Историки: раскопаный в Старом замке дом XIV века принадлежал богатому гродненцу

На глыбінi Сярэднявечча

На тэрыторыі Старога замка, дзе зараз поўным ходам ідзе рэканструкцыя, зноў унікальная знаходка — вялікі драўляны дом сярэдзіны XIV стагоддзя. Падмурак, зруб і печка пабудовы вельмі добра захаваліся. І па іх выглядзе, а таксама іншых знаходках можна прасачыць, як жылі гарадзенцы эпохі Сярэднявечча. 

Асноўныя раскопкі вядуцца на месцы, дзе будуць адноўлены мерная хата і камяніца.
Фота Вадзіма ВЕНСКАГА

Самая адказная місія падчас правядзення работ па рэканструкцыі Старога замка — у археолагаў. Асноўныя раскопкі вядуцца на месцы, дзе будуць адноўлены мерная хата і камяніца. Практычна ўсе земляныя даследаванні выконваюцца ўручную, а кіруе працэсам загадчыца аддзела археалогіі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч: 

— Чым ніжэй мы апускаемся, тым больш атрымліваем інфармацыі. На дадзены момант нашы спецыялісты выявілі шэсць пабудоў. Частка з іх была разбурана, частка сур’ёзна пашкоджана. Тры пабудовы мы ўжо даследавалі ў нашым профілі. Што такое профіль? У кожнага раскопу ёсць вертыкальная сцяна, якая на мове археолагаў завецца профілем. Будзем даследаваць яшчэ дзве пабудовы, а вось апошняя, шостая, так і застанецца да лепшых часоў. Пакінем яе для нашчадкаў. Справа ў тым, што плошча для нашай працы досыць абмежаваная. Некаторыя вялікія будынкі, якія ссоўваюцца, стаяць адзін над другім. 

Знойдзены драўляны дом, на здзіўленне, прасторны для эпохі Сярэднявечча. Гэта зруб памерам 5 на 5 метраў. Цяпер расчышчана толькі частка пабудовы. Унутры адшуканы розныя прадметы побыту. Відавочна, што тут больш за 600 гадоў таму жыла сям’я багатага гродзенца.

— У доме ўдалося адшукаць запор, цвікі, крэсіва — прыстасаванне для здабычы агню, назва якога ўтварылася ад слова «крэсаць», гэта значыць «высякаць агонь» ці «секчы крэсівам з крэменю». Уяўляе сабой кавалачак металу або сплаву. Таксама знайшлі некалькі іголак, пярсцёнкі, падвескі і іншыя прадметы. Пасля заканчэння археалагічных раскопак наша калекцыя папоўніцца прадметамі і больш ранняга перыяду. На асобных участках будзем капаць фактычна да мацерыка, а гэта канец X стагоддзя.

Археолагі працягваюць старанна вывучаць драўляную хату. Ужо сёння яны могуць ганарыцца вынікамі сваёй працы. Сабрана вялізная колькасць артэфактаў, якія ацэняць нават неспецыялісты. У вялікай калекцыі жаночыя і мужчынскія ўпрыгажэнні, ювелірныя інструменты, рыбалоўныя прылады, вялікая калекцыя зброі, драўляныя і касцяныя вырабы. 

Самай каштоўнай знаходкай па-ранейшаму застаецца шахматная ладдзя. Яе выявілі ў пласце, які адносіцца да канца XIV — пачатку XV стагоддзя. Акрамя таго, знойдзены набор наканечнікаў арбалетных балтоў, нож, косткі, тачыльны брусок, спражка, часткі металічных вырабаў, грэбень, унікальны запясцевы шчыток для стральбы з лука, ахоўны пярсцёнак, залатая накладка, якая калісьці ўпрыгожвала кнігу або абраз. 

Рэканструкцыю Старога замка завершаць не раней за 2020 год. Аднак у археолагаў застаецца зусім няшмат часу, каб усё зафіксаваць, замаляваць, пазначыць. Нядаўна замак зноў узнагародзіў «капальнікаў» за ўпартасць. У пачатку верасня з зямлі дасталі частку шахматнай дошкі эпохі Сярэднявечча. 

kondratieva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter