На стадыён, а не ў аптэку…

У аграгарадку Лясны адкрылася пляцоўка для міні-футбола

У аграгарадку Лясны, што ў Мінскім раёне, адкрылася пляцоўка для гульні ў міні-футбол

Вялікі двор у аправе сучасных высотак, шмат аўто на паркоўцы, людзі з флажкамі і дзеці ў футбольнай форме. Глыбокая восень ужо схавала сакавітыя фарбы прыроды, а ў цэнтры двара аксамітнай зелянінай красавалася новенькая спартыўная пляцоўка, прыбраная з нагоды свята.

Дзякуючы сацыяльнай ініцыятыве сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «НТС», праваўладальніка гандлёвага знака «Родная сторона», быў запушчаны пяцігадовы праект «Родная сторона — детям». Згодна з ім, па ўсёй краіне мяркуецца пабудаваць 118 сучасных палёў для гульні ў міні-футбол. Разам з партнёрам праекта — Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» — кампанія ўжо зрабіла першае такое міні-поле ў Жыткавічах Гомельскай вобласці. Намеснік старшыні асацыяцыі Сяргей Сафар’ян упэўнены, што праект і далей будзе хутка набіраць тэмп. Адметна, што ім ужо зацікавілася кіраўніцтва Еўрапейскага саюза футбольных асацыяцый.

«У Беларусі шмат робіцца для развіцця спорту. Мы імкнёмся не праз аптэкі, а праз спартыўныя збудаванні ўмацоўваць здароўе людзей. Упэўнены, што гэты аб’ект будзе запатрабаваны і напоўнены актыўным жыццём», — адзначыў начальнік Упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Павел Няпрахін. Шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка для гульні ў міні-футбол прыдатная для выкарыстання круглы год. Пакрыццё проста ідэальнае, адпавядае лепшым сусветным стандартам. Штучная трава выбрана невыпадкова, яна мае ўласцівасці, блізкія да натуральнага газона, і доўга захоўвае сваю якасць. Работы па ўладкаванню пляцоўкі вяліся пад пільным наглядам спецыялізаванай будаўнічай арганізацыі, вытрыманы ўсе патрабаванні па бяспецы.

У рамках гэтага праекта кампанія «НТС» узяла на сябе большую частку выдаткаў. Як расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара Дзмітрый Падліпскі, яны ўклалі ў збудаванне пляцоўкi 285 мільёнаў рублёў. Сацыяльная адказнасць стала неад’емнай часткай палітыкі кампаніі, якая не толькі прапагандуе здаровы лад жыцця, але і фінансуе канкрэтныя праекты. «Зараз мы фарміруем план будаўніцтва на наступны год. У 2013-м мяркуем адкрыць каля 25 пляцовак. Думаем, што моладзь актыўна і карысна будзе праводзіць там вольны час», — спадзяецца Дзмітрый Падліпскі.

Амаль 100 мільёнаў рублёў на ўладкаванне «падушкі» пад газон сабрана Бараўлянскiм сельвыканкамам, тэрытарыяльна аграгарадок належыць гэтаму сельсавету. Актыўная дзейнасць яго старшыні Аляксандра Савончыка дазволіла прыцягнуць да гэтай справы нямала арганізацый і прадпрыемстваў. А з дапамогай Беларускай федэрацыі футбола спартыўнае поле абсталявана прафесійнымі футбольнымі варотамі.

І вось урачысты момант: перарэзана сімвалічная чырвоная стужка, і юныя спартсмены бадзёра выбеглі на новую пляцоўку. Іх чакаў матч-адкрыццё. 11—12-гадовыя футбалісты прыкметна хваляваліся і ўважліва слухалі навучанні трэнераў. Зборная дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы — вопытны «ігрок». Яна ўжо прымала ўдзел у міжнародным турніры ў Славакіі. На першынстве ДЮСШ Мінскай вобласці хлопцы ў два кругі правялi 16 гульняў і сталі пераможцамі. Іх сапернікі — зборная ВПК «Дзіцячы сад-школа» з вёскі Бараўляны — пачалі трэніравацца толькі з верасня, і гэты старт быў для іх першым. Вядома, што ў вы-ніку яны ўступілі камандзе спартыўнай школы. Але ніхто не засмуціўся, галоўнае, што ў хлопцаў ёсць азарт, імкненне змагацца, уменне не спасаваць перад сапернікам. А значыць, будуць і перамогі.

Без узнагароды не застаўся ніхто. Каманды атрымалі кубкі, а таксама рукзакі і мячы.

Поле апрабавана, і пляцоўка паступіла ў паўнаўладнае карыстанне жыхароў пасёлка Лясны. «Аграгарадок хутка будуецца, селяцца маладыя сем’і. Вядома, ёсць і іншыя спартыўныя аб’екты, але пры такім развіцці іх патрабуецца ўсё больш», — гаворыць намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Сяргей Шаблыка. У раёне шмат робіцца для спорту, і для футбола ў прыватнасці. Вынік — каманда «Іслач» практычна за год змагла выйсці ў першую лігу. «Гадуем маладую змену, дзіцячыя каманды, спадзяемся, што гэта наш алімпійскі рэзерв. На гэтай пляцоўцы будуць трэніравацца не толькі дзеці, плануем і матчы сярод працоўных калектываў. А ў перспектыве — будаўніцтва новага спартыўнага цэнтра», — падзяліўся планамі Сяргей Шаблыка.

На здымку: фота на памяць.

Фота: Марына БАРАДАЎКА 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter