Белорусский композитор Олег Елисеенков славу притягивает магнитом

Алег Елісеенкаў: «На свеце ёсць нешта большае, чым музыка»

Напісаныя ім песні на слыху, радок чуеш — адразу мелодыя ўзгадваецца. Іх выканаўцы таксама папулярныя. Мяркуйце самі: «Спасибо тебе» Андрэя Хлястова, «Птицы, мои птицы» Алесі, «Добрыя людзі», «Крынічанька», «Прыязджайце да нас у Беларусь» ансамбля «Сябры», «Сарамлівая дзяўчынка» Іны Афанасьевай… З-пад клавіш маэстра выйшла большасць песень з рэпертуару Аляксандра Саладухі, для якога Алег Елісеенкаў стаў хросным бацькам у шоу-бізнесе. Прадзюсар? Самаадданы выкладчык? Зорны кампазітар? Хто ён — легендарны Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ?



КАМПАЗІТАР сябе памятае з Маладзечна, хоць нарадзіўся ў Калужскай вобласці ў Расіі. Не споўнілася яму і года, як бацькі абсталяваліся ў гэтым слаўным горадзе. Тата пасля кансерваторыі размеркаваўся ў тамтэйшае музычнае вучылішча дырыжорам хора, дзе актыўна набіраліся маладыя кадры. Кватаравала сям’я таксама ў выкладчыкаў. Прыязныя адносіны захаваліся з імі ў Елісеенкавых да гэтага часу. І памятае маэстра, як колісь шчыраваў над чыгуннай патэльняй смажаных макаронаў, якімі частаваў гаспадар.

Пасля бацькі атрымалі кватэру ў цэнтры горада. На панадворку рознымі колерамі стракатаў прывабны кветнік, а яшчэ стаяла галубятня. Яна была дзецішчам суседскага хлопчыка Лёшы Чыжыкава, які, калі вырас, стаў трубачом у “Верасах”.

Прыемна радавацца поспехам дваровых сяброў, прыкмячае Алег Елісеенкаў. А з імі звязана цэлае жыццё: гулялі, свавольнічалі, спазнавалі свет. І калі малога Алега бацькі аддалі ў садок, то хлопчык з сумам пазіраў праз плот, як забаўляліся сябрукі. Алегу не падабаўся садок. Там патыхала хлоркай, распарадак, дысцыпліна. Колькі разоў прасіў бацькоў вызваліць яго адтуль. Яны не здаваліся, каб не выпадак. Аднойчы прыходзяць за сынам, а той спіць з напханымі шчокамі. Як аказалася, за імі хаваліся тэфтэлі. “Думаў, паляжу-патрымаю, так і заснуў”, — тлумачыць кур’ёз маэстра. Тады бацькі спахапіліся і забралі хлопца дадому назаўсёды. Выхаваннем займалася бабуля.

“Маладзечна мне заўсёды навявала атмасферу еўрапейскага польскага гарадка. Як пабываў у Польшчы, дакладна ў гэтым пераканаўся. Гэтае падабенства, думаецца, перадалося ад людскога духу. Калі разабрацца, не так даўно паланізацыя тая і была. Бацькі ж маіх аднагодкаў пры Польшчы нарадзіліся”, — абумоўлівае пазіцыю кампазітар.

Планаў станавіцца музыкам у падлетка-Елісеенкава не было. Тата разумеў, што ў сына ёсць задаткі, падтрымліваў іх, шэфстваваў над наведваннем музычнай школы. Але асабліва на прафесійным выбары не настойваў. Наадварот, пад уплывам мамы-педагога хлопец выбраў фізіка-матэматычны профіль і ўжо меў поспехі. Ды пасля перайшоў у іншую школу, кантролю мамінага там не стала. І вучоба саступіла месца свавольствам, ігры на гітары, стварэнню школьнага рок-гурта. Адпаведна, адзнакі рэзка ўпалі, і пытанне пра выбар будучай прафесіі вырашылася само сабой — толькі ў музвучылішча, бо надзейным апірышчам падлетка была музычная школа.

Якраз у ёй прыйшло і першае прызнанне да будучага маэстра. Вось што ён расказвае: “Неяк на сальфеджыа кожнаму з вучняў задалі па нотах напісаць песню. Якія ноты? Футбол чакаў. Я заданне не выканаў. І выкладчыца мне загадала праспяваць твор, які напісала іншая дзяўчынка. Кажу: без праблем. А сам зірнуў на тэкст, і, як на магнітафоне, у галаве свая музыка прайграла, на яе і заспяваў. Настаўніца пахваліла, і музычная школа адправіла мае ноты ў Мінск на конкурс дзіцячай творчасці. Як аказалася, стаў лаўрэатам”.

Пасля пераможцу запрасілі на школьны ўрачысты сход. Ён апрануў святочную белую кашулю і чырвоны гальштук. А заслужаныя выканаўцы сталі спяваць яго песню – важным оперным голасам. “Як жа маю песню сапсавалі”, — думаў прыхільнік фартэпіяннай аранжыроўкі эстраднага стылю, і, ледзь дачакаўшыся завяршэння мерапрыемства, пабег гуляць у футбол.

У Маладзечанскім музычным вучылішчы творчыя поспехі паўтараліся. На першым курсе зноў стаў лаўрэатам прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу. А дыплом уручаў загадчык кафедры сталічнай кансерваторыі кампазітар Анатоль Багатыроў. Гледзячы на класіка беларускай музыкі, юны музыка ўсур’ёз задумаўся над працягам кампазітарскай справы. І па заканчэнні вучылішча паступіў у кансерваторыю на адпаведнае аддзяленне. Цяпер Анатоль Багатыроў стаў для студэнта не проста кумірам, а выкладчыкам. Як і Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Уладзімір Алоўнікаў…

Пасля кансерваторыі і аспірантуры Алег Елісеенкаў і сам стаў выкладаць, яго размеркавалі ў Мінскі інстытут культуры, цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працуе ён дацэнтам кафедры мастацтва эстрады. Да таго ж мае шмат ганаровых званняў — лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Плюс да ўсяго – сябра Беларускага саюза кампазітараў. Што папярэднічала ўсеагульнаму прызнанню?

СВАЮ справу адыграў выпадак. У Юрмале ў 1987 годдзе з’явіўся фестываль для маладых выканаўцаў, якія самі маглі выбіраць свой рэпертуар. Зацвярджала песні Масква — яна такім чынам шукала для сябе музычныя навінкі. Для дуэта юрмальскіх удзельнікаў Людмілы Куц і Уладзіміра Стамаці Алег Елісеенкаў па рэкамендацыі Саюза кампазітараў падрыхтаваў дзве песні, якія прайшлі суровы адбор і прагучалі з Цэнтральнага тэлебачання ў адзін дзень. А ў праймтайме двойчы падрад высвецілася імя нашага героя.

— У Савецкім Саюзе юрмальскі фестываль быў эпахальным. З ім пачалося маё сапраўднае зорнае жыццё: на выступленні запрашалі радыё, тэлебачанне. Калі раней я абіваў іх парогі, то цяпер яны самі мяне прасілі. Неяк у тэлевізійных кулуарах пазнаёміліся з Сашам Саладухам, які тады яшчэ толькі пачынаў сцэнічную кар’еру. Ён прапанаваў супрацоўнічаць, папрасіў напісаць для яго песню. Ёю стала “Заварожаная фея” на словы Алеся Бадака, якую Саладуха выканаў на Беларускім радыё і крыху пазней адправіўся з ёй на фестываль “Песні бярыце з сабой”. Гэта і стала адпраўной кропкай папулярнасці і прызнання народнага любімца Аляксандра Саладухі.

Алег Елісеенкаў – стваральнік праекта “Зорная ростань”, які выходзіў на Беларускім тэлебачанні з 1994 па 2000 год. Гэта своеасаблівая беларуская фабрыка зорак, якая імгненна заваявала ўвагу і прыхільнасць гледачоў. Сутнасць – раскрыццё маладых талентаў. Там упершыню заявілі пра сябе Іскуі Абалян, Валерый Дзідзюля, Саша Нэма, Тэа, дуэт Аляксандра і Канстанцін, Вера Карэтнікава, Святлана Стацэнка, Наталля Падольская.

У нашай краіны была мэта – атрымаць Гран-пры на міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. Для гэтага народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг пры сваім аркестры стварыў студыю і запрасіў ёю кіраваць Алега Елісеенкава. Менавіта тады праклалі сабе зорную сцежку Дзмітрый Калдун, Пётр Ялфімаў, Леся Кодуш, Слава Нагорны… Пётр Ялфімаў прыдумаў назву студыі – “Гран-пры”. Маўляў, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Неўзабаве Ялфімаў і заваяваў Гран-пры на “Славянскім базары”. А Дзмітрый Калдун дастойна прадставіў Беларусь на “Еўрабачанні”.

Успомнілася прыказка: пра настаўніка мяркуюць па яго вучнях. Дык вучні ў Елісеенкава як на падбор. А яшчэ пра чалавека судзяць па яго сябрах. “Сябры” ў маэстра найлепшыя – гэта беларускі ансамбль на чале з легендарным Анатолем Ярмоленка.

— Мы пазнаёміліся падчас гастроляў у Германіі, дзе выступалі перад ваеннымі лётчыкамі. Камсамольская структура сфарміравала творчую брыгаду, куды трапіў я, пачынаючы кампазітар, і папулярныя “Сябры”. Атрымаўся выдатны двухтыднёвы тур. Пасля гэтага сталі супрацоўнічаць. Узніклі сумесныя песні “Крынічанька”, “Прыязджайце да нас у Беларусь”, з’явіўся і альбом “Дзе каліна цвіла”…

Аднак Алег Елісеенкаў не адразу змог ствараць мелодыі для “Сяброў”… Відаць, з-за традыцыйнасці калектыву:

— Мы з Сашам Саладухам прыязней да рокавай манеры ставіліся. Маю песню “Неравный брак” ён спяваў у Маскве, дык нават Грыгорый Лепс падышоў, падзякаваў і руку паціснуў.

АЛЕГА Елісеенкава часта запрашаюць у журы розных тэлевізійных конкурсаў, бо ўмее навучыць, падказаць, ацаніць. У тым ліку ацэньваў удзельнікаў музычна-сацыяльнага праекта на Беларускім тэлебачанні “Я пою”, дзе спявалі дзеці з нядобранадзейных сямей:

— Тады я зразумеў, што на свеце ёсць нешта большае, чым музыка. Гэта духоўны свет, узаемапаразуменне, шчырасць, глыбокія дзіцячыя вочы…

Спазнаўшы ісціну, айчынны маэстра дзеліцца перакананнямі:

— Важна заўсёды займацца любімай справай. Выбіраць яе не па меркантыльных, а душэўных перакананнях. Тады ўсё атрымаецца, стане блізкім шлях да эверэсту, а поспех прыцягне нібы магнітам. 

Алена БАСІКІРСКАЯ

Фота з асабістага архіва Алега ЕЛІСЕЕНКАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter