«Мы Ларыну абавязаны!»

Бабруйскi мастацкi каледж адзначыў сваё 65-годдзе

Адным з галоўных мерапрыемстваў, звязаных з 65-годдзем Бабруйскага мастацкага каледжа, было адкрыццё барэльефа яго былому дырэктару Аркадзю Ларыну.

Навучальная ўстанова бярэ свой пачатак з пасляваеннага 1946 года. Тады гэта была школа чатырохгадовага навучання па падрыхтоўцы кадраў для дрэваапрацоўчай прамысловасці. Паступова яна шырылася, развівалася. Але найбольшую моц набрала, калі ля руля стаў Аркадзь Ларын — выдатны арганізатар-педагог. Пры ім мастацкае вучылішча № 15 вырасла колькасцю і педагогаў, і навучэнцаў, тут з’явіліся спецыяльнасці, звязаныя з апрацоўкай розных матэрыялаў, — кераміст, чаканшчык, майстар роспісу фарфору. Ішло выхаванне прыгажосцю.

У сямідзясятыя—дзевяностыя гады мінулага стагоддзя на базе вучылішча праходзілі разнастайныя семінары, сімпозіумы, навукова-практычныя канферэнцыі. Сюды ехалі вучыцца з усяго былога Саюза, ад Уладзівастока да Калінінграда.

Ларын быў навідавоку, ва ўсім задаваў тон, на яго рахунку больш дзясятка навукова-практычных кніг, метадычных дапаможнікаў. Ён заклаў аснову лепшых традыцый навучання і выхавання ў галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У мінулым годзе Магілёўскі аблвыканкам па хадайніцтву калектыву навучальнай установы прыняў рашэнне аб прысваенні ёй імя Аркадзя Ларына. Як гаворыцца, па справах і пашана!

Адкрыццё барэльефа — яшчэ адзін знак павагі да гэтага ўнікальнага педагога і чалавека.

— Наша справа, — падкрэслівала цяперашні дырэктар каледжа Ніна Касцян, — працягвае справу Аркадзя Ягоравіча. Час цяпер, праўда, іншы: мы павінны і навучаць сваіх выхаванцаў, і грошы зарабляць. Аднак традыцыі, якія закладзены ў навучаннi і выхаваннi моладзі, застаюцца. Нам ёсць да чаго імкнуцца. Гэта навучанне і выхаванне па-ларынску. Вялікі педагог пакінуў нам багатую спадчыну. Мы яму абавязаны!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter