На ўдачу ўзяўся за пяро...

Былы дырэктар Бабруйскага гарбарнага выдаў кнiгу вершаў

Былы дырэктар Бабруйскага гарбарнага камбіната Міхаіл Кузьміч нечакана праявіў сябе на паэтычнай ніве

Кузьміч родам з вёскі Любанічы Карэліцкага раёна. Пасля вучобы ў Мінскім інстытуце народнай гаспадаркі працаваў на Гро­дзенскім гарбарным заво­дзе, быў яго дырэктарам. Затым узначальваў такое ж прадпрыемства ў Нарве, а пасля — Бабруйскі гарбарны камбінат.

Мясцовыя ўлады збіраліся закрыць прадпрыемства ў сувязі з яго шкодным ўздзеяннем на навакольнае асяроддзе. І новаму дырэктару давялося абнаўляць вытворчасць і ўдасканальваць тэхналогію. Менавіта Кузьміч з’явіўся ініцыятарам будаўніцтва жылля для сваіх работнікаў гаспадарчым спосабам і разгарнуў падсобную гаспадарку. Праз колькі часу камбінат — лепшы ў сваёй галіне, неаднойчы прызнаваўся пераможцам усесаюзнага спаборніцтва, а яго дырэктар — кавалер ордэна «Знак Пашаны» і іншых узнагарод...

Звыш двух дзясяткаў гадоў Кузьміч аддаў дырэктарскай пасадзе. І амаль столькі ж — на заслужаным адпачынку. Чалавек дзейны, такім і застаецца: узначальвае клуб «Кіраўнік» пры Бабруйскай гарадской асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Шмат увагі надае галоўнаму занятку, але ёсць у яго і яшчэ адно захапленне — вершаскладанне.

Нядаўна Кузьміч парадаваў цэлай вершаванай паэмай «Дзед Базыль», якую выдаў асобнай, больш за трыста старонак, кнігай. Што ў творы? Яго радаслоўная, галоўнай дзеючай асобай выступае дзед Базыль — Васіль Фёдаравіч Шымка, чалавек глыбокай унутранай сілы, які столькі перанёс, што і на пяцярых хапіла б...

Дзед Базыль — удзельнік руска-турэцкай вайны, герой баёў на Шыпкінскім перавале. Там ён уратаваў жыццё высокаму чыну, на якога раптоўна напалі туркі...

Вярнуўся ў Любанічы. Займеў сям’ю, чатырох дзяцей. Раптам памірае жонка... Праз колькі гадоў вырашыў па­спрабаваць сямейнага шчасця яшчэ раз... Пачалася Першая сусветная вайна. Давялося пакідаць абжытае месца. У Мінску на вакзале — музыка, конны строй: генерал, якога некалі выратаваў Базыль, ехаў на фронт!

«Мой выратавальнік! — абняў яго генерал, даў грошай, распарадзіўся рассадзіць па вагонах любанічан. Шымка трымаў курс на хлебны Арэнбург.

У горадзе Абдуліна пераквалі­фікаваўся ў чыгуначніка, працаваў памочнікам машыніста. А тут — рэвалюцыя, супрацьстаянне белых і чырвоных. Калчак ірваўся да Омска. Услед ішоў эшалон з золатам. Шымка, прыкінуўшыся абходчыкам, умудрыўся адзін вагон з золатам адчапіць... Каб не выпрабоўваць лёс, Базыль скочыў у цягнік, які праходзіў міма, і закапаўся у вугаль...

Спадарожным транспартам дабраўся ўрэшце рэшт на радзіму. Памёр у 1931 годзе, на восьмым дзясятку гадоў. Пакінуў вялікую сям’ю — дзесяць дзяцей, шмат унукаў...

Дык адкуль у дзядулі сілы браліся?

Ад старонкі роднай,

Раніцы роснай,

Ад палёў багатых,

Воблакаў калматых...

Паэма — своеасаблівы гімн пакаленню продкаў. Яе прэзентацыя адбылася нядаўна ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна горада Бабруйска.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter