Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выстава да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы адкрылася ў літоўскай Клайпедзе

Музыка для “Паўлінкі”

Экспазіцыю, што расказвае пра няпросты творчы і жыццёвы лёс Песняра, прадставіў старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з Мінска Павел Каралёў. Адкрыццё выставы ў Клайпедзе стала вялікай культурнай падзеяй для ўсіх беларусаў горада. Сябры беларускай суполкі “Крынiца” Алена Валочка ды Ірына Мількоўская чыталі на імпрэзе любімыя вершы паэта, вытрымкі з яго паэм, артыкулаў. Выступ быў вельмі шчырым, поўніўся гонарам за нашага знакамітага земляка. Слухаючы іх, многія прыгадалі знаёмыя са школы творы.


Здзівіў прысутных Алег Зіноўеў, старшакласнік адной з клайпедскіх школ. Хлопец прачытаў на памяць першы верш Янкі Купалы “Мая доля”, напісаны яшчэ ў 1904 годзе на беларускай мове.

Выдатна ўпісалася ў паэтычную атмасферу свята й  выступленне салістак вакальнага ансамбля “Купалінка” пад кіраўніцтвам Валянціны Снігур. Спявачкі выканалі песні на вершы Янкі Купалы. Пранікнёна і кранальна праспявала песню “Явар і каліна” Зінаіда Плышэўская.

Дарэчы, дзякуючы матэрыялам выставы было лёгка знайсці ўскосную сувязь Янкі Купалы з Клайпедай: пры пастаноўцы спектакля паводле ягонай першай п’есы “Паўлінка” ў Вільні ў 1913 годзе музыку да яе напісаў кампазітар Стасіс Шымкус. А якраз яго імя цяпер носіць кансерваторыя Клайпеды.

Пад час сустрэчы Павел Каралёў адказаў на шматлікія пытанні слухачоў пра сям’ю Янкі Купалы, ягоных сяброў, лёс Купалаўскіх твораў, захаванне літаратурнай спадчыны Песняра. 

Адкрывалася выстава ў цёплай сяброўскай абстаноўцы. Шчырая гутарка з мінскім госцем, аповеды пра жыццё Песняра, прыгожыя песні на яго вершы сагрэлі сэрцы прысутных.

Наталля Дамненка, намесніца старшыні суполкі “Крыніца”, г. Клайпеда, Літва 

Голас Радзімы № 42 (3546), чацвер, 2 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter