Наша краiна і Кітай плануюць пачаць супрацоўніцтва ў галіне космасу

Мы кажам партнёрам «нiхао»

Супрацоўніцтва дзвюх краiн у галіне касмiчных даследаванняў — гэта вельмi магчыма. Менавiта пра гэта падчас першага візіту ў нашу краіну прэзідэнта Кітайскай акадэміі навук (КАН) Бай Чуньлі распавёў яго беларускі калега — старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў. Паводле яго слоў, у дзяржаў ёсць шмат iншых перспектыўных тэм для кааперацыi — ад біялагічнага напрамку да галіны лазераў і нанатэхналогій:

Прэзідэнт Кітайскай акадэміі навук Бай Чуньлі (першы справа) на выставе ў Нацыянальнай акадэміі навук.

— У КНР вялікая праграма даследаванняў космасу, таму ў нас ёсць прапанова па ўдзеле кітайскага боку ў стварэнні нашага спадарожніка, а таксама па выкананні профільных навуковых даследаванняў. На перспектыву гаворка можа пайсці і аб вытворчасцi сумеснага беларуска-кітайскага спадарожніка, — так выказаўся Уладзімір Гусакоў.

У сваю чаргу, Бай Чуньлі падтрымаў ініцыятыву калегi:

— У нас ёсць вельмі моцны патэнцыял для развіцця ў галіне космасу. Наша акадэмія стварыла інавацыйны цэнтр для даследавання касмічнага напрамку, мы паспяхова распрацавалі ўжо 36 спадарожнікаў. Мы ўражаныя распрацоўкамі беларускіх вучоных, іх захопленасцю і жаданнем развіваць свае ідэі. Без сумневу, наша супрацоўніцтва будзе толькі расці.

Кітайская акадэмія навук — вышэйшая навуковая арганізацыя КНР, вядучы цэнтр фундаментальных даследаванняў у галіне прыродазнаўчых навук у краіне. Яна была арганізавана ў 1949 годзе ў Пекіне. I для нас кантакты з адной з самых буйных у свеце акадэмічных школ, падкрэсліў Уладзімір Гусакоў, — гэта ганарова і важна. На сённяшні дзень у КАН даследчай дзейнасцю займаюцца амаль 68 тысяч чалавек, трэцяя частка з якіх — прафесары або дацэнты. Кітайская акадэмія навук уключае ў сябе пяць аддзяленняў: матэматычных, фізічных, хімічных, тэхнічных навук, а таксама навук аб Зямлі. Таксама ў яе складзе працуюць 104 навукова-даследчыя інстытуты, 12 галіновых акадэмій і тры ўніверсітэты.

Разам з тым можна сказаць, што акадэміі дзвюх краін звязвае даўняе і плённае супрацоўніцтва.

— У нас з кітайскімі калегамі створана 20 сумесных міжнародных даследчых цэнтраў і лабараторый. У іх ліку навукова-даследчы цэнтр з урадам горада Ліньі па распрацоўцы магнітных матэрыялаў на базе Нацыянальнай акадэміі навук нашай краіны. Мы наладзілі супрацоўніцтва з кітайскай дзяржаўнай авіяцыйнай кампаніяй AVIC і стварылі прадпрыемства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы», якое на базе нашай акадэміі займаецца распрацоўкай беспілотнай авіяцыі, і многае іншае, — кажа Уладзiмiр Гусакоў.

Падчас вiзiту ў нашу краiну кітайскія навукоўцы наведаюць 5 навуковых устаноў НАН: гэта Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава, Інстытут хіміі новых матэрыялаў, Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны», «Акадэмфарм» і Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава.

arteaga@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter