На скрыжаванні шляхоў і падзей.

Калі падчас якіх-кольвечы дзелавых перамоў гаворка заходзіць пра беларускі Брэст, заўжды ўзгадваюць яго “выгаднае геапалітычнае становішча”. Заходнія вароты краіны, скрыжаванне гістарычных гандлёвых шляхоў з усходу на захад ды з поўначы на поўдзень. Cтаражытнае Бярэсце стала месцам многіх гістарычных падзей, шмат чаго на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбывалася ўпершыню менавіта тут. Брэст першым сярод гарадоў краіны атрымаў права на самакіраванне — магдэбургскае права. Менавіта тут падчас тайнай сустрэчы польскі кароль Ягайла і вялікі літоўскі князь Вітаўт распрацоўвалі план Грунвальдскай бітвы. Тут заснавана першая друкарня. Брэсцкую “прапіску” маюць славутыя царкоўная унія 1596 і мірная дамова 1918 гадоў. Нарэшце, знаўцы сцвярджаюць, што і першая пластычная аперацыя была зроблена ў Брэсце: шляхціц адсек шабляй мясцоваму карчмару частку носа, якую цырульнік паспяхова прышыў на месца... Брэст сёння дынамічна развіваецца, папаўняючы спіс першапраходцы здабыткамі ў многіх сферах жыцця. У 2019 годзе ён справіць свой 1000-гадовы юбілей. Будзе добрая нагода завітаць. Прыязджайце, калі ласка!

Старажытнае гарадзішча

Археалагічны музей “Бярэсце” — адзіны не толькі на Беларусі, але і ў Еўропе музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада. У 1968 годзе на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, на мысе паміж левым рукавом ракі Мухавец і Заходнім Бугам археолагі адшукалі старажытнае гарадзішча, месца, дзе зарадзіўся Брэст. Галоўны экспанат музея — археалагічны раскоп. На глыбіні 4 м знаходзіцца частка рамеснага квартала ХІІІ стагоддзя — 30 жылых і гаспадарчых пабудоў, узведзеных з сасны і дуба, дзве вуліцы. Дзве хаты захаваліся на 12 вянкоў, што вельмі вялікая рэдкасць у славянскай археалогіі. Дзякуючы намаганням археолагаў свет пабачылі больш як 43 тысячы знаходак, сярод якіх вырабы берасцейскіх кавалёў, гарадскіх ювеліраў, ганчароў і бондараў.

Крэпасць над Бугам

За выгоды свайго геастановішча гораду неаднойчы даводзілася расплачвацца страшэннымі наступствамі войнаў. Зрэшты, не толькі войны руйнавалі Брэст. Будаўніцтва галоўнага сімвала горада — Брэсцкай крэпасці — звязана амаль з поўным знішчэннем старажытнага паселішча. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі новыя ўлады заняліся распрацоўкай праекта крэпасці з магутнай сістэмай фартыфікацыйных збудаванняў, якая абараняла б заходнія межы дзяржавы. Па загаду імператара Мікалая I у 30-я гады ХІХ стагоддзя Брэст-Літоўск са шматлікімі цэрквамі і касцёламі, манастырамі і прыходскімі школамі, лаўкамі, корчмамі ды лазнямі з тэрыторыі пры зліцці рэк Мухавец і Заходні Буг пераносіцца на два кіламетры на ўсход (тут і знаходзіцца зараз цэнтр Брэста), а жыхарам выдаецца пазыка на будаўніцтва новых дамоў. Галоўным абарончым вузлом крэпасці з’яўлялася цытадэль — востраў, апяразаны двухпавярховай замкнёнай казармай. Сцены гэтай пабудовы — амаль два метры, а яе даўжыня — 1,8 км. У гэтых сценах, сустрэўшы на досвітку 22 чэрвеня 1941 года вайну, невялічкі гарнізон крэпасці больш за месяц гераічна трымаў абарону. Цытадэль была практычна зруйнавана фашыстамі. Цяпер тут — сусветна вядомы мемарыял у гонар яе абаронцаў. У 1965-м Брэсцкай крэпасці прысвоена званне “Крэпасць-герой”.

Радзівілаўская Біблія

У 1550-я гады староста берасцейскі Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у горадзе кальвінскі сабор і першую на тэрыторыі Беларусі Брэсцкую друкарню, дзе 4 верасня 1563 года на ўласныя ж сродкі выдаў кніжку пад назвай “Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная”. Поўны пераклад Бібліі на польскую мову стаў самым вялікім па аб’ёме друкаваным выданнем ХVI—XVIII стагоддзяў Вялікага Княства Літоўскага, шэдэўрам паліграфічнага мастацтва эпохі Рэнесансу. Упершыню ў гісторыі беларускага кнігадрукавання тут змешчаны прадметны паказальнік. Лёс кніжкі аказаўся трагічным. Пасля смерці Радзівіла Чорнага яго сын, Мікалай Радзівіл Сіротка, заўзяты католік, загадаў сабраць пратэстанцкія брэсцкія выданні бацькі і спаліць іх у двары Нясвіжскага замка. У тым полымі загінула і большая частка тыражу брэсцкай Бібліі. Зараз ацалелыя яе экзэмпляры захоўваюцца ў Расіі, Літве, Польшчы і няпоўны — у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Коласа НАН Беларусі.

Жыццё — за веру

Пятага верасня (па старым стылі) 1648 года каля вёскі Гершоны (цяпер мяжа Брэста) быў расстраляны вядомы пісьменнік і публіцыст ігумен Брэсцкага Сімяонаўскага манастыра, адзін з “апосталаў праваслаўя” ў краі Афанасій Філіповіч. З іменем прападобнамучаніка Афанасія звязана эпоха зацвярджэння праваслаўнай веры на брэсцкай зямлі. У 1596 годзе ў Брэсце была заключана унія паміж часткай праваслаўнай царквы паўднёва-заходняй Русі і рымска-каталіцкай царквой. Унія мела на мэце лацінізацыю праваслаўнай веры і рускай народнасці, супраць чаго і выступаў айцец Афанасій. Падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага яго абвінавацілі ў сувязі з казакамі і вынеслі смяротны прыгавор. Святар быў кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой і пад іменем Афанасій Брэсцкі ўвайшоў у Сабор беларускіх святых.

Для тэатральных гурманаў пір

Брэст багаты на яркія з’явы культурнага жыцця. А найгалоўнейшая з іх — Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”, які праводзіцца тут з 1996 года і сёння з’яўляецца найбуйнейшым тэатральным форумам Беларусі. За гэты час ён набыў безумоўны аўтарытэт у міжнародным фестывальным руху — у фэсце ўзялі ўдзел творчыя калектывы драматычных і лялечных тэатраў з 51 краіны свету, з усіх кантынентаў. Лаўрэатамі Гран-пры станавіліся таксама Брэсцкія абласныя тэатр драмы і музыкі ды лялечны тэатр. Прыцягальнай асаблівасцю “Белай Вежы” заўжды з’яўляецца фестывальная праграма, прадстаўленая пастаноўкамі самых розных жанраў і кірункаў тэатральнага мастацтва — класічнай драмай і смелымі наватарскімі пастаноўкамі, лялечнымі спектаклямі для дзяцей і дарослых, тэатрам ценяў, вулічнымі прадстаўленнямі і карнавальным шэсцем, пластычнай драматургіяй і сучаснай харэаграфіяй. Для знакамітых рэжысёраў і акцёраў, музыкантаў і мастакоў, а таксама маладых талентаў брэсцкі фестываль — гэта цудоўная магчымасць вынесці на суд гледачоў свае лепшыя работы. Прыгранічны форум адкрыў для Еўропы многія імёны і калектывы, чыя творчасць сёння надзвычай запатрабаваная.

Прытулак для сімпатычных страшылак

Не ўсе нават брастаўчане ведаюць, што ёсць у гораде над Бугам унікальны заказнік з паэтычнай назвай “Барбастэла”. Месціцца ён побач з былой вёскай Казловічы, якая цяпер уваходзіць у межы горада, у закінутым форце Брэсцкай крэпасці часоў першай сусветнай вайны. Створаны заказнік для захавання месцаў пражывання і зімавання рэдкіх відаў кажаноў, якія аблюбавалі сырыя ціхія скляпенні. Штогод на пяці гектарах з лістапада па сакавік тут знаходзіцца звыш 2500 асобін рукакрылых 12 відаў, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Як, напрыклад, адзін з найбольш рэдкіх відаў — шыракавушка еўрапейская, альбо barbastella. Папуляцыя кажаноў, што зімуе ў фортах Брэсцкай крэпасці, — самая шматлікая ў Беларусі і адна з буйнейшых у Еўропе.

Тут гадуюць чэмпіёнаў

У пераліку турыстычных маршрутаў горада ёсць і такі — “Брэст спартыўны”. Пачынаецца ён з самай адметнай славутасці — вяслярнага канала, збудавання сапраўды ўнікальнага не толькі па беларускіх, але і па еўрапейскіх мерках. Магчымасць правядзення спаборніцтваў высокага міжнароднага ўзроўню горад атрымаў некалькі гадоў таму, дзякуючы поўнай рэканструкцыі вяслярнага канала, якая па даручэнні кіраўніка дзяржавы адбылася ў 2005—2006 гадах. У рамках рэканструкцыі пабудавана таксама адпаведная інфраструктура. На базе канала дзейнічае абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанню.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter