На карысць Бацькаўшчыны

Кіраўнікі амаль трыццаці беларускіх суполак прымалі ўдзел у каардынацыйнай нарадзе, якая праходзіла ў Маскве
Кіраўнікі суполак суайчыннікаў зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускім Пасольствам у РасііКіраўнікі амаль трыццаці беларускіх суполак прымалі ўдзел у каардынацыйнай нарадзе, якая праходзіла ў Маскве
У такіх выключна тонкіх справах, як пачуццё роду, Радзімы, адчуванні часам гавораць больш, чым факты... Цёплай, сардэчнай была атмасфера ў Блакітнай зале Пасольства ў Маскве. Хоць, заўважыў я, здараліся і невялікія спрэчкі за вялізным сталом, дзе сабралася каля трыццаці кіраўнікоў суполак, аднак у галоўным суайчыннікі адзіныя, за Бацькаўшчыну ўсе — гарой. “Чаму вырашылі мы збірацца часцей, рабіць нешта разам? Каб вы адчувалі сябе беларусамі, і адчувалі — камфортна…” — прызнаўся пад канец сустрэчы саветнік-пасланнік Пасольства Алег Іваноў, які вёў рэй за сталом. Зрабіўшы яўны акцэнт на апошнім слове.
А каб камфортна было — трэба пастарацца. Між тым і сцены шыкоўнага будынка Пасольства, які ўзводзіўся амаль 200 гадоў таму як дар маскоўскай знаці маршалу Кутузаву за заслугі перад Айчынай, уражваюць. Настройваюць на ўрачысты лад. Сёння мала хто ведае: уплывовыя маскоўскія беларусы на пачатку нашай суверэннасці добра папрацавалі на карысць Бацькаўшчыны. Дзякуючы іх згуртаванасці, прадпрымальнасці, прадбачлівасці будынак у цэнтры Масквы стаў уласнасцю нашай дзяржавы. “Мы з вамі знаходзімся на тэрыторыі Беларусі,” — з усмешкай згадваў дэталі мінулага ў пасольскім прэс-цэнтры ветэран беларускага руху, а раней і ўпраўляючы справамі Пасольства Алег Кандыба. А пад час пасяджэння ён, прэзідэнт Маскоўскага клуба беларусаў, таксама гаварыў… пра адчуванні. Звяртаўся да пасла: “Вы гарыце гэтым настроем, я бачу вялікае жаданне працаваць сумесна з дыяспарай. Што ж, у народзе мудра кажуць: хочаш перамагчы цемру — запалі свечку. Дзякуючы вам сёння гараць свечкі насупраць кожнага з нас. Дзякуй вам!”.
На пачатку сустрэчы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігар Петрышэнка абышоў залу, з усімі павітаўся асабіста. Апладысментамі ўспрынялі суайчыннікі яго жаданне звярнуцца да іх на беларускай мове. (Тэкст прамовы, з невялікімі скарачэннямі, падаем на 2-й старонцы.) Дарэчы, сам Ігар Віктаравіч родам з Гомельшчыны, са знакамітай багатымі народнымі традыцыямі вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна.
Рабочы момант нарады Далей слова меў Валерый Казакоў, старшыня савета ФНКА “Беларусы Расіі”. Сказаўшы, што ў зале сабраліся самаадданыя людзі, якія даўно працуюць на беларускую справу ў Расіі, ён дзякаваў паслу, што адно з першых пасяджэнняў дыпламат прысвяціў дыяспары. “Перад вамі людзі, якіх можна назваць беларускай соллю рускай зямлі, — вобразна прадаўжаў Валерый Мікалаевіч. — Сказаць пра кожнага — спатрэбіцца шмат часу. Таму скажу такую лічбу: гэтыя людзі і іх паплечнікі правялі за апошнія два гады больш за чатыры з паловай тысячы розных мерапрыемстваў. У розных кутках Расіі. Гэтыя людзі з усёй адказасцю ставяцца да выканання свайго духоўнага абавязку”. Важным падалося мне меркаванне Валерыя Казакова, якое падзяляюць яго паплечнікі Сяргей Кандыбовіч, Алег Кандыба, Алег Рудакоў, Уладзімір Шугля і іншыя вядомыя людзі дыяспары: беларусам замежжа ніяк нельга заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Усе сходзяцца ў думцы, што “нам пара перафармаціраваць сваё ўтрыманскае (“иждивенческое”) стаўленне да Беларусі. І размовы з ёй трэба пачынаць не са слова “дай”, а “вось мы прыйшлі”, прынеслі нешта карыснае для народа, для Бацькаўшчыны”. Сапраўды, дзеці, стаўшы дарослымі, клапоцяцца пра бацькоў — так варта ставіцца і “пасталелай” дыяспары да Айчыны.
Для ўсіх было цікава даведацца, што так і жывуць многія суполкі. Прыкладам, парадаваўся Валерый Казакоў: у Ветцы яму прыемна было пачуць, як дапамагаюць мясцовым музейшчыкам Алег Кандыба і яго паплечнікі. А ў мэрыі Масквы ўжо ведаюць, што і Уладзімір Пуцін стаў ганаровым членам аб’яднання беларусаў Масквы — Валерый Мікалаевіч уручыў Прэзідэнту Расіі адпаведны білет ФНКА. Актыўна рухаюцца праекты па вяртанні на Бацькаўшчыну матэрыяльных, духоўных каштоўнасцяў і нават людскіх рэсурсаў — задумана будаўніцтва беларуска-рускай вёскі.
Зрэшты, да змястоўнага выступлення Валерыя Казакова, які да таго ж атрымліваў пад час сустрэчы шмат падарункаў, віншаванняў з нагоды 60-х угодкаў, мы звернемся ў наступных публікацыях. Увогуле ж гаварылі суайчыннікі пра свае надзённыя праблемы, прычым не толькі ў сферы культурнай ці адукацыйнай. Прадумвалі, як дапамагаць рухаць беларускую прадукцыю, паслугі на расійскі рынак. Дзяліліся досведам канструктыўнага ўзаемадзеяння беларускіх суполак як з расійскімі дзяржаўнымі арганізацыямі, так і з адміністрацыйнымі рэгіёнамі Беларусі. На нарадзе выступалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Інстытута культуры Беларусі — з імі ў замежных суайчыннікаў таксама шмат кантактаў. Мы мяркуем на будучыню падаць інфармацыю з тых выступленняў, цікавую для суайчыннікаў у розных краінах.
Шэраг выступленняў тычыўся работы дыяспары з моладдзю. У прыватнасці, досведам выхавання юнакоў і дзяўчат дзяліўся Сяргей Бандарэнка з Сургута. Патрыятычны атрад “Звязда” дзейнічае там на сродкі беларусаў, ёсць падтрымка муніцыпальная і акруговая. Работа вядзецца вялікая, энтузісты нават стварылі там музей баявой славы. А Уладзімір Шугля, ганаровы консул Беларусі ў Цюмені, нагадаў, як шмат зрабілі нашы супляменнікі ў савецкі час для асваення прыродных багаццяў Сібіры. Для наладжвання дзелавога партнёрства з Беларуссю цяпер створана арганізацыя “Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў”, у якую ўжо ўвайшлі звыш 40 вытворчых прадпрыемстваў і ўстаноў. “Мы развіваем вытворчую кааперацыю беларуска-расійскіх прадпрыемстваў, што дазваляе нарошчаваць аб’ёмы гандлю, ствараць новыя рабочыя месцы, стымуляваць выпуск сучасных тавараў, тэхнікі, абсталявання, — расказваў Уладзімір Фёдаравіч. — Усё вельмі няпроста даецца! Часам даводзіцца, як кажуць, з боем прабівацца на рынкі, дзе жорсткая канкурэнцыя. Увогуле я лічу: у кожным расійскім рэгіёне павінна быць лабіраванне беларускіх тавараў. І кожны з нас павінен сябе спытаць: што я зрабіў для гэтага? Трэба выкарыстоўваць для гэтага патэнцыял землякоў, якія дасягнулі вышынь у пэўных сферах дзейнасці”. Паказальна, што дзякуючы намаганням самога Уладзіміра Шуглі і яго партнёраў у Цюменскай вобласці створаны вытворчасці па зборцы магілёўскіх ліфтаў і ліфтавога абсталявання, наладжана зборка мінскіх трактароў, камбайнаў “Гомсельмаша”, іншай тэхнікі.
Цікавай, змястоўнай і камфортнай па атмасферы атрымалася нарада ў Пасольстве. Супрацоўнікі дыпмісіі паабяцалі ўважліва вывучыць прапановы суайчыннікаў, з іх улікам разгортваць работу з дыяспарай. “У нас, мяркую, будуць сустрэчы на пастаяннай аснове, — падводзіў вынікі нарады саветнік-пасланнік Алег Іваноў. — Прычым не абавязкова за круглым сталом: сучасныя тэхсродкі дазваляюць рабіць тое па-рознаму. Мы ад вас, паверце, не адстанем. Мы хочам, каб быў максімальна задзейнічаны патэнцыял дыяспары, у тым ліку і інтэлектуальны.”
Было бачна: лідары беларускіх суполак такой увазе толькі рады.

Іван Ждановіч
На здымках:
Кіраўнікі суполак суайчыннікаў зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускім Пасольствам у Расіі
Рабочы момант нарады
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter