Музыка і песні на ўсе часы

Новы 22-і сезон, бадай, раней за іншыя музычныя калектывы пачынае Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста нашай краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі Саюзнай дзяржавы прафесара Міхаіла Фінберга. І адразу шэраг вялікіх канцэртаў ў гарадах Беларусі: Салігорску, Наваполацку, Мазыры... Спецыяльную праграму падрыхтаваў знакаміты калектыў і да юбілею БелАЗа. А 7 верасня — новая сустрэча ў Тураве, на музычным свяце, якое сёлета прысвечана творчасці Дуніна-Марцінкевіча.Чым яшчэ будзе адметны новы сезон для заслужанага калектыву аркестра? Гэта пытанне “НГ” адрасавала маэстра Міхаілу ФІНБЕРГУ.

— Колькасцю новых праграм і нават нараджэннем новага фестывалю — фестывалю аднаго аркестра, — адказаў ён. — На працягу тыдня жыхары і госці Мінска змогуць слухаць і глядзець праграмы рознастылявыя і рознажанравыя. А яшчэ тым, што ўсю сваю напружаную працу мы прысвячаем 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, да гэтай даты рыхтуецца і спецыяльны праект — “Песні ваенных гадоў”.
— Міхаіл Якаўлевіч, даўно вядома, што вашаму аркестру падуладна ўсё: джаз і папулярная песня, класіка і найскладанейшыя сучасныя партытуры. Чаму аддасце перавагу ў новым сезоне?
— Якраз усяму гэтаму. На фестывалях у малых гарадах краіны будзе гучаць камерная музыка. У мінулым сезоне такіх фестываляў было дзесяць. А яшчэ мы далі ва ўсіх куточках Беларусі 120 канцэртаў папулярнай музыкі, у тым ліку і ў ходзе акцыі “Мы — беларусы!”. Як бачыце, і новы сезон пачынаем менавіта з такіх канцэртаў. Мы падрыхтавалі 23 новыя праграмы ў мінулым сезоне, у якіх перапляліся класіка і сучаснасць, сусветна вядомая музыка і нацыянальная, беларуская. А сёлета будзем ладзіць другі фестываль “Шлягер на ўсе часы”, правядзём 20-ы фестываль “Джаз”, на якім адзначым 70-годдзе беларускага джаза. Спецыяльныя праграмы з цыкла “Славутыя імёны Беларусі” прысвецім творчасці беларускіх кампазітараў: Яўгену Глебаву — да яго 80-годдзя, Мікалаю Чуркіну — да 140-годдзя, а таксама памяці Генрыха Вагнера і паэта Адама Русака. Канцэрты і праграмы будуць прысвечаны музыцы беларускага кіно, 80-годдзю вялікага сябра Беларусі і нашага аркестра кампазітара Аляксандры Пахмутавай, памяці Ганны Герман і Міхаіла Таніча.
— Мабыць, такая напружанасць у рабоце і не дазваляе вашым музыкантам і спевакам задавальняцца дасягнутым, прымушае іх рухацца наперад, расці... І гэта не могуць не адзначаць тыя, каму пашчасціла трапіць на праект “Шлягер на ўсе часы” з каментарыямі Святаслава Бэлзы ці на серыю канцэртаў, прысвечаных нашай арміі. Наталля Тамела з цудоўнай праграмай з песень Эдзіт Піяф, Дзмітрый Качароўскі з песнямі Валерыя Абадзінскага...
— Самаадданасць і служэнне музыцы — гэта крэда нашага аркестра. А высокая мастацкая вартасць — умова, пры выкананні якой толькі і можа з’явіцца на свет наша новая праграма.
— А ці абновіцца сам калектыў аркестра ў новым сезоне?
— Па традыцыі мы працуем толькі з музыкантамі высокага кшталту, а таму аркестр папаўняецца за кошт толькі выпускнікоў Беларускай акадэміі музыкі. Сёлета адразу некалькі чалавек сталі музыкантамі Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. Чаго яны вартыя, убачыце ўжо хутка самі.
— Чытачы і супрацоўнікі “Народнай газеты”, якая даўно з’яўляецца інфармацыйным спонсарам аркестра, жадаюць вам, Міхаіл Якаўлевіч, і ўсяму калектыву плённага творчага сезона.
— Вялікі дзякуй!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter