Достаточно ли «верить в душе», или Зачем ходить в костел?

Мы і Бог

Некаторыя вернікі ў адказ на пытанне, чаму яны не хо­дзяць у касцёл (царкву), адказваюць, што яны «вераць у душы» або «Бог і так у маім сэрцы». Што насамрэч стаіць за такімі адказамі і ці трэба наведваць месцы культу?


Часцей за ўсё за падобнымі адказамі стаіць духоўная лянота, жаданне апраўдаць адсутнасць духоўнага жыцця. Той, хто так кажа, наўрад ці ўвогуле практыкуе як-небудзь сваю веру — ні ў касцёле, ні ў сябе дома, ні дзе-небудзь яшчэ.

Як веруючыя людзі мы не можам адмаўляць таго, што Бог ёсць у сэрцы кожнага чалавека. Аднак Бог ёсць усюды: у нашым доме, аўтамабілі ці краме. Проста прызнаваць тое, што «Бог у маёй душы», мала. Бог хоча дастукацца да нашага сэрца, каб Яго прысутнасць магла ў ім праявіцца, быць дзейснай, хоча пабудаваць адносіны з чалавекам, а гэта немагчыма пры нашай пасіўнасці.

Самай важнай кнігай для хрысціян з’яўляецца Біблія, а сярод кніг Бібліі — Евангеллі. Калі мы лічым сябе хрысціянамі, то не можам адмаўляць таго, што запісана ў Пісанні, а там выразана сказана, што Хрыстос захацеў заснаваць касцёл (царкву), і гэта яшчэ адзін аргумент, каб хадзіць у касцёл. Не прымаючы Пісання ці прымаючы яго выбарачна, мы не да канца з’яўляемся хрысціянамі. Калі б касцёл (царква) не быў бы Божай справай, то ён бы не праіснаваў столькі стагоддзяў.

Можа, мы не асацыіруем сябе з касцёлам (царквою), таму што ўспрымаем яго як рэлігійную і дабрачынную арганізацыю, а не як сям’ю веруючых. Як часта ў нашых касцёлах ці цэрквах мы адчуваем сябе ананімнымі веруючымі, якія прыходзяць туды як у тэатр ці бібліятэку, каб палепшыць настрой ці атрымаць задавальненне. У тэатры нам неабавязкова ведаць, хто ся­дзіць побач з намі, чым яны жывуць, але так не можа быць у выпадку касцёла. Магчыма, мае першыя крокі ў касцёл пачнуцца з таго, каб пазнаёміцца і пасябраваць з тымі, хто «жыве» касцёлам, калі гэта людзі без сектанцкага ці фанатычнага спосабу мыслення. 

У нашым грамадстве цяпер пераважае імкненне да індывідуалізму. Нам хочацца думаць толькі пра сябе і сваё бліжэйшае акружэнне. Індывідуалізм пераважае і ў спробах будаваць адносіны з Богам. Пісанне ж прадстаўляе іншае бачанне веруючага чалавека, дзе ёсць не «я і Бог», а «мы і Бог», а гэтае «мы» і ёсць касцёл. Хто думае толькі аб сабе і аб выратаванні толькі сваёй душы, жыве асацыяльна. Трыадзіны Бог па сутнасці Сваёй «сацыяльны», Ён сам ёсць супольнасць, вечная ўзаемная любоў. Па падабенстве Божаму і чалавек прызначаны для ўзаемаадносін, абмену, удзелу і любові. Мы адказныя ­адзін за аднаго.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter