На двары трава, на траве каса

Давайце навядзем элементарны парадак на ўласным лецішчы

У паштовую скрынку ўкінулі памятку сельсавета, у якой звярталася ўвага на неабходнасць упарадкавання асабістага жытла і тэрыторыі навокал. Прынамсі, напамінак тычыўся не толькі жыхароў вёскі, але і так званых дачнікаў, да ліку якіх адносіўся і я.

Трошкі бянтэжыў толькі адзін факт: дакладна ведаю, што на ўсёй вуліцы на паштовую скрынку разарыўся толькі аўтар гэтых радкоў. Падумалася адразу: а як жа іншыя жыхары даведаюцца, што настаў час мянташыць косы? Безумоўна, тут я ўтрырую. Дбайны гаспадар і без напамінку ведае, калі браць у рукі «літоўку» і заліваць бензін у мотакасу. Але не ўсё так проста, як аказалася. Статыстыка сведчыць, што на сённяшні дзень у рэспубліцы налічваецца амаль 150 тысяч закінутых і трухлявых дамоў. Хто ж будзе ў гэтым выпадку наводзіць парадак вакол сядзібы і касіць траву, якая — надвор’е ж спрыяе — расце літаральна на вачах?

Старшыня Слабадскога сельсавета Уздзенскага раёна Таццяна Паўлаўна Пракацень згаджаецца, што пытанне гэта цяжкае. І справа нават не ў тым, што складана, а часам і немагчыма знайсці гаспадароў, прымусіць іх навесці належны парадак на ўласным надворку і вакол яго. Ёсць людзі, якія жывуць тут пастаянна, але замест таго, каб дагледзець належным чынам свой участак, у іх знаходзіцца шмат прычын для ігнаравання элементарных патрабаванняў той самай памяткі.

Сапраўды, так. Розныя бываюць выпадкі і абставіны. Напрыклад, састарэламу чалавеку самастойна вельмі цяжка выкасіць усю траву. У сельсавета няма магчымасці дапамагчы ўсім. На яго тэрыторыі — 50 вёсак, шмат месцаў агульнага карыстання, якія таксама патрабуюць клопату. А бюджэт сельсавета не дазваляе адразу і ўсюды навесці парадак. Напрыклад, спілаваць толькі адно дрэва, якое патэнцыяльна можа нанесці шкоду, калі яго бура паваліць, абыдзецца ў чатыры мільёны рублёў. Такі стан спраў не толькі ў Уздзенскім раёне, ён паўсюдна. Едзеш па ўтульнай, дагледжанай вёсачцы, і раптам вока міжволі затрымліваецца на двары, дзе лебяда хутка дасягне даху пабудовы. Між іншым, згодна з гэтай самай памяткай уладальнік дома павінен не толькі выкасіць траву на двары, але яшчэ і 5 метраў вакол ці да восі праезнай часткі дарогі. Нават калі хата сапраўды знаходзіцца з краю, ты вымушаны касіць той участак, які табе не належыць. І гэта мае рацыю. Што атрымаецца, калі кожны будзе клапаціцца выключна толькі аб сваім двары? Правільна, зарасце ўсё дзядоўнікам і палыном.

Яшчэ адзін прыклад. Сусед Сяргей у той час, калі дазвалялася браць зямлі столькі, колькі душа жадае, не стаў стрымліваць парывы апошняй. Спачатку імпэту хапіла, каб садзіць бульбу і сеяць жыта. Але з цягам часу энтузіязм некуды знік, і немаленькі ўчастак пачаў спакваля зарастаць. Цяпер там маладыя бярозкі вымахалі ў рост чалавека. Сам гаспадар толькі зрэдку з’яўляецца на сваім лецішчы. На маю заўвагу, маўляў, у чым справа, толькі паціснуў плячыма і нешта накшталт апраўдання буркнуў у адказ.

Сустрэў другога суседа, Васіля, у якога, дарэчы, на брамцы таксама адсутнічае паштовая скрынка. Ён крочыў з мотакасой дахаты, амаль увесь да галавы заляпаны рэшткамі збітай травы. На маё пытанне: «Што, мабыць, з заробкаў вяртаешся?» — толькі пакруціў галавой: «Дапамагаў выкасіць надворак суседцы, якая сама не ў стане гэта зрабіць».

Трэба адзначыць, што двор у самога Васіля заўжды ў належным стане. І, як бачым, у яго знаходзяцца час і жаданне дапамагчы іншым. Так што наяўнасць паштовай скрынкі, як і яе адсутнасць, не галоўнае, што вызначае нашы адносіны да навядзення элементарнага парадку на ўласным лецішчы. А калі браць больш маштабна, то і ўвогуле на зямлі, дзе мы з вамі жывём.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter