Музыка іх звязала

Ала Башкірава — выкладчыца музыкі ў Ганцавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Шукаць і знаходзіць сярод дзяцей таленты — яе прызванне
Два разы на тыдзень Ала Башкірава адольвае шлях з Баранавічаў у Ганцавічы і назад. Жыве ў адным горадзе, а працуе ў іншым. Яна — выкладчыца музыкі ў Ганцавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Шукаць і знаходзіць сярод дзяцей таленты — яе прызванне.

Але яшчэ адно прымушае пенсіянерку кожны раз садзіцца на цягнік і ехаць ў іншы раён: “Калі чалавек сыходзіць на пенсію, ён па­чынае думаць толькі пра свае болькі. А праца адцягвае ўвагу ад праблем”.

Па маршруце Баранавічы — Ганцавічы Ала Аляксандраўна курсіруе ўжо 7 гадоў. І гэта не першы ў яе жыцці вопыт педагагічных ваяжоў:

— Ужо падчас вучобы на 4-м курсе Мінскага вучылішча імя Глінкі я пайшла выкладаць у школу: спачатку ў мінскую, а потым — ва Узду. Там патрэбен быў настаўнік сальфеджыа ды ігры на акардэ­оне. Разам з дзецьмі асвоіла акардэон. А потым дырэктар прапанаваў яшчэ і хор весці. Мне было тады ўсяго 19 гадоў.

Усё паспявала. І той запал застаўся дагэтуль.

Для Алы Башкіравай няма безгалосых людзей. Яна ўпэўнена, што добры педагог зацікавіць музыкай нават таго, хто не любіць спяваць:

— Я вучу не толькі ігры на фартэпіяна і спеву, але і асновам музычнай культуры. Дзеці даведваюцца пра імёны сусветных кампазітараў. Расказваю і пра беларусаў — Чуркіна, Аладава, Смольскага, Помазава, Дарохіна, Гарэлаву, Мурашку... Мне хочацца, каб моладзь ведала, з чаго ў розныя часы здабывалі гукі. Каб нагадаць пра савецкую мінуўшчыну, я прывезла з дому прайгравальнік і стаўлю пласцінкі.

— Кажучы пра старажытныя часы, пра такіх асоб, як Станіслаў Манюшка, Міхал Клеафас Агінскі, да якой культуры вы іх далучаеце — нацыянальнай або замежнай?

— Музыка не мае нацыянальнасці, яна мае стылі — барока, класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, джаз... Але, вядома ж, мы павінны ганарыцца, што Міхал Клеафас Агінскі, аўтар неўміручага паланэза “Развітанне з Радзімай” — і наш суайчыннік. Летась мы правялі канферэнцыю, прысвечаную земляку, на якой называлі яго “беларускім, польскім і літоўскім кампазітарам”.

Сваім настаўнікам Ала Башкірава лічыць народную артыстку Людмілу Яфімаву, яркага прадстаўніка ленінградскай школы харавога дыры­жыравання. Яфімава больш за 20 гадоў працавала выкладчыцай Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі, а ў 1987 годзе ўзначаліла Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Шырмы.

Але сама спадарыня Башкірава не імкнулася да кар’ерных дасягненняў. І вось чаму:

— Я не засталася ў Мінску, вярнулася ў Баранавічы. Лічыла, што павінна быць побач з бацькам — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, які шмат зрабіў для таго, каб я атрымала адукацыю.

— А ці не адчувалі ніколі, што жывяце ў культурнай правінцыі?

— Не было нават такой думкі. Ведаеце чаму? Мы заўсёды шмат выступалі на пляцоўках горада, у іншых школах, вайсковых часцях. Я нават маю нагрудны знак “За культурнае шэфства над Узброенымі сіламі”. Праўда, тады ўсё гэта было бясплатна. Сёння жывём па-іншаму: вучымся зарабляць. Але па-ранейшаму шмат выступаем, даём канцэрты, музычныя вечары. Плата сімвалічная, а людзі ўсё роўна ідуць — у Ганцавічах, Ляхавічах, Баранавічах. Правінцыя — гэта там, дзе няма культуры. А ў нас культура ёсць, бо мы яе самі ствараем.

Што хаваць, пашанцавала Але Аляксандраўне і з дырэктарам Ганцавіцкай школы, дзе яна працуе — Валерыем Марцінкевічам, які грае на баяне, кіруе народным ансамблем, піша музыку.

Творчая і добразычлівая атмасфера ў калектыве — моцны стымул, каб прыязджаць на працу, нават здалёку.

А зарплата — наколькі яна важная для пенсіянера? Ала Башкірава не хавае, што да яе пенсіі заробак у школе — цалкам прыстойны даважак, каб не адпачываць, а працаваць. І ўсё ж галоўнае — натхненне. Цяпер Ала Аляксандраўна збіраецца пераязджаць на сталы побыт у адну з вёсак Мінскага раёна. А значыць, у наступным навучальным годзе ўжо будзе працаваць у іншай школе. Бо сядзець на прызбе не можа сабе дазволіць:

— Нават калі не будзе месца ў школе, арганізую ў сябе дома музычны салон. Я ўжо ўяўляю, як ён будзе выглядаць: прыгожыя фатэлі, фартэпіяна, а над ім — партрэт Агінскага...

Віктар Корбут


Калі заняткі даспадобы


“Сяброўкі ўвесь час пытаюцца, ці цікава мне хадзіць у музыкалку, і просяць ім што-небудзь сыграць”, — паводле гэтага водгуку адной з выхаванак Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў відавочна, што для яе вучоба — гэта і праца, і гонар. Вось што яшчэ расказалі вучні Алы Башкіравай пра тое, чаму ўзяліся пазнаваць асновы музычнай культуры.

1 клас, Наташа Саладкова:

— Я калі захварэю, пайграю на піяніна, і адразу лепш становіцца.

2 клас, Крысціна Блінкоўская:

— Я жыву далекавата ад школы — на самай ускраіне Ганцавічаў. Але вучуся я для сябе і з задавальненнем хаджу на ўрокі. Больш за ўсё люблю пісаць прыгожа скрыпічныя ключы і ноты.

3 клас, Аліса Уласава:

— Аднойчы па тэлебачанні ўбачыла выступ піяністаў, і мне таксама так заха­целася сыграць! У занятках музыкай мне падабаецца тое, што замест залікаў і кантрольных работ праходзяць канцэрты. А нядаўна я пачала хадзіць на ўрокі гітары. Мой тата добра валодае гітарай, я ж хачу навучыцца іграць яшчэ лепш.

Насця Мелехавец:

— Сальфеджыа — мой улюбёны прадмет. Музыка дапамагае мне развіваць памяць. А яшчэ я люблю матэматыку.

Жэня Баранец:

— У 2-м класе прыйшла настаўніца адбіраць дзяцей у музычную школу. Я запісаўся на скрыпку, не ведаючы, што гэта самы цяжкі інструмент. Але мне ён вельмі падабаецца.

5 клас, Саша Рылко:

— У музычную школу мяне прывяла мама, бо яна сама вучылася ў музыкалцы. А мой дзядуля іграе на баяне, і самая любімая ў нас песня — вальс для баяна “На сопках Маньчжурыі”.

Алеся Палячок:

— Я вырашыла звязаць сваё жыццё з музыкай і стаць настаўніцай фартэпіяна, навучыць іграць іншых.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter