На «біс», як трыццаць гадоў таму...

З РАСТОВА-НА-ДОНЕ, амаль за паўтары тысячы кіламетраў, прыехала выпускніца 1954 года Зоя КАЗЛОВА ў родную Лужкоўскую школу Шаркаўшчынскага раёна, у самую глыбінку Віцебшчыны.

У родную Лужкоўскую школу ў першую суботу лютага зляцеліся яе выпускнікі

З РАСТОВА-НА-ДОНЕ, амаль за паўтары тысячы кіламетраў, прыехала выпускніца 1954 года Зоя КАЗЛОВА ў родную Лужкоўскую школу Шаркаўшчынскага раёна, у самую глыбінку Віцебшчыны.

— Дзе я толькі не пабывала ў сваім жыцці: і на Малой Зямлі, і на Далёкім Усходзе, і ў Камсамольску-на-Амуры. Але заўсёды імкнулася наведаць родныя мясціны, — кажа яна.

Школа мае багатую гісторыю. Заснавана яна... у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Настаўнікамі ў ёй былі такія знакамітыя людзі края, як доктар філасофіі Фердынанд Серафімовіч, прафесар логікі і этыкі Віленскага універсітэта Мікалай Мастоўскі, мастак Язэп Драздовіч.

У наш час гэтая адукацыйная ўстанова неаднойчы станавілася адной з лепшых сельскіх школ краіны, а яе былы дырэктар Мілецій Андзілеўка атрымаў медаль Францыска Скарыны пад першым нумарам.

Сёння слаўныя традыцыі навучальнай установы працягвае і памнажае кіраўнік-энтузіяст, чалавек творчы і неабыякавы, Ларыса Гараніна. Па яе ініцыятыве ў будынку школы за два апошнія гады праведзены не проста капітальны, а еўрарамонт. На тэрыторыі ёсць дэндрапарк, экалагічная сцяжынка, пладовы сад, агарод.

Выпускнікі разам з атэстатам атрымліваюць спецыяльнасць трактарыста-машыніста, і не выпадкова, што большасць механізатараў мясцовага   КУП СГП «Гара-

дзец» тутэйшыя.

— Я закончыў школу дваццаць гадоў назад і застаўся, як і мае аднакласнікі Юрый Кляманскі, Аляксей Стрыжонак і Юрый Урублеўскі, у вёсцы. Атрымаў ад гаспадаркі трохпакаёвую кватэру. Толькі б рукі былі!..

Не прапусціла вечар сустрэчы і аднакласніца Аляксандра — Марыя Цыганова, аператар машыннага даення гаспадаркі:

— Вельмі ўдзячна класнай Зоі Іванаўне Огінавай, якая была дарадчыцай і сябрам. Я і сёння адчуваю яе падтрымку.

Выпускнікі, выходзячы на сцэну, імкнуліся выказаць у першую чаргу ўдзячнасць сваім педагогам. Палкоўнік з Санкт-Пецярбургу Валерый Ластаўка наведаў не толькі сваіх першых настаўнікаў Галіну Антонаўну Мяцеліцу і Леанілу Сямёнаўну Жугер, але і свайго брата Вячаслава Альфрэдавіча, які і зараз выкладае ў школе матэматыку.

Сюрпрыз настаўніку матэматыкі Вячаславу Альфрэдавічу Ластаўку паднеслі цяперашні старшыня Глыбоц-

кага райвыканкама Алег Морхат, дырэктар прыватнага сталічнага прадпрыемства  Анатоль Акачонак і яго намеснік Віктар Пярхальскі,  у якіх Вячаслав Альфрэдавіч быў класным. Яны, як і трыццаць год таму назад, выканалі на «біс» музыкальны нумар і падарылі школе швейную машынку.

У ліку знакамітых выпускнікоў школы былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Васіль Хрол і цяперашні — Мечыслаў Морхат, заслужаны артыст БССР Іван Краснадубскі. У гэтым спіску — прафесары, восем кандыдатаў навук. А яшчэ больш тых, хто працуе на роднай зямлі, працягвае яе летапіс!

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter