрэй Касцючэнка на падрыхтоўцы глебы.

Аварыя на ЧАЭС аказала моцны ўплыў на развіццё ўсіх сфер жыцця Хойніцкага раёна, сельскай гаспадаркі ў прыватнасці. Аднак час стэрэатыпаў, кажуць тутэйшыя, ужо сышоў. Тут памятаюць пра мінулае, але жывуць будучыняй. Гадуюць дзяцей і сеюць хлеб.

Наталля РЭВЯКА 

Фото аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter