Белавежскія драпежнікі будуць перадаваць навукоўцам эсэмэскі

На сувязі — рысь і воўк

Паводзіны пінгвінаў у Антарктыцы вучоныя не так даўно пачалі вывучаць з дапамогай робатаў, якія нагадваюць гэтых птушак. А вось жыццё белавежскіх драпежнікаў — ваўкоў і рысяў — навукоўцы плануюць даследаваць з дапамогай мабільнай сувязі.

Намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Васіль Арнольбік паведаміў, што для вывучэння экалогіі ваўка як у Польшчы, так і ў Беларусі ўжо выкарыстоўваюцца фотапасткі. Тэлеметрыя перамяшчэння, або дыстанцыйнае сачэнне за размяшчэннем жывёл, у беларускай частцы пушчы знаходзіцца на этапе падрыхтоўкі. У Германіі зараз вырабляюць спецыяльныя GPS/GSM-перадатчыкі. З дапамогай сеткі мабільных аператараў яны будуць адпраўляць інфармацыю аб драпежніках у выглядзе sms-паведамленняў. Самае складанае ў гэтай рабоце — адлавіць жывёл і замацаваць на іх перадатчык.

Развіццё трансгранічных даследаванняў экалогіі ваўка і рысі вучоныя абмяркоўвалі на міжнароднай рабочай сустрэчы ў Белавежы. Інстытут вывучэння млекакормячых Акадэміі навук Польшчы выканаў фундаментальныя даследаванні экалогіі ваўка яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя, тым не менш патрэба ў далейшым вывучэнні гэтага звера, у тым ліку трансгранічным, усё яшчэ існуе. У прыватнасці, цікава, як зменіцца колькасць буйных драпежных і капытных жывёл ва ўмовах павелічэння запаведнай зоны Белавежскай пушчы?

Наша частка пушчы — адна з найбольш цікавых тэрыторый для вывучэння ваўка, упэўнены галоўны паляўніцтвазнавец НП “Белавежская пушча” Алег Шчытоў. Колькасць гэтага драпежніка актыўна рэгулюецца практычна на ўсёй тэрыторыі краіны, у той час як у запаведнай зоне нацыянальнага парку, якая займае амаль 60 тысяч гектараў, не вядзецца ніякага палявання. У дадатак да гэтага ў Белавежскай пушчы ўводзіцца мараторый на адстрэл ваўка і на іншых тэрыторыях.

Удзельнікі сустрэчы ў Белавежы абмеркавалі таксама развіццё сумеснай праграмы па вывучэнні рысі. На думку польскіх калег, яна — менш пластычны драпежнік, чым воўк, і развіццё лясной гаспадаркі на незапаведных тэрыторыях нясе для яе пагрозу. У сувязі з гэтым асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі маюць ключавое значэнне для захавання гэтага рэдкага звера.

Работы па тэлеметрыі ваўка і рысі ў беларускай частцы Белавежскай пушчы з’яўляюцца часткай праграмы ў падтрымку запаведнасці і будуць рэалізаваны сумесна нацыянальным паркам і грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Дарэчы, рэдкія здымкі, зробленыя з дапамогай камер-фотапастак, можна ўбачыць на “Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы” на сайце АПБ і ў сацыяльных сетках.

yasko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter