Выхад да мiкрафону без боязi: больш за сто гадоў радыёжурналісты Ерманюк аддалі сваёй прафесіі

На грэбенi радыёхвалi

Анастасія ЕРМАЛЮК: прамы эфір вельмі бадзёрыць, прымушае быць увесь час у тонусе
Яе голас мы чуем па буднях у эфіры «Раніца з Беларускім радыё», а таксама кожную суботу ў дакументальным праекце «Пакаленне ХХІ». Ён некалькi дзесяцiгоддзяў вёў рэзанансныя праграмы «Яны змагаліся за Радзіму» і «Для веруючых і няверуючых». Героі яе перадач — старшакласнікі, якія абмяркоўваюць разнастайныя пытанні маладзёжнага жыцця. Да яго на эфіры прыязджалі сталыя, вядомыя і не вельмі, людзі з усяго Савецкага Саюза. Працоўнае месца абодвух — дом радыё на вуліцы Чырвонай, 4 у Мінску. Праўда, у розны час, бо яны — дзед і ўнучка. Знаёмцеся, дынастыя Ермалюк. 

«Бабуля была спецыялістам па сувязях з грамадскасцю»

Пра справы сямейныя гаворым з Анастасіяй, унучкай вядомага вядучага Юрыя Ермалюка. 

— Наша журналісцкая дынастыя пачалася з дзядулі і бабулі — Юрыя Канстанцінавіча і Нэлі Іванаўны, — пачынае Анастасія. — Пазнаёміліся яны на першым курсе аддзялення журналiстыкi фiлфака БДУ. Выдатна памятаю, як дзед казаў: убачыў дзяўчыну і вырашыў, што яна абавязкова будзе яго жонкай. 

Так і атрымалася. Маладыя людзі стварылі сям’ю яшчэ студэнтамі. Разам наведвалі лекцыі, падзараблялі ў газетах, атрымалі дыпломы. А потым кожны пайшоў сваёй дарогай. Нэлі пачала працаваць у Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Спачатку бібліятэкарам, але хутка дарасла да начальніка аддзела. 

Анастасія мяркуе, бабуля была, як зараз кажуць, спецыялістам па сувязях з грамадскасцю. Яна суправаджала беларускія дэлегацыі ў паездках па ўсім свеце. Напрыклад, часта выязджала з ансамблем «Харошкі». Пісала прэс-рэлізы і для замежнікаў, і для, як кажуць, унутранага карыстання. А яшчэ пісала кнігі. Нэлі Ермалюк — адна з аўтараў кнігі «Савецкая Беларусь сёння», арыгінал якой захоўваецца ва ўніверсітэце Вірджыніі. 

Вельмі любілі дзед і бабуля кніжнае слова, пацвярджае Анастасія. Таму, мабыць, у іх доме часта бывалi многiя вядомыя пісьменнікi і паэты таго часу. А на кніжных паліцах захоўваліся рэдкія экзэмпляры кніг, падпісаных асабіста аўтарамi. 

— У дзяцінстве гэта не ўсведамлялася як трэба, — крыху засмучаецца Анастасія. — А калі прыйшло ўсведамленне, не стала бабулі. Яна пакінула нас больш за 10 гадоў таму.

Прафесіяналізм не залежыць ад тэхнічных магчымасцей

«Доўгі час не надавала значэння таму, што дзед — вядомы журналіст»

А вось дзед быў журналістам у поўным сэнсе гэтага слова. І вядомым. На Беларускае радыё ён трапіў яшчэ студэнтам. І прысвяціў яму ўсё сваё жыццё. Ён быў аўтарам і вядучым рэзанансных праграм «Яны змагаліся за Радзіму» і «Для веруючых і няверуючых». Першая — прысвечаная вайне. Падчас другой — у даступнай для слухачоў форме падаваў рэчы, пра якія трэба задумацца. 

— Што тычыцца мяне, то я не памятаю момант, калі вырашыла стаць менавіта журналістам, — прызнаецца Анастасія. — Была думка стаць, як тата, перакладчыкам. І толькі ў старэйшых класах пераважыла журналістыка. А радыёжурналістам стала дзякуючы дзеду. Хаця спачатку да канца не разумела значнасці яго асобы. 

Задумалася пра гэта толькі тады, калі рыхтавалася да паступлення на журфак БДУ. На падрыхтоўчых курсах вучылі пісаць сачыненне. Выкладчык прапанаваў расказаць пра дзеда — вядомага радыёжурналіста. 

Нэлі і Юрый ЕРМАЛЮК

Менавіта тады пачала цікавіцца не толькі працай роднага чалавека, але і мінулым. Так, даведалася, чаму той абраў вельмі цікавую прафесію. Аказалася, што выбар выпадковы. Маленькі Юра вучыўся ў школе ў горадзе Бузулук Арэнбургскай вобласці. Аднойчы ў школьнай бібліятэцы працякла столь і кнігі заліло вадой. Школьнік не мог з гэтым мірыцца і напісаў у мясцовую газету. Праз некалькі дзён столь у бібліятэцы залаталі, а хлопец, як пазаштатны аўтар, атрымаў ганарар. Гэты выпадак і падштурхнуў паступаць на журфак. 

Сама Насця на журфак таксама паступіла. На другім курсе дзяўчына прыйшла на практыку на Беларускае радыё. І, як дзед, закахалася ў гэтую атмасферу. На чацвёртым курсе вяла сваю праграму. І пачала абмяркоўваць рабочыя пытанні з больш вопытным таварышам.

— Дзядуля ніколі мяне не крытыкаваў, — задумваецца Анастасія. — Ён выдатна разумеў, што часы, погляд на журналістыку і на само радыё мяняюцца. Тыя праграмы, якія раней гучалі па 50 хвілін або па гадзіне, у наш час ніхто слухаць не будзе. Сённяшняму слухачу трэба 5—10 хвілін. Але на некаторыя рэчы ён звяртаў увагу. Напрыклад, на сур’ёзнае стаўленне да сваіх абавязкаў. 

Дарэчы, зараз Анастасія вядзе праграмы «Раніца з Беларускім радыё» і «Пакаленне ХХІ». 

Часы розныя, абавязкі тыя ж

Паўстагоддзя таму, зразумела, быў іншы падыход і тэхнічныя магчымасці. Калі працаваў Юрый Ермалюк, то справу меў з лістамі чытачоў, сустракаўся з героямі, ездзіў у камандзіроўкі па ўсім Саюзе. Застаўся вялізны архіў лістоў, якія яму дасылалі. Радыёжурналіст таго часу рыхтаваў пытанні, падбіраў герояў сваёй праграмы. А спецыяльная служба займалася мантажом. 

Зараз усё прасцей. Электронны мантаж дазваляе самастойна «склеіць» перадачу. А сучаснаму журналісту, бывае, не хапае часу пазнаёмiцца з героем праграмы крыху больш, чым таго патрабуе тэма эфіру. На жаль. 

Юрыя Ермалюка не стала зусiм нядаўна. Ён пакінуў гэты свет у 89 гадоў. Паважаны ўзрост. Але да апошняга дня яго цікавіла, што адбываецца вакол, у свеце. Нават на пенсіі ён не мог сядзець склаўшы рукі. Пісаў для газет. І тут спектр яго артыкулаў шырокі — і пра аўтамабілі, і пра сад-агарод. 

У часы працы Юрыя ЕРМАЛЮКА радыёпраграмы часта ішлі ў запісе

Бацькі Анастасіі напрамую не звязаныя з журналістыкай. Але, на маю думку, усё ж даволі блізка да яе. Тата, Павел Юр’евіч, скончыў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт па спецыяльнасці «перакладчык». Шмат працаваў за мяжой. Умеў і напісаць, і расказаць цікава. Мама, Антаніна Іванаўна, — бібліятэкар. Ёсць у сям’і яшчэ адзін журналіст. Пляменніца Юрыя Ермалюка працавала ў газеце «Звязда».

І ўсё ж самыя вядомыя імёны ў сям’і Ермалюк — Юрый і Анастасія. Адзін прысвяціў працы на радыё амаль 50 гадоў, другая — пакуль 10. Яе сыну Косцю ўсяго 6 гадоў, але ён добра разумее, што такое запіс праграмы і эфір. Ён ведае, што мама — радыёжурналіст. І што прадзед таксама ім быў. Магчыма, падрастае новая змена. 

misnik@sb.by

Фота з архіва сям’і ЕРМАЛЮК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter